Беларусь, якая чакае. Лютаўскія сцежкі Віцебшчыны. Частка 2 (ФОТА)

Працягваем вандроўку, якая гэтым разам выдалася даўжэйшай за папярэднія. Мы палічылі, што няма сэнсу спыняцца на ноч дзесьці пасярэдзіне і ўжо зусім не варта вяртацца на месца пастаяннай дыслакацыі. Таму, зладзіўшы невялікі перапынак на абед для сябе і машыны, працягваем шукаць прыгоды і цікавосткі на Віцебшчыне. Паехалі!

_belarus_mnjuta_2_kascjol_2025_fota_novy_czas__7_.jpg


Навігатар упэўнена аддае загады, кіроўца паслухмяна круціць стырно і вязе нас да вёскі з утульнай і па-хатняму цёплай назвай Прошкава. Падаецца, вось-вось з-за чарговага пагорка мы ўбачым нейкі казачна-малюначны пейзаж — гурбы снегу, дамкі, дым з труб, сцежкі да свіранаў... Канешне ж, рэчаіснасць хутка вяртае нас у свае халодныя абдымкі, але толькі не ў той частцы, якая тычыцца мясцовага касцёла Святога Яна! Гэты храм натуральна свеціцца зіхоткім дыяментам у шэрым наваколлі звычайнасці.

Звесткі аб гэтым храме сціплыя, як і ён сам, але ж наконт ягонай назвы ёсць спрэчкі. Хтосьці кажа, што гэта касцёл Святога Яна (Іона), а хтосьці сцвярджае, што Святога Антонія Падуанскага. Але ж ёсць і меркаванні аб кампрамісным варыянце — Святых Яна і Антонія. 

Але вернемся да дакладных звестак. Пабудаваны касцёл быў напрыканцы ХІХ стагоддзя, прадказальна зачынены і амаль разбураны ў савецкі час. Але ў сярэдзіне 1990-х быў адноўлены і перададзены вернікам. Вакол храму месцяцца невялічкія могілкі з досыць старымі пахаваннямі. Унутр трапіць не атрымалася, таму пахадзілі трошкі навокал у цішыні і спакоі. 

Пранізлівы ветрадуй прымушае нас хутчэй схавацца ў цёплай машыне і рушыць далей у вёску Мнюта-2. Цікава, каму і навошта спатрэбілася дзяліць адну вёску на дзве часткі? Можа, гэта былі нейкія стратэгічна-геапалітычныя гульні мясцовых палітыкаў, а можа і сепаратныя змовы колішняй мясцовай апазіцыі з тагачасным «калектыўным Захадам» з невядомымі дагэтуль мэтамі... Застаецца толькі здагадвацца, але касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі без усялякіх там умоваў і здагадак з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых прадстаўнікоў неагатычнага стылю на Беларусі.

Будаванне гэтага храму ва ўлюбёным намі стылі неаготыкі было скончана ў 1910 годзе. Аніякіх звестак аб іншым храме на гэтым месцы мы не знайшлі, але ж ён  дакладна існаваў, бо па шматлікіх сцвярджэннях менавіта тут быў ахрышчаны наш знакаміты зямляк Вацлаў Ластоўскі. Тут ёсць нейкая таямніца. У 1910 годзе Ластоўскаму было ўжо 27 гадоў, і менавіта ў гэты час ён стала знаходзіўся ў Вільні, дзе напачатку году выйшла ягоная «Кароткая гісторыя Беларусі». Далейшае жыццё спадара Ластоўскага было не меней насычаным, і вельмі сумнеўна, што ён да гэтых падзей жыў нехрышчоным — на той час такое было амаль немагчымым. Нейкі храм тут раней дакладна быў... Можа вы што ведаеце?

Папярэдне гэта была фінальная кропка нашай вандроўкі, але лёс склаўся інакш. Ну, як можна абмінуць яшчэ пару выбітных месцаў, якія знаходзяцца літаральна ў пары дзясятках кіламетраў? Таму накіроўваемся далей і адразу папярэджваем, што навігатар навігатарам, але ж трэба ўлічваць надвор’е і пазбягаць зусім невялікіх і дагэтуль невядомых вам дарог, каб не патрапіць у прыгоды, якія чакаюць такіх вось саманадзейных валацуг на колах. Ай, ладна, не будзем... Праз колькі часу мы такі дабраліся да вёскі Лужкі, дзе нас з 1756 году чакае прыгожы касцёл Святога МІхаіла Арханёла. 

Выбітнасць гэтага помніка ў ягонай архітэктуры віленскага барока і ўнікальным увагнутым фасадзе, што больш нідзе на Беларусі вы не ўбачыце дакладна. Тым не менш, нягледзячы ні на што, пасля паўстання 1830 году касцёл быў закрыты, а праз 13 гадоў увогуле адданы праваслаўнай царкве. У непрацяглы міжваенны час каталікі вярнулі храм, але пасля Другой сусветнай вайны яго зноў зачынілі і аддалі пад сховішча ўгнаенняў. У 1988 годзе касцёл вырашылі вярнуць вернікам і пачаць ягоную рэстаўрацыю. Сёння адна з ягоных вежаў рамантуецца, і, на жаль, нам зноўку не пашанцавала агледзець унутранае аздабленне.

Да прыцемкаў засталося зусім няшмат і мы хуценька шыбуем далей, бо немагчыма быць побач з Германавічамі і не паглядзець на касцёл Перамянення Пана XVIII стагоддзя. Гэта яшчэ адзін прыклад віленскага барока тых часоў, пабудаваны на нейкіх 30 гадоў пазней лужкоўскага. Забягаючы наперад заўважым, што і тут у нас не атрымалася трапіць унутр. Такі вось дзень, што тут зробіш...

Трэба адзначыць, што нягледзячы на ўсе рэпрэсіі адносна каталіцкіх храмаў цягам ХІХ стагоддзя, касцёл Перамянення Пана ў Германавічах заставаўся дзейным, і напрыканцы таго ж стагоддзя мясцовая парафія налічвала больш за 3000 вернікаў. У 1948 годзе савецкая ўлада палічыла такое непрымальным, і храм быў ператвораны ў сховішча, нашмат больш патрэбнае савецкай гаспадарцы. Як і ягоны лужкоўскі калега, касцёл у Германавічах быў перададзены вернікам у 1988 годзе, а ягоная рэстаўрацыя цягнецца дагэтуль.

Стомленыя, але вельмі задаволеныя, вяртаемся дадому. Паводле прагнозаў, зіма ўсё ж можа завітаць у гэтую краіну. І мы вельмі гэтага чакаем. Пішыце, замаўляйце месцы для зімовага наведвання пакуль яшчэ ёсць час, бо вясна прыйдзе хутка, і гэта будзе зусім іншая гісторыя. Штодзённа будзем правяраць нашую паштовую скрыню, так што не расчаруйце нас! Бывайце здаровы, пішыце замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.