Аўстрыйскі пункт гледжання на сучаснае мастацтва

Больш за 40 работ, выкананых у самых розных тэхніках: ад жывапісу, графікі і скульптуры да прыкладнага мастацтва, фатаграфіі, відэаінсталяцыі можна будзе пабачыць на выставе сучаснага аўстрыйскага мастацтва ў Мінску.

Работы Аліны Куніцынай — ураджэнкі Мінска, якая жыве і працуе ў Вене, Аўстрыя

Работы Аліны Куніцынай — ураджэнкі Мінска, якая жыве і працуе ў Вене, Аўстрыя

Сучаснае мастацтва даўно выйшла за рамкі звыклых нам норм. Сёння гэта пастаянны пошук новых форм выразу, наватарства, эксперымент з незвычайнымі раней для мастацтва рэчамі, спалучэнне розных напрамкаў праяўлення мастацтва, камбінацыя і злучэнне такіх розных галін, як уласна мастацтва, медыйныя сродкі і сучасныя тэхналогіі. Менавіта з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця мастацтва можна ў гэтыя дні азнаёміцца на выставе «Пункт гледжання», якая праводзіцца ў рамках «Аўстрыйскага культурнага сезону» ў Беларусі.

Відэашэраг Маркуса Ханакама і Росвіты Шуллер

Відэашэраг Маркуса Ханакама і Росвіты Шуллер

4_20_logo.jpg

Назва «Пункт гледжання» кажа сама за сабе — выстава пра новае бачанне і новыя перспектывы ў мастацтве. Яе ўдзельнікі выкарыстоўваюць у сваёй творчасці вельмі разнастайныя прыёмы і метады, іх работы створаны на стыку розных тэхнік. І мэта выставы — пазнаёміць публіку з шыратой і шматграннасцю маладых прадстаўнікоў сучаснага аўстрыйскага мастацтва.

Фотамастачка Біргіт Грашопф са сваімі работамі

Фотамастачка Біргіт Грашопф са сваімі работамі

На выставе прадстаўлены работы маладых аўстрыйскіх мастакоў: Альдо Джанноццi, Бiргiт Грашопф, Аліны Куніцынай, Бернда Оппля, Маркуса Ханакама і Росвiты Шуллер, Філіпа Швайгера. Усе яны ўжо паспелі заслужыць прызнанне — іх працы выстаўляюцца і дэманструюцца ў галерэях і выставах як у Еўропе, так і за яе межамі.

Работы Берндта Оппла

Работы Берндта Оппла

Падчас адкрыцця выставы Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Аляксандр Байерль распавёў, што «культурнаму сезону» папярэднічалі палітычныя і эканамічныя сустрэчы паміж Аўстрыяй і Беларуссю.  І гэта добра, што атрымалася звязаць эканамічныя і культурныя мерапрыемствы. А глава групы кампаній Kapsh, пры чыёй фінансавай падтрымцы і атрымалася правядзенне выставы, падмеціў, што мастацтва па-за палітыкай. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч адзначыла, што гэтая падзея важна таму, што мы ўпершыню можам паказаць сучасных аўстрыйскіх творцаў.

8_15_logo.jpg


Некаторыя работы могуць здзівіць нават знаўцаў сучаснага мастацтва сваёй незвычайнасцю, арыгінальнасцю падачы. Бо кожны з іх аўтараў унікальны і своеасаблівы. Альдо Джанноцці — відэа-мастак, працуе з рознымі тэхнікамі: інсталяцыі, відэа, фатаграфія. Працы Бернарда Оппля выкананы ў чорна-сера-белай гаме і здольныя навесці на гледача некаторы жах, уперамешку з меланхоліяй і дэпрэсіяй. Яго нестандартны погляд на рэчы даказвае, што спецэфекты можна зрабіць у рэжыме рэальнага часу без ужывання камп’ютарных тэхналогій. Сузіраючы яго творы быццам губляеш сувязь з рэальнасцю.


Характэрная рыса прац Аліны Куніцынай — рэалістычна прадстаўленыя сюжэты, якія, здаецца, сціраюць межы паміж жывапісам і трохвымернасцю. Бiргiт Грашопф часта камбінуе розныя медыйныя сродкі (фатаграфія, малюнак), перформанс і прасторавую інсталяцыю. Намаляваныя ёй постаці могуць здавацца бездапаможнымі. У сваіх работах мастак намякае на абмежаванасць нашага існавання ў рамках грамадскіх нормаў і ўмоўнасцяў. Маркус Ханакам і Росвiта Шуллер працуюць пераважна ў вобласці відэа, інтэрактыўных камп’ютарных гульняў і малюнка. Філіп Швайгер звяртаецца ў сваёй творчасці да сюжэтаў з побыту, знаёмым месцам ці падзеям мінулага. Дзякуючы расплывістасці і зіготкім уварванням святла, яго карціны ствараюць уражанне затухаючых успамінаў падсвядомасці.

Філіп Швайгер. Без назвы, 2016, алей, холст.

Філіп Швайгер. Без назвы, 2016, алей, холст.

Альдо Джанноцці. Аўстрыйская вёска на на вяршыні Нью-Ёрка, 2016, малюнак на паперы

Альдо Джанноцці. Аўстрыйская вёска на на вяршыні Нью-Ёрка, 2016, малюнак на паперы

Аўстрыйскі сезон стартаваў у Мінску яшчэ 5 лістапада прэм'ерамі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пазней на сцэне Палаца Рэспублікі выступілі салісты венскай оперы сумесна з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь, выканаўшы легендарныя творы Бетховена, Штраўса, Мендэльсона-Бартольдзі, Легара і Кальмана.

9_8_logo.jpg

Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Аўстрыі ў Беларусі Аляксандр Байерль адзначаў: "Гэта самая вялікая культурная падзея, якую мы калі-небудзь праводзілі ў Беларусі. Сезон унікальны і дзіўны сваім шырокім спектрам. Ён уключае і вернісажы, і семінары, і канцэрты, тэатральныя і кінапастаноўкі. Добра, што наша ініцыятыва супала з Годам культуры, абвешчаным у Беларусі".

10_10_logo.jpg

Дадзены фэст закліканы ўмацаваць творчыя сувязі паміж краінамі, пашырыць кантакты і атрымаць новыя стымулы для стварэння сумесных ініцыятыў. Чакаецца шмат мерапрыемстваў і ў 2017 годзе. У рамках культурнага сезону на старонках беларускіх літаратурных часопісаў чытