Беларусь, якая чакае. Сакавіцкія краявіды праз «афрыканскую» смугу (ФОТА)

Фармат вандровак без загадзя вызначанага маршруту спадабаўся і нам, і, спадзяемся, нашым чытачам. Таму паўтараем! Тым больш, што вясна ўжо рашуча ўзялася за свае справы і пачала бязлітасна ліквідаваць дробныя наступствы лёгкай зімы са спрытам, які нагадвае аднаго рудога дзеда, што не сыходзіць з навінавых стужак. У адрозненне ад яго ані мы, ані вясна ламаць і псаваць нічога не будзем — толькі паглядзім ды вам пакажам.  Паехалі!

_belarus_krajavidy_veczar_2025_fota_novy_czas__1_.jpg

Нагодай да сённяшняй вандроўкі стала не толькі вясенняе надвор’е, але і нечаканы госць з афрыканскага кантыненту. Быццам хтосьці так добра падзьмуў на пустыню, што пыл адтуль даляцеў ажно да Беларусі і ахутаў яе смогам. Цёплае надвор’е дастаткова каварнае, і раз-пораз халодны ветрык прымушае ўспомніць, што яшчэ рана кардынальна мяняць гардэроб. Але ж нехта вырашыў сваё адзенне пакінуць, а вось гэтыя дрэвы распрануць дашчэнту. Мы, канешне, не спецыялісты ў такіх справах, але вынік мае выгляд дастаткова жудасны. Будзем спадзявацца, што новыя галінкі хутка адновяцца і будуць радаваць нас пухнатай зелянінай.

Вы ж памятаеце, што калі паўстае выбар паміж асфальтаванай шашой і прасёлкам, то мы абіраем прасёлак? І вось у чарговы раз з’язджаем з шашы і паглыбляемся ў невялікую вёску, а праз некалькі соцень метраў нас чакае сюрпрыз. Стары агромністы вяз! Яго спрабавалі зламаць непагадзь ды ўраганы, і гэта ў іх амаль атрымалася, але дужыя галіны падперлі стары ствол і не далі канчаткова загінуць дрэву-асілку. Ну прыгожа ж, згадзіцеся!

Працягваем павольна перасоўвацца па краіне і насалоджвацца вясеннімі краявідамі. Толькі тут можна дакладна пачуць той самы «водар вясны». Гэта і пах дыму ад вогнішчаў, і цёплы, ледзь адчувальны, пах зямлі, і яшчэ зусім слабы водар ад першацветаў аднекуль з глыбіні лесу... Менавіта такія моманты хочацца  захаваць у памяці і прыгадваць калі, здаецца, губляеш надзею на лепшае і сумуеш па назаўсёды мінулых добрых рэчах і справах. Падыхаеш такім і неяк лягчэй на сэрцы. Нічога, прарвемся! Дарэчы, афрыканскі пыл ужо дастаткова заўважны на даляглядзе і на колерах мінулагодняй травы.

Як бы хто не казаў і не скардзіўся на «смог», а нам (і асабіста нашаму фатографу!) падабаецца такі мяккі колер вясновага неба і адсутнасць рэзкага святла. Вось дзе трэба лекаваць нервовую сістэму — проста павольна хадзіць і назіраць, ці ўвогуле сесці і дыхаць свежым паветрам, заплюшчыўшы вочы і адключыўшы ўсе гаджэты. Амаль так мы і зрабілі на ўскрайку невялікай вёскі.

Рэлакс — рэлаксам, але ж наперадзе яшчэ шмат цікавага. І за чарговым паваротам мы бачым нешта знаёмае. Дагэтуль прыгожы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі XVII стагоддзя мы бачылі толькі на адлегласці. Але ён безумоўна варты асабістага наведвання. Спыняемся ля яго на непрацяглы час і занатоўваем у планах больш грунтоўны візіт сюды. Абавязкова вернемся і распавядзем пра гэтую цікавостку больш падрабязна! 

Беларусь багатая на невялічкія прыдарожныя капліцы. Але ж менавіта гэтая прымусіла нас спыніцца і больш пільна яе агледзець. Маленькая вёска, сціплыя звычайныя дамы і на самым ускрайку ля аднаго з іх месціцца невялічкі міні-храм на 1-2 наведвальнікаў. Дзверы проста зачынены на клямку — можа зайсці любы. Касцёла паблізу няма, вось і вырашыў хтосьці пабудаваць для сябе і людзей нейкае ціхае, асабістае месца, дзе можна спакойна штодня ў зручны час звярнуцца з малітвай да Пана. Уражвае і кранае неверагодна!

Неўзабаве мы зноўку бачым знаёмыя мясціны і з задавальненнем збочваем з дарогі, каб наведаць ужо знаёмы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Налібаках. Вельмі прыгожае месца, асабліва ўвесну. Глядзім на мясціны і чагосьці тут дакладна не хапае!

А не хапае нам старых магутных дрэваў вакол касцёла. Спілаваныя волаты ля храму ціха чакаюць раздзялення на зручныя для вывазу кавалкі і знікнення ў лесапілцы ці ў комінах тых, каму яны так перашкаджалі. Мясцовая жыхарка гучна паскардзілася нам, што «ідзеш у касцёл, а галіны па галаве шкрабуць». Ну што ж, вельмі сур’ёзная нагода спілаваць здаровыя дрэвы... А што яны здаровыя — бачна і не спецыялісту няўзброеным вокам. Дадаць тут няма чаго і мы, засмучаныя ўбачаным, пакідаем калісьці прыгожае месца.

Час набліжаецца да вечара, і наш «афрыканскі смог» становіцца ўсё больш заўважным і маляўнічым, робячы вясновыя далягляды таямнічымі і прывабнымі. Такія вось вітанкі ад Сахары сакавіцкай Налібоччыне!

Кожны наш выезд суправаджаецца надзеяй фатографа «ну вось у гэты раз дакладна» злавіць у аб’ектыў хоць нейкую драпежную птушку. Трэба заўважыць, што іх падчас нашых вандровак мы бачылі шмат, але як толькі прыпыняемся, асцярожныя птушкі прадбачліва знімаюцца з месца і хутка знікаюць, чым засмучваюць нашага фатографа да крайнасці. Але ж гэты дзень настаў, і некалькі каштоўных кадраў засталіся ў нашым архіве — канюк злітаваўся над гаротнікам і пакідаў наседжанае месца не вельмі хутка. А літаральна праз некалькі хвілінаў нас чакалі лебядзі-клікуны, якія адпачывалі пасярод поля. Фатограф быў шчаслівы як дзіця!

Сакавіцкі вечар на Беларусі — рэч непрадказальная. Толькі што, здаецца, на небасхіле не было і намёку на аблокі, а вось, каліласачка, і яны. Але ж нам гэта вельмі да спадобы, бо карціны вечара адразу робяцца больш цікавымі. Глядзіце самі!

Сонца пакрысе схіляецца да гарызонту, і нам трэба паскорыцца, каб паспець у патрэбны час да фінальнай кропкі, дзе, як запэўнівае фатограф, мы ўбачым нешта вельмі прыгожае. Але з ім немагчыма — кажа «давайце хутчэй» і сам жа праз хвіліну агаломшана лямантуе «СТАЯЦЬ!!!» І ён мае рацыю — прыгожы краявід сам сябе не здыме і не захавае.

«А цяпер паехалі, толькі хуценька» — гэтыя словы зліліся ў адзін гук з хлапком дзвярэй, шоргатам пяску пад коламі і гукам рухавіка. Праз некалькі хвілінаў мы праехалі кавалак вёскі, збочылі на мост і яшчэ раз збочылі на непрыкметную мясцовую дарогу. Неўзабаве выехалі на пагорачак з некалькімі дамкамі і ўбачылі неапісальнае хараство вясенняга захаду з дадаткам паўднёвага пылу ў атмасферы. Тут было ўсё — захад, невялічкая стужка напаўзамерзлай рачулкі, дрэвы і стары касцёл на другім беразе ў промнях адыходзячага на адпачынак стомленага сонца. Дзеля такога відовішча варта жыць і вандраваць, бо гэтае багацце застанецца з табой назаўсёды і адабраць яго не здольны ніхто.

Праз нейкі час наш экіпаж прыйшоў у прытомнасць, пагрузіўся ў машыны, і навігатар паслухмяна намаляваў маршрут дадому. Палову дарогі маўчалі, бо любыя словы тут былі залішнімі. А вось ад вас, нашыя дарагія чытачы, мы заўсёды чакаем водгукаў і замоваў. Вашыя словы вельмі важныя, бо мы працуем для вас. Бывайце здаровы! Пішыце замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.