Беларусь, якая чакае. Збочваем з адпрацаваных маршрутаў. Частка 2 (ФОТА)
Мы працягваем наведваць мясціны, якія падчас ранейшых вандровак прамінулі з самых розных прычынаў: ці то часу не хапала, ці маршрут быў досыць насычаны. Здараецца, што зробіш. Але ж ад пільных чытачоў нічога не схаваеш. З задавальненнем прымаем усе заўвагі і выпраўляемся. Паехалі!
Па дарозе да першай кропкі нашага маршруту збочылі ля Вілейскага вадасховішча, каб пашукаць белых ды шэрых чапляў ці яшчэ якіх птушак, што ў вялікай колькасці гняздуюцца на мясцовых берагах. Знайшлі. Але ж яны былі досыць асцярожнымі і набліжацца не пажадалі. Дарэчы, восень ужо добра адчуваецца ранкам, ды й прырода ўжо пачынае рыхтавацца да развітання з лецейкам.
Падаецца, сёння надвор’е на нас за штосьці пакрыўдзілася, і шэрыя хмары вырашаюць — ці не пачаставаць гэтых валацугаў дажджом. Але ж пакуль яны там наверсе вагаюцца, мы прыбылі ў вёску Касцяневічы, дзе месціцца, з першага погляду, сціплы і звычайны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Першы касцёл у Касцяневічах быў драўляны і адчыніў свае дзверы для вернікаў у 1662 годзе. Праз стагоддзе, у 1763 годзе, на яго месцы паўстаў цагляны новы будынак, які мы бачым і сёння. Адметнасць гэтага касцёла ў тым, што ён не мае апсіды — спецыяльнай алтарнай прасторы, якая звычайна месціцца з адваротнага боку храма. Такога мы яшчэ не сустракалі, але паглядзець на ўнутранае аздабленне храму не атрымалася — касцёл рамантуецца.
Касцёл у Касцяневічах
Вакол касцёлу стаіць невысокі плот з бутавага камення і трохаркавая прыгожая брама з чырвонай цэглы і таго ж бутавага камення. На браме цікавая невялікая статуя — гэта выява Святога Фларыяна, які лічыцца нябесным заступнікам пажарных, бровараў і камінараў. Нягледзячы на рамонт, вакол храму дагледжаная і прыбраная тэрыторыя, а паміж ім і дарогай на вялікіх камянях сціпла стаіць гіпсавая статуя Езуса, які нібыта бласлаўляе ўсіх, хто праязджае і праходзіць.
Касцёл у Касцяневічах
Бярэм кірунак на Валожыншчыну і ўважліва сочым за наваколлем, хоць яно сёння і не спяшаецца песціць нас летнімі колерамі. Ля Баруноў заўважаем каля пяцідзесяці маладых буслоў, якія зацята рыхтуюцца да першага свайго транскантынентальнага падарожжа і мацуюць сілы роднымі жабкамі ды іншымі птушынымі прысмакамі. А вось на іншым баку дарогі ўжо пара шэрых жураўлёў займаецца прыкладна тым жа самым. Карацей — прыгажосць ды й толькі!
Наступная наша кропка — касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў вёсцы Багданава. Гісторыя мясцовай парафіі пачынаецца прыкладна з 1550 году, меркавана ў той час нейкі храм ужо існаваў, але першыя дакументаваныя згадкі аб касцёле ў Багданаве кажуць, што ён быў пабудаваны на сродкі старасты Пятра Паца і асвячоны ў 1690 годзе. Што з ім адбылося невядома, але ў 1844 годзе ў Багданаве будуецца новы драўляны храм, які прастаяў 100 гадоў і быў разбураны падчас Другой сусветнай вайны. Выявы яго мы можам пабачыць на карціне мясцовага ўраджэнца і знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла» 1894 году і на фота Яна Булгака 1930 году.
Фердынанд Рушчыц, «Ля касцёла»
Фота Яна Булгака
Пасля вайны мясцовыя жыхары зноў пабудавалі невялічкі касцёл, але яго хутка знеслі. Захаваўся толькі каменны плот, пабудаваны ў 1902 годзе. Толькі напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя на месцы старых касцёлаў з’явіўся новы, пабудаваны з сілікатнай цэглы. У 2015-2017 ён быў істотна рэканструяваны і набыў сённяшні выгляд. Дагэтуль на тэрыторыі адбываюцца работы па ўпрыгожванні, але ўжо сёння можна казаць аб незвычайнасці і адметнасці новага касцёла, ледзьве не наймаладзейшага на Беларусі. Не забыты і Фердынад Рушчыц — на тэрыторыі стаіць калона з ягоным бюстам.
