«Паветра прагрэлася беларускімі сэрцамі». У Вільні выступіла «Крама»
Пасля пяцігадовага перапынку рок-гурт «Крама» вяртаецца на сцэну з гастрольным турам. Першы канцэрт прайшоў 11 ліпеня ў Літве. Адданыя слухачы, якія нядаўна не прапускалі ніводнага канцэрту ў Беларусі, цяпер сабраліся ў бары «Пагоня» ў Вільні. Камерная атмасфера канцэрта часам нагадвала кватэрнік, дзе ўсе даўно ведаюць адзін аднаго.
Да пачатку канцэрта слухачы абмяркоўваюць, калі апошні раз быў жывы канцэрт гурта. Аказваецца, яшчэ ў 2019 годзе — на юбілейным фестывалі беларускай музыкі «Басовішча» ў Польшчы. Потым быў ковід, які замарозіў усе выступы артыстаў, а следам — палітычны крызіс, які расцягнуўся на доўгія чатыры гады.
«За мяжой асабліва шануеш, што можна паслухаць «Краму» ўжывую»
Цяпер нават цяжка ўявіць, каб улады далі дабро на канцэрт «Крамы» хаця б у клубе, прызнаецца ў размове з DW прыхільнік рок-гурта Зміцер, ён прыехаў у Вільню з Мінска. «Калі хочаш паслухаць нармальную музыку, трэба выехаць з краіны: у Літву, Польшчу, — тлумачыць ён. — Нават калі музыкі яшчэ не эмігравалі, ніхто не дазволіць ім выступаць. Вазьміце хоць «Краму», хоць Макса Каржа».
Лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч, пачынаючы канцэрт, распавёў, што апошні раз выступаў у Літве яшчэ ў 1986-м, на адным з фестываляў. «Мы яшчэ тады не нарадзіліся!» — адгукнуліся на гэта некаторыя фанаты. «Мы вырашылі перапыніць паўзу і ўсё ж такі дабраліся да вас, каб парадаваць не толькі хітамі і песнямі з апошняга альбома, але і некалькімі новымі песнямі», — узрадаваў Варашкевіч слухачоў.
«Гэта быў першы беларускі-гурт, пра які я даведаўся, — прызнаецца Уладзімір, які раней не прапускаў ніводнага канцэрту ў Беларусі. — І хоць у Беларусі мы з сябрамі заўсёды хадзілі на выступы, апынуўшыся за мяжой, асабліва шануеш, што можаш паслухаць «Краму» ўжывую, а не проста ў машыне па дарозе на працу».
«Крама» вядзе сваю гісторыю з 1991 года. Гурт неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх беларускіх і міжнародных фестываляў. Хіты «Бяжы, хлопец», «Будзь разам з намі», «Гэй, там, налівай!», «Камендант», «Падае дождж» і «Што дапаможа нам» сталі класікай беларускай рок-музыкі. Гурт выпусціў дзевяць альбомаў, апошні — «Зацьменны блюз» — у 2021-м. Паводле слоў лідара «Крамы» Ігара Варашкевіча, цяпер ідзе праца над новым альбомам, гатовыя ўжо шэсць песень.
«Здаецца важным захаваць сувязь з родным»
І хоць музыкі не бачыліся са слухачамі доўгія пяць гадоў, тыя адразу ж падхопліваюць знаёмыя песні. «Я гляджу, вы і самі можаце спяваць!» — радуецца Варашкевіч. З першых хвілін склалася атмасфера вельмі ўтульнага канцэрта, дзе, здаецца, усе даўно ведаюць адзін аднаго, дзе побач прытанцоўваюць і тыя, хто памятае Варашкевіча яшчэ маладым, і тыя, хто даведаўся пра яго ўжо ў эміграцыі.
«Удалечыні ад дома асабліва шануеш, калі з канцэртамі прыязджаюць беларусы, — прызнаецца Алеся, апошні раз у Беларусі яна была два гады таму. — Дома, можа быць, я б не на кожны канцэрт пайшла, але ў Літве, як толькі бачу, што выступаюць нашы, адразу бяру білет. І ў нас нават сабралася невялікае кам'юніці тут, цяпер разам, з дзецьмі, ходзім на ўсе мерапрыемствы. Не ведаю, ці зможам мы вярнуцца ў Мінск, але здаецца вельмі важным захаваць сувязь з родным».
11 ліпеня стаў трагічным днём у гісторыі Беларусі, год таму ў гэты дзень стала вядома пра смерць вядомага мастака Алеся Пушкіна. Ён памёр, будучы палітвязнем у гродзенскай турме. Улады афіцыйна не каментавалі сітуацыю, праваабаронцы адзначалі, што Пушкіна катавалі і не аказвалі яму належную медыцынскую дапамогу. «Я хачу прысвяціць песню Алесю, з якім сябраваў яшчэ з часоў інстытута, — сказаў са сцэны Ігар Варашкевіч. — «Я не бачу сонца, мама. Чорны месяц хавае яго».
«Мы яшчэ вернемся!»
«Паветра прагрэлася беларускімі сэрцамі!» — жартавалі слухачы пра гарачую атмасферу летняга вечара. «Спадзяюся, мы прывезлі вам кавалачак беларускай зямлі. Прапануем падарожжа ў цудоўнае мястэчка Фаніпаль», —адгукаўся Варашкевіч і зацягваў новую песню. А ў залі адзін за адным паўтаралі свае родныя гарады: Слуцк, Мінск, Гомель.
Далей былі лацінскія танцы на беларускі лад пад «Хавайся ў бульбу» і задуменныя погляды пад «Шлях праз багну — волі прагну».
«Мы хадзілі на канцэрты «Крамы» з калегамі па працы, — падзялілася Наталля, яшчэ ў 2020-м яна пакінула Беларусь, баючыся пераследу. — Сёння некаторыя мае былыя калегі-у зняволенні. І вось я ўвесь канцэрт думала, што б яны сказалі, адчулі тут сёння. Вельмі захацелася падзяліцца з імі эмоцыямі хоць бы ў лісце. Абавязкова напішу. Іх, вядома, не перададуць, але я захоўваю копіі, каб пераслаць ім, калі яны выйдуць на волю».
«Мы яшчэ вернемся!» — паабяцаў
са сцэны Варашкевіч. Наперадзе ў «Крамы» — гастролі
ў Польшчы.