Рыхтуецца да выдання кніга «Леў, вядзьмарка і гардэроб» па-беларуску!

Адна з найбольш прадаваных у свеце кніг рыхтуецца да выдання па-беларуску. Гэта «Леў, вядзьмарка і гардэроб», якая ўваходзіць у створаны брытанскім пісьменнікам Клайвам Льюісам цыкл «Хронікі Нарніі».

chronicles.jpg

Кніга была надрукаваная ў 1950 годзе, і з таго часу стала любімым чытаннем мільёнаў дзяцей па ўсім свеце.
Выхад беларускага перакладу плануецца ў заснаванай Андрэем Кімам і Аляксеем Шэіным серыі «Добрая кніга», у якой ужо пабачылі свет «Маленькі Прынц» А. дэ Сэнт-Экзюперы і першая з «Хронік Нарніі» аповесць – «Пляменнік чараўніка».
«Леў, вядзьмарка і гардэроб», напэўна, другая па важнасці кніга ў маім жыцці, – адзначае перакладчык Андрэй Кім. – З дзяцінства, адкапаўшы яе ў закінутай купе кніжак, я перачытваў гэтую казку мо тузін разоў. Гэтая кніга, як і ўся серыя “Нарніі”, моцна паўплывала на фармаванне мяне як асобы; патлумачыла дзіцяці пра дабро і зло; пра тое, што за дабро трэба змагацца; пра тое, што, нават калі зло здаецца мацнейшым, праўда заўжды пераможа».
«Хронікі Нарніі» – залатая класіка брытанскай літаратуры. К.С. Льюіс разам з Дж. Р.Р. Толкіным (трылогія «Уладар пярсцёнкаў») лічацца заснавальнікамі і найлепшымі прадстаўнікамі жанру фэнтэзі.
Правы на кнігу і ілюстрацыі мастачкі Паўліны Бэйнс набытыя ў выдавецтва HarperCollins. Вокладку ствараў адзін з лепшых беларускіх ілюстратараў Раман Сустаў.
На платформе «Талака» абвешчаны збор сродкаў на выданне беларускага перакладу. Той, хто ахвяруе 14 рублёў, атрымае саму кнігу (і гэта будзе нашмат танней, чым потым купіць у краме). За 24 рублі можна будзе атрымаць гэтую кнігу плюс яшчэ «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка», якая выйшла летась. За большыя сумы падтрымкі ініцыятары выдання абяцаюць больш розных падарункаў.
Падтрымаць праект і заказаць кнігу па меншым кошце можна тут.
Але трэба паспяшацца: да заканчэння збору засталося 3 дні!
Паводле budzma.by