Рукапісы не гараць, а арыштоўваюцца? У «спіс экстрэмісцкіх выданняў» дадалі адразу 12 кніг
Улада праводзіць чарговую рэвізію гісторыі, і першымі ад яе пакутуюць кнігі. Паводле звестак праваабаронцаў, адразу 12 кніг па гісторыі ўнесеныя ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Перад Новым годам Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пастанавіў правесці «чысткі» кніжных крамаў на прадмет «шкоднай літаратуры». І распараджэнне гэтае тут жа памчаліся выконваць: усё, што не адпавядае «лініі партыі», вымаецца з дзяржаўных кнігарняў. Па ўсім відаць, на гэтым памагатыя рэжыму спыняцца не збіраюцца. Як стала вядома праваабаронцам, 9 студзеня так званы «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніўся ажно дванаццаццю новымі пазіцыямі. І ўсё гэта — кнігі па гісторыі:
«Беларусь превыше всего!: (О национальной беларусской идее)», Анатоль Тарас;
«Год 1942 — учебный», Уладзімір Бешанаў;
«Забытая Беларусь», Вадзім Дзеружынскі;
«Запiсы таварыства аматараў беларускай гiсторыi iмя Вацлава Ластоўскага. Выклiкi "рускага свету" i Беларусь. Выпуск. 6», Анатоль Тарас;
«Большая кровь: Как СССР победил в войне 1941 — 1945 гг.», Сяргей Захарэвіч;
«Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусi ў часы вайны (1941 — 1944 гг.)», Леанід Лыч;
«Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», Анатоль Тарас;
«Праблемы гуманiтарнай бяспекi Беларусi: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
«Тень Победы», Віктар Сувораў;
«Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси», Анатоль Тарас;
«Трансфармацыi ментальнасцi беларусаў у XXІ ст. — Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
«Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе», Алег Усачоў.
Раней былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» кнігі Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст.» і «Беларусь на распутье», навуковая манаграфія Святланы Казловай «Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне» і інш.
Яшчэ раней «экстрэмісцкімі» ў Беларусі сталі: кніга геральдыста Віктара Ляхара «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета», прысвечаная ваеннай сімволіцы ў Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды; «Айчына: Маляўнiчая гісторыя» Уладзіміра Арлова — кніга па гісторыі Беларусі для дзяцей і падлеткаў; антыўтопія Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», «Беларуская нацыянальная ідэя» аўтарства Змітра Лукашука і Максіма Гарунова і «Балада пра маленькі буксір» Іосіфа Бродскага.
Які лёс чакае забароненыя і вынятыя кнігі, пакуль застаецца пытаннем.