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў вёсцы Багданава
Нам пашанцавала і мы пабывалі ўнутры касцёла Святога Міхаіла Арханёла. Аздабленне сціплае ў параўнанні з вонкавым выглядам, але ж адчуваецца нешта цёплае і хатняе. Магчыма, з нагоды таго, што ўнутры ўсё абабіта дрэвам і ля алтару кранальна стаяць кашы з натуральнымі памідорамі, яблыкамі і гарбузом з калоссямі. У ХХІ стагоддзе нас вяртае сучасны праектар з экранам.
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў вёсцы Багданава
Зусім побач з Багданава ёсць яшчэ адна цікавостка, якую, на жаль, турысты абыходзяць і аб’язджаюць краем. «Адравонж» — такую назву мае герб, якім карысталіся больш за 50 родаў, у тым ліку вядомы род Храптовічаў — і такую ж назву мела іх паляўнічая сядзіба менавіта ў гэтых месцах. «Паляўнічы палац» — так называлі «Адравонж» наведвальнікі. І было з чаго! Вялікі двухпавярховы будынак з аглядальнай пляцоўкай на даху, парк з каналамі і дзясяткамі тысячаў раслін, аранжарэя... Абедзве Сусветныя вайны, канешне, пакінулі свой адбітак на гэтай прыгажосці, але яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя тут месціўся дзіцячы піянерскі лагер, пасля чаго «Адравонж» хутка пачаў прыходзіць у заняпад.
«Адравонж»
Калі хтосьці захоча, нягледзячы ні на што, наведаць гэты гінучы гістарычны куток, то параім ехаць з боку Вішнева, бо іншая дарога ад Дзясятнікаў, хоць і дастаткова цікавая на дрэвы-сучаснікі Храптовічаў, але будзе напрыканцы непераадольнай для легкавіка — каля кіламетру трэба будзе ісці пешшу.
Апошнім пунктам нашага падарожжа стала вёска Вішнева, якую мы незаслужана абміналі раней. Нарэшце мы ля прыгажэйшага касцёла Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі. Першы драўляны касцёл на пагорку ля невялікай ракі Альшанцы быў заснаваны ў 1424 годзе самім вялікім князем Вітаўтам, а з 1637 па 1641 год па фундацыі наваградскага ваяводы Юрыя Літавора Храптовіча быў пабудаваны мураваны нашчадак, які цягам часу некалькі разоў перабудоваўся. Паміж касцёламі невялікім вадасховішчам б’е прыгожа аздобленая крынічка, за вадой з якой прыязджаюць нават са сталіцы.
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі
Унутры касцёл мае надзвычай прыгожае і ўнікальнае аздабленне. Галоўны алтар датуецца 1771 годам, у той год храм пацярпеў ад пажару і быў перабудаваны ў першы раз. Насценны жывапіс напачатку ХХ стагоддзя падчас чарговай перабудовы выконваў Фердынанд Рушчыц, якога мы ўжо згадвалі, а калі прыгадаць, што з ягоных твораў толькі адзін (тая самая карціна «Ля касцёла») маецца быць у Беларусі, то гэтыя элементы самі па сабе ўжо сапраўдная гістарычная і мастацкая каштоўнасць. Над уваходам у адну з капліц у сцяну ўмураваная дошка ў гонар роду Храптовічаў — знак павагі да фундатараў.
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі
Касцёл у Вішневе непарыўна звязаны з людзьмі, якімі ганарыцца Беларусь і беларусы. Сюды да ксяндза Уладзіслава Чарняўскага прыязджаў Уладзімір Караткевіч, тут над рэстаўрацыяй працаваў Алесь Пушкін, які знайшоў схованку з найкаштоўнейшымі дакументамі.
Глядзіце таксама
У гэтым касцёле быў ахрышчаны Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Вішнева назаўсёды звязана з імёнамі Сымона Буднага, Канстанцыі Буйло. І гэта мы яшчэ пра Шымона Пэрэса не кажам!
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі
Надвор’е троху злітасцівілася да вандроўнікаў, але ж надышоў час развітвацца. Як заўсёды чакаем вашых прапановаў і замоваў на восень, бо яна ўжо рыпіць галёшамі ля ўваходу і выцягвае руку з кішэні паліто, каб, пакуль яшчэ баязліва, пагрукацца ў дзверы. Але ж усё будзе добра пакуль вы з намі, а мы з вамі! Пішыце лісты, будзем жыць!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.