«Святло ад святла, ісціна ад ісціны, кроў ад крыві, боль ад болю»
Мастак Юрый Цімафееў робіць відэа-перфомансы, якія збіраюць мільёны праглядаў з усяго свету. Але ці ведаеце вы, што створаны яны на аснове падзей, якія адбываюцца ў Беларусі?
Відэа пад назвай «Actions Against the Wall» («Дзеянне супраць сцяны») набрала менш чым за месяц каля 30 млн праглядаў: 26 млн на YouTube і яшчэ каля 4 млн — на Tiktok (відэа двойчы было забанена, таму, магчыма, што праглядаў было б яшчэ больш).
Вось які каментар пакінула пад відэа перформер-суполка «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk»:
«Гэтым відэа мы распачынаем арт-праект «Actions Against the Wall», да якога запрашаем далучыцца пэрформераў з усяго свету. Па сутнасці, тое, што адбываецца сёння ў Беларусі — гэта не палітычны канфлікт, які прадугледжвае супрацьстанне розных светапоглядаў. Гэта барацьба грамадства супраць жалезабетоннага мура дзяржаўнай сістэмы, [...] барацьба кожнага за права быць жывой асобай, а не another brick in the wall».
Нельга не звярнуць увагу на ўдзельнікаў перфомансу: Ілья Сін — вядомы беларускі пісьменнік, удзельнік творчага руху «Бум-Бам-Літ», лаўрэат прэміі Ежы Гедройца (2019), Павел Вайніцкі — скульптар, мастак, кандыдат мастацтвазнаўства, адзін з аўтараў скульптуры «Непакароная» ў Хатыні і іншых.
Іншыя відэа на канале не маюць столькі праглядаў, але я таксама раю іх паглядзець. Напрыклад, відэа «Ільдзяная маска» з удзелам таго ж самага Ільі Сіна.
Вось што піша Ілья Сін пра гэты перфоманс:
«Маска — спосаб дэпрывацыі, магчымасьць адасобіцца ад траўматычнага навакольнага асяроддзя, адчуць сябе ў бяспецы — нават калі агонь зусім блізка. Але з іншага боку непазбежныя і выняткі — ты ня можаш чуць, бачыць, ды і твар губляе абрысы».
Некалькі дзён таму на канале Юрыя Цімафеева з’явілася відэа з назвай «Апошняе пакаянне». Пад ім подпіс аўтара: «Святло ад святла, ісціна ад ісціны, кроў ад крыві, боль ад болю». Юрый Цімафееў кажа, што складана дадаць нешта яшчэ да гэтых словаў, хіба што: «Не позна яшчэ пакаяцца».
Думаю, што, узгадаўшы апошнія падзеі, не цяжка здагадацца, чаму прысвечана праца.
Вы можаце падтрымаць арт-праект «Actions Against the Wall», падпісаўшыся на канал на YouTube.