«Крамбамбуля» спела пра «Партызанаў каляднага лесу» (відэа!)
«Крамбамбуля» прадставіла новую песню і кліп «Партызаны каляднага лесу». Такім чынам музыкі яшчэ раз анансуюць свой вялікі канцэрт у мінскім Prime Hall 21 снежня, дзе прагучаць лепшыя песні гурта і чакаецца канцэптуальнае сцэнічнае шоў.
Лявон Вольскі кажа, што гэта песня пра людзей, якія займаюцца даўншыфцінгам:
«Якія сышлі ад рэчаіснасці ў міфічны калядны лес, у якім чамусьці няма нават інтэрнэту, якія не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, якія ўвогуле незразумела, чым займаюцца — змагаюцца з уяўным ворагам, якога, можа быць, і не існуе».
У нядзелю 17 снежня аматараў гурта таксама чакае адмысловы гарадскі квэст ад гульнявой прасторы Quvalda. Удзельнікі будуць вандраваць па Мінску і адгадваць зашыфраваныя ў загадках месцы і аб'екты, звязаныя з творчасцю "Крамбамбулі" і Лявона Вольскага. Усе ўдзельнікі напрыканцы сустрэнуцца з Лявонам і музыкамі гурта, атрымаюць падарункі. Галоўны прыз — квіткі за столік на канцэрце 21 снежня.
Рэгістрацыя і ўмовы: https://goo.gl/wPhNtg.
Паводле euroradio.fm