Гурт VOLSKI у Раство выпусціў альбом «Лісты палітвязням»

«Мы дорым нашым палітзняволеным на Каляды цэлую нізку лістоў — гэты альбом. І спадзяемся, што вы таксама падтрымаеце нашых бязвінна асуджаных людзей — лістамі, увагай, цеплынёй… І тады вялікі цуд, пра які марыць кожны беларус, нарэшце, здзейсніцца» — напісаў Лявон Вольскі ў сваіх сацыяльных сетках

413909198_893655375464193_7733749374493100283_n.jpg

«Калі чалавеку здаецца, што ён можа быць убаку ад тэмы палітзняволеных, то яму гэта насамрэч здаецца, бо ніхто не застрахаваны ад такога лёсу. Ёсць безліч прыкладаў, калі “людзі не цікавіліся палітыкай”, а палітыка зацікавілася імі сама. Таму лепш адразу зразумець, у якой рэчаіснасці мы знаходзімся. Зараз трэба рабіць усё магчымае, каб гэты перыяд як мага хутчэй скончыўся: усе бязвінна асуджаныя выйшлі на волю, а тыя, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, занялі тое пачэснае мейсца, якое ім належыць — на лаве падсудных», — цытуе Вольскага «Радыё Свабода».

Альбом можна слухаць на 6 папулярных пляцоўках. У ім 12 песень-лістоў. Песні з «Лістоў палітвязням» — пік аднайменнага грамадска-палітычнага праекту, што ў верасні 2023 году распачалі гурт VOLSKI сумесна з ініцыятывамі Палітвязынка і Dissidentby.

Глядзіце таксама

На твор «Чакай мяне», які мае прысвячэнне ўсім палітзняволеным, зняты кліп. Песня праспяваная вуснамі палітзняволеных. У відэа знялі 31 беларуса з ліку палітвязняў, якія вызваліліся. Сярод іх — Леанід Судаленка, Алег Груздзіловіч, Вольга Рытус, Кіра Баярэнка ды іншыя.

Паводле праваабаронцаў, палітвязняў у краіне каля 1500 чалавек. Аднак неафіцыйная колькасць ахвяр палітычных рэпрэсій нашмат шырэйшая.

Глядзіце таксама