«Гісторыя — як глеба пад нагамі». Чаму пра мінуўшчыну беларусаў гавораць іншыя?
Беларуская гісторыя — шмат у чым «белая пляма» для свайго народа. У нас амаль няма грунтоўных прац і выданняў, якія расказалі б беларусам, хто мы такія і які шлях прайшлі. Чаму так здарылася?
«Што пачытаць па беларускай гісторыі?» — такое пытанне чую апошні дзясятак гадоў. А сапраўды — што? Добра, цяпер ёсць гістарычны кантэнт на ютубе, таму можна параіць канал(ы) — глядзі, адукоўвайся. А калі чалавек хоча сягаць глыбей за папулярныя ролікі? А што чытаць стваральнікам гэтых ролікаў?..
Піша на «Будзьме»Алесь Кіркевіч — пісьменнік і публіцыст, сцэнарыст гістарычнага відэапраекта «Трызуб і Пагоня».
За якую тэму не вазьміся — няма цэльнай працы ці прац, якія б раскладалі ўсё па палічках. Паўстанне 1863 года? Няма. Біяграфія Касцюшкі? Няма. Гісторыя Полацкага княства — няма. Прынты на цішотках ёсць, а распісанай гісторыі — няма.
Па выніку, чытай або школьны падручнік, або — пералапачвай горы спецыялізаванай літаратуры: мемуары, перапіску, даследаванні вельмі лакальных кейсаў. Нічога канцэптуальнага ці фундаментальнага. Не кажучы пра якасную папулярную літаратуру.
Тут рэзкі кантраст з рэаліямі нашых суседзяў: палякаў, украінцаў, літоўцаў ды нават, даруй Госпадзе, расійцаў... Заходзь у кнігарню — і балдзей. Табе цікавы Пілсудскі? Калі ласка. Біяграфіі на любы густ, тамоў з дваццаць дакументаў у цвёрдай вокладцы, асобна кнігі пра жанчын ці аўтамабілі польскага лідара... Ва ўкраінцаў яшчэ на пачатку нулявых была праблема з чытэльнай гістарычнай літаратурай, але цяпер гэта мора без берагоў. Не толькі пра УПА, але і пра Русь, Казаччыну, русінскую шляхту — бездань.
Пра Оршу-1514 — шукай пераклады з польскай...
Калі казаць пра беларускі кейс, то я не ведаю такой эпохі, якая ў нас была б распрацаванай і чытэльна апісанай. Найбольш пашчасціла, хіба, перыяду ВКЛ: тут Краўцэвіч і Ермаловіч. Хоць нешта. Кнігі Урбана ці Пануцэвіча пра вытокі Літвы — хутчэй здагадкі ці корпус ідэй. Усё астатняе — гэта артыкулы ў навуковых зборніках, публікацыі, выступы на канферэнцыях.
Біяграфіі Вітаўта, Кейстута, Ягайлы — няма.
Асэнсавання Крэўскай уніі — няма.
Грунвальд (не кажучы пра тэўтонаў як асобны кірунак) — няма.
Дарагое нам XVI стагоддзе, «Залаты век» — нічога цэльнага.
Люблінская унія — тое самае...
Калі хочаш нешта пачытаць пра Оршу-1514, біяграфію князя Аляксандра ці акалічнасці казаччыны ў Беларусі 1640-х — шукай пераклады з польскай на беларускую. Дзякуй Валеру Булгакаву, але гэта не нацыянальная гістарыяграфія. Сваіх аўтарскіх кніг — няма.
Перыяд Полацкай дзяржавы, якая «наша ўсё», яшчэ больш туманны. Добра, што мы памятаем Усяслава Чарадзея, але дзе пра яго пачытаць?.. Бітва на Нямізе — знакавая для краіны і яе сталіцы, Менска — змясцілася ў невялічкую брашурку Плавінскага «на два кубкі кавы» — дзякуй на гэтым. Пра перыяд да Полацкага княства можна сарамліва прамаўчаць. Тут апісальныя працы археолагаў, але ніякай цэльнай гісторыі: хто, калі, куды прыйшоў, як жыў і з кім ваяваў. А галоўнае — як мы звязаныя з гэтымі плямёнамі «зарубінцаў» ці «вельбарцаў», хто яны нам?
Ідзем далей: ХІХ стагоддзе, час нацый. Што нам пачытаць пра паўстанне Каліноўскага? Публікацыі ў краязнаўчых малатыражках, зборах архіўных дакументаў, некалі прац Змітра Мацвейчыка. Уявіце, што біяграфія Каліноўскага, «бацькі нацыі», у нас з’явілася зусім нядаўна: гаворка пра кнігу Васіля Герасімчыка. І тут аўтар нават не мае канкурэнтаў, якія б спрачаліся ці спрабавалі зрабіць лепей.
Носімся з партрэтамі тых, пра каго нічога не ведаем
Усё ХХ стагоддзе таксама выглядае як «ласкутная коўдра». Возьмем БНР. Дзякуючы Сяргею Шупу мы маем зборнік дакументаў у двух тамах, дзякуй! Але гэта не асэнсаванне феномена. Ёсць яшчэ папулярная праца Чарнякевіча, але чамусьці па-руску. Цэльная праца пра БНР належыць пяру... польскай аўтаркі — Дароты Міхалюк. Дзякуй, але дзе наш, беларускі погляд? Ці мы дагэтуль так і не зразумелі, што такое БНР?..
Пра цэльныя біяграфіі Ластоўскага, абодвух Луцкевічаў, Езавітава, Балаховіча і іншых — маўчу. Пашчасціла хіба Раману Скірмунту, бо Алесь Смалянчук займаўся яго асобай шмат гадоў і давёў справу да канца — да выдання. Нават «Слуцкі збройны чын» вядомы нам хіба па зборніку дакументаў і ўспамінаў, які даўным-даўно выдаваўся двойчы, на гэтым — усё. Не знайшоў — чытай «Вікіпедыю». Ці не чытай нічога, насі тэматычную цішотку.
Атрымліваецца, мы шануем тое, чаго не разумеем. Носімся з партрэтамі тых, пра каго амаль нічога не ведаем.
Што пачытаць пра міжваенную Заходнюю Беларусь? Пра Тарашкевіча, БСРГ, КПЗБ?.. Савецкія працы і агіткі — калі ласка. Мемуары Васіля Рагулі ці ліставанне Мар’яна Пецюкевіча... Усё гэта выйшла ў далёкіх 1990-х. А каб сабраць з гэтай мазаікі цэльную карціну — дык гэта жыццё можна пакласці. Смешна, але найбольш вычарпальная кніга па беларускім руху ў міжваенным часе — гэта «Кароткі нарыс беларускага пытання» — перакладзеная на беларускую тлумачальная праца для польскіх афіцэраў, якія з гэтым рухам тады змагаліся...
Нават перыяд Другой cусветнай, замуляны і перанасычаны згадкамі, у нас раскрыты вельмі ўмоўна. Агромністы корпус савецкай ідэалагізаванай літаратуры (ці макулатуры), ОК. Дзяржаўныя выданні, якія паўтараюць савецкія наратывы — ОК. Працы нямецкіх, польскіх, яўрэйскіх даследчыкаў — ОК. А дзе ж наш погляд?..
Дзякуючы Юрыю Туронку і Яўгену Мірановічу мы маем неблагія спробы цэльнага асэнсавання, але і тут аўтары — грамадзяне Польшчы, хай і беларусы. Як і Алег Латышонак, які паспрабаваў разабрацца ў вайсковасці БНР. Можа, беларус з Беларусі не здольны нарадзіць падобную працу?..
Гісторыкі — кам’юніці абраных?
Акадэмічныя гісторыкі могуць паспрачацца: у нас безліч усяго адкрываецца, пішацца, прагаворваецца! Новыя факты і веды назапашваюцца і недзе круцяцца, як віртуальныя дэпазіты. А калі чалавек не можа гэта адшукаць — ён «дурань»... (даруйце, чуў і такое). Па выніку атрымліваецца кам’юніці абраных, якія ведаюць, але не спяшаюцца сваімі ведамі дзяліцца.
Рэч у тым, што паспаліты чытач не абавязаны шукаць пдф-дакументы з дакладамі, зробленымі на нейкіх там канферэнцыях. Ён хоча кнігу — і не можа яе знайсці. Бо яе няма. Гэта тое самае, што ў рэстаране вам прапануюць самому пайсці на кухню і нешта сабе прыгатаваць: бо прадукты ж ёсць, гатуй!
Яшчэ адна праблема — манаполія на тэму. Умоўна, ёсць адзін чалавек — на ўвесь беларускі народ і на ўвесь свет — які ёй валодае. І ў лепшым выпадку нешта пра яе напіша ды яшчэ і выдасць. Наўпрост няма каму яго крытыкаваць, бо ніхто больш глыбока не валодае пытаннем. Калі пра готаў — гэта да Беляўца. Пра замкі — да Волкава. Пра вайсковасць ВКЛ — да Якубава. А паспрачаюцца з імі хіба замежныя калегі ў перапынку навуковай канферэнцыі.
Напрыклад, шмат было крытыкі да прац Віктара Ляхора, які займаўся гістарычнай уніфармістыкай — маляваў вайскоўцаў з нашай мінуўшчыны, выдаваў кінігі. Там сапраўды ёсць пытанні па змесце, але... хто яшчэ? Тым часам у палякаў ці ўкраінцаў даўно прамаляваныя іх гусары/казакі/гетманы/паўстанцы... — ты можаш уявіць, як яно выглядала. У нас — амаль нічога.
Гісторыя патрэбная, як глеба пад нагамі
Можна цалкам справядліва заўважыць: усё ўпіраецца ў дзяржаўную палітыку ды наяўнасць нацыянальна-арыентаванай дзяржавы як такой. Сённяшняя не заахвочвае пісаць гісторыю Беларусі, калі гэта не напісаныя на замову агіткі пра «генацыд» ці «герояў-партызанаў».
Шмат добрых гісторыкаў у вымушанай эміграцыі. Рэшта або маўчаць, або пішуць нешта паліткарэктнае: мезаліт і каменныя сякеры пакуль нікому не замінаюць. Няма і незалежнага кніжнага рынку, бо выдавецтвы закрытыя ды рэпрэсаваныя. Калі раней тое-сёе выдавалі ў Польшчы, Літве ці якім Смаленску, то цяпер гэтыя кнігі ў Беларусь нават не завязеш.
З іншага боку, гісторык у эміграцыі мае развязаныя рукі. Тут ужо ёсць выдавецтвы, якія надрукуюць, ды нават інстытуцыі, якія падтрымаюць фінансава. Ёсць попыт саміх эмігрантаў — значыць, кнігу можна прадаць. Той самы Вацлаў Ластоўскі, не будучы профі-навукоўцам, пісаў гісторыю, наноў адкрываў беларусам Пагоню, Оршу і ВКЛ у перыяд войнаў, рэвалюцый і вымушанай эміграцыі. Не «дзякуючы» — а «насуперак». Бо была патрэба часу і — цэлы народ «без гісторыі».
Сёння, як і ў часы Ластоўскага, гісторыя беларусам патрэбная, як глеба пад нагамі. Калі яе не напішуць беларусы, то напішуць іншыя — блізкія ці далёкія суседзі. І справа не толькі ў запыце на «герояў» і «перамогі», але і ў асэнсаванні: што, хто і калі зрабіў не так, дзе памыліўся ды — што рабіць, каб не паўтараць сваіх памылак.
Народ сам праходзіць свой шлях, але гісторык у дадзеным выпадку мае сваю опцыю штурмана. І ад таго, як ён выканае сваю працу, таксама нешта залежыць.