Беларуская дыяспара на фестывалі кнігі «Прадмова»: прэзентацыя новых кніг
31 траўня на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» вядомы гісторык і даследчык эміграцыі, сябра Управы Згуртавання «Бацькаўшчына» Наталля Гардзіенка прэзентуе новыя гістарычныя кнігі-цікавосткі серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».
Першая кніга — “Масей Сяднёў: Pro et contra” — прысвечаная Масею Сяднёву, пісьменніку і крытыку, які ўзначальваў “Радыё Свабода” цягам 15 гадоў.
Праз ліставанне з калегамі і паплечнікамі раскрываецца супярэчлівая і неадназначная асоба выбітнага дзеяча эміграцыі, чые літаратурна-крытычныя тэксты не згубілі сваёй актуальнасці, і нават сёння здольныя выклікаць найвострую палеміку.
Выданне ўтрымлівае падрабязныя падрадковыя каментары і іменны паказнік.
Другая кніга — “Як укладалі “Спадчыну” — прысвечаная гісторыі выдання знакамітага “мюнхенскага” дыхтоўнага 500-старонкавага зборніка Купалавых вершаў, які ў 1955 годзе істотна паспрыяў рэпрэзентацыі беларускай культуры на Захадзе і, праз наяўнасць у зборніку забароненых у БССР тэкстаў, скіраваў тэндэнцыі афіцыйнага купалазнаўства да іх “рэабілітацыі”.
У аснову кнігі легла ліставанне аўтараў ідэі выдання “Спадчыны” — заснавальніка БІНіМ Вітаўта Тумаша і найбуйнейшага купалазнаўцы на эміграцыі, рэдактара “Бацькаўшчыны” Станіслава Станкевіча. Гэты эпісталярый — жывое і захапляльнае сведчанне беларускага інтэлектуальнага жыцця тагачаснай эміграцыі.
Адрас: “ОК16”, Кастрычніцкая, 16.
31 траўня, пачатак а 18:30.
Уваход вольны.
Паводле Інфармацыйнага цэнтру МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”