Цуд шляхотнай прыгажосцi
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці, 47 прадставiў выставу «(Не)сучаснае мастацтва» Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча.
Творчасць Мікалая Байрачнага мiнчукi добра ведалi яшчэ з 1970-х. Пачаўшы працаваць як мастак-керамiст, ён аздобiў адну з «культавых» (якiх тады было ў вобмаль) мiнскiх кавярняў – «Батлейку», побач з кiнатэатрам «Кастрычнiк». Вясёлыя лялькi народнага тэатру, што выйшлi з майстэрнi, адразу паставiлi майстра поруч з «Песнярамi»: i спевакi, i ён падымалi вобразы народнай культуры да ўзроўню высокай прафесiйнай творчасцi. Гэта быў трэнд. Далiкатны пачатак чарговага беларускага адраджэння.
Але зараз у Байрачнага новае захапленне – ужо гадоў дваццаць ён робiць скульптуру з металлу, пераважна з вобразамi мiфалагiчнымi i казачнымi – у рамках творчай суполкі «Коўня» разам з Юрыем Гудзіновічам. А з жонкай-мастачкай – вялiкiя прыгожа аздобленыя лялькi. Вельмi часта – з персанажамi 17-18 стагоддзяў, ягонага ўлюбёнага гiстарычнага часу. I аздобную зброю, атрыбут арыстакратычный мужчынскай культуры, таксама i шляхецкай беларускай. Усе матывы як бы выйшлi са старонак кнiжак, чытаных у дзяцiнстве – «Трох мушкецёраў», а з нашых аўтараў – Уладзiмiра Караткевiча.
Памятаеце ў Высоцкага:
«Если путь пpоpубая/ Отцовским мечом,/ Ты солёные слёзы/ На ус намотал,/ Если в жаpком бою/ Испытал, что почём, -/ Значит, нужные книги/ Ты в детстве читал!»?
Лялькi работы майстра i яго жонкi, а таксама ягоныя статуэткi скрыпача i вiяланчэлiста мiнчукi ведаюць – яны змешчаны ў iнтэр’ерах Опернага тэатра.
Дарэчы, захапленне дэкаратыўнай скульптурай да Байрачнага прыйшло пасля наведвання дрэздэнскага музея «Зялёныя скляпеннi», дзе экспануюцца шэдэўры дробнай пластыкi знакамiтых майстроў. Гэты ж музей калiсьцi натхнiў на прыход у прафесiю Фабержэ.
На адкрыццi выставы «(Не)сучаснае мастацтва» можна было бачыць i дэкаратыўную пластыку, i рэканструкцыi старадаўняй зброi (падобныя Байрачны рабiў для замка ў Нясвiжы). А сярод вялiкай колькасцi наведнiкаў – сустракалiся знакавыя для культурнага Мiнска асобы – Мiкалай Пiнiгiн, Уладзiмiр Цэслер, Андрэй Плясанаў i iншыя.
Выстава, якую мы раiм вам наведаць, працуе па 27 кастрычнiка.
Фота аўтара