Беларускі культурны код. Чаму нельга абысціся без танка на плошчы

Пасля рэканструкцыі Плошчы Паўстання ў Гомелі помнік-танк вярнуўся на сваё месца ў кампаніі савецкага сцяга і надпісу «За Победу». Чаму беларусы дагэтуль актыўна ўжываюць сімволіку краіны, якой няма ўжо больш за 30 год, разважае «Штодзень».

2_2_9.jpeg

Кожнаму народу патрэбны культурніцкія коды, каб адчуваць сувязь з мінулым і абапірацца на яе пры пабудове будучыні.

Здавалася б, стагоддзі беларускай гісторыі багатыя факталогіяй, якую можна было б выкарыстаць у гэтых мэтах. Аднак ад пачатку свайго існавання сённяшняя беларуская ўлада стрымана і абмежавана выкарыстоўвала ўсё, што тычылася лёсу беларускіх зямель да прымусовага ўключэння іх у склад Расійскай імперыі. Бо гэтыя культурніцкія коды ўжо актыўна выкарыстоўваліся «канкурэнтамі» – прадстаўнікамі незалежніцкай, дэмакратычна скіраванай інтэлігенцыі. Да таго ж асоб без належнай адукацыі і схільнасці да аналізу і ўсебаковага самаразвіцця гэтая гісторыя пужала, падавалася чужынскай (літоўскай, польскай і г.д.).

Цалкам занурыўшыся ў наратывы расійскай прапаганды, цяжка адчуць, дзе ёсць сапраўдная беларуская гісторыя.

Да падзей 1772–1917 гадоў улады звяртаюцца часцей (пра спробу, напрыклад, развіваць турызм на Гомельшчыне праз Кацярынінскія маршруты ўжо пісалася). Але, на шчасце, гэта робіцца таксама ў абмежаванай ступені, бо цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі на вышэйшым узроўні базуецца не на сапраўднай братэрскай любові, а не неабходнасці цярпець адзін аднаго ва ўмовах адсутнасці сапраўдных сяброў на геапалітычнай арэне.

Тое, што цалкам ідэнтыфікаваць сябе з расійскімі культурніцкімі кодамі небяспечна, бо гэта можа прывесці да страты «трона», улада разумее (на ўзроўні насельніцтва, на жаль, інтэграванасць з імперска-расійскай культурай даволі вялікая, што дэманструе хаця б упэўненасць значнай часткі беларусаў у датычнасці да з’яўлення нашага гастранамічнага артэфакта — бульбы — Пятра І).

За тры апошнія дзесяцігоддзі тэарэтычна павінны былі ўтварыцца новыя культурніцкія коды ўжо незалежнай Беларусі. Але за гэты час афіцыйнай уладай ні ў эканоміцы, ні ў культуры, ні нават у стварэнні ідэалогіі практычна не было створана чагосьці значнага, таго, на што можна было б абаперціся і перавесці ў зразумелыя кожнаму сімвалы. І тое, што савецкія наратывы дагэтуль жывей усіх жывых і выкарыстоўваюцца на кожным кроку, — найлепшае таму пацвярджэнне (савецкай жа ідэалогіі і прапагандзе цяжка адмовіць у якасці: наратывы, створаныя ў тыя часы, былі вельмі дзейснымі і замацоўваліся ў галаве на доўгія гады).

Да таго ж гісторыю савецкіх часоў улада лічыць бяспечнай для сябе і зразумелай кожнаму, незалежна ад сацыяльнага статусу і ўзроўню адукацыі.

І, пакуль аўтэнтычная беларуская культура, багатая элементамі, якія можна было б выкарыстоўваць як візуялізаваныя сімвалы культурніцкага кода, квітнее выключна ў замежжы ці ў глыбокім падполлі ў Беларусі, па-за даляглядам улады ўсіх узроўняў, выкарыстоўванне савецкіх нематэрыяльных артэфактаў будзе ў трэндзе.

І гэта мы ў сучаснай Беларусі назіраем паўсюль. Напрыклад, кагадзе ў Гомелі абвясцілі правядзенне чарговага фестывалю «Сожскі шлягер». Мала таго, што фраза «Нейкі-там шлягер» адсылае да эпохі 1980–1990-х (адразу ўгадваецца колісь папулярная «Песня года» з лялечна-безэмацыйнай Ангелінай Воўк, перадача, якую зараз не стала б глядзець ніводная прагрэсіўная асоба), дык яшчэ ў назве мерапрыемства прысутнічае словаспалучэнне «Вакальна-інструментальныя ансамблі», часам якіх былі 1960–1980 гады.

Мерапрыемства плануюць у перспектыве зрабіць міжнародным, але не чакайце ад яго мультыкультуральнасці. Бо ўдзельнікаў плануецца запрашаць з гарадоў-пабрацімаў Гомеля. І калі раней можна было б чакаць у госці ўкраінцаў, французаў, шатландцаў, італійцаў, латвійцаў ці палякаў, то за апошнія гады кола пабрацімаў звузілася, і, акрамя і без таго прысутных на «Сожскім шлягеры» расійцаў, мы мала каго пабачым.