«Гэта варварства». У Палацы чыгуначнікаў пад гіпсакардон хаваюць манументальны роспіс
Падчас рамонту ў Палацы чыгуначнікаў у Мінску рабочыя хаваюць пад гіпсакардон манументальны роспіс 1978 года. Дырэктар тлумачыць, што рэканструкцыя каштавала б занадта дорага, піша «Радыё Свабода».
«Ён патрэскаўся, трэшчын шмат пайшло. На аднаўленне больш патрацілі б, чым на нешта новае»
«Гэта барбарскія справы, — сказаў Свабодзе пра гэта Рыгор Сітніца, старшыня Саюзу мастакоў Беларусі. — Роспіс і вялікі, і каштоўны. Ён высокага ўзроўню».
У Палацы чыгуначнікаў кажуць, што інтэр’ер будзе цалкам зашыты гіпсакардонам. У тым ліку і праца «Мая Радзіма» Зоі Літвінавай і Святланы Катковай. Гэты манументальны роспіс на трэцім паверсе будынка быў скончаны ў 1978 годзе.
«На яго аднаўленне больш патрацілі б, чым зрабілі б нешта новае, — сказаў Свабодзе Аляксандр Кулыга, дырэктар Палацу чыгуначнікаў Беларусі. — Ён патрэскаўся, трэшчын шмат пайшло. Недзе адкалолася нават».
Па словах Кулыгі, праца не пацерпіць, але ўбачыць яе больш нельга будзе. Пра рэканструкцыю гаворкі не было, бо яна каштавала б дорага.
«Зандавалі
глебу, цікавіліся, як што. Але ведаеце, любыя аднаўленні такіх пано ці карцін —
гэта вельмі дорага. І матэрыялы, і праца. Пакуль такім чынам», — сказаў
Аляксандр Кулыга.
Нагадаем, за апошнія гады было знішчана некалькі манументальных роспісаў: праца «Вільнюс стары і новы» падчас рэканструкцыі былога кінатэатру «Вільнюс» у Мінску (яе аўтарамі таксама былі Літвінава і Каткова); сграфіта Уладзімера Стэльмашонка і Гаўрылы Вашчанкі на Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску засталося пад слоем уцяпляльных матэрыялаў на фасадзе будынка; разбураны роспіс на гатэлі «Кастрычніцкі» падчас рамонту.
«Гэта не праграма знішчэння, а бязглуздзіца. Уласнікі будынкаў не разумеюць каштоўнасці гэтых прац», — кажа Рыгор Сітніца.
Ён дадае, што парушэння закону пры знішчэнні роспісаў і пано звычайна няма, бо гэтыя працы не ўключаныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
«Тут пытанне да Мінікульту хутчэй. Трэба пачынаць працэдуру і прысвойваць гэты статус».
Савецкае манументальнае мастацтва трэба бараніць, як калісьці баранілі касцёлы і цэрквы
Мастак і пісьменнік Адам Глёбус называе роспіс у Палацы чыгуначнікаў важным творам у кантэксце гісторыі беларускага мастацтва.
«Манументальнае
мастацтва таго часу — гэта вялікае дасягненне беларускіх мастакоў. Суровы
стыль, як быў створаны ў Беларусі ў 1960-я гады, гэта адна з самых вялікіх
каштоўнасцяў у нашым мастацтве. У гэтым я перакананы».
Па яго словах, менавіта ў манументальнае мастацтва звычайна не ўкладвалася савецкая ідэалогія. Гаўрыла Вашчанка і ягоныя вучні стварылі лірычны манументалізм, у якім не было савецкай прапаганды. А на роспісе Літвінавай і Катковай увогуле можна пабачыць біблейскія матывы.
«Супраць гэтага роспісу страшэнна выступаў Міхаіл Савіцкі, — кажа Глёбус. — Яму не падабалася, што там няма ідэалогіі, няма Леніна, няма звышкульту пралетарыяту».
Мастак называе знішчэнне савецкіх манументальных прац актамі вандалізму. На яго думку, гэты творы трэба абараняць гэтаксама, як у савецкія часы змагаліся за касцёлы ці цэрквы.
«Гэта нашая гісторыя, — дадаў Глёбус. — Што адбываюцца такія акты вандалізму паўсюль, мяне гэта абурае».
Па словах дырэктара Палаца чыгуначнікаў, рамонт у фасаду і інтэр’ераў плауюць завершыць да 1 жніўня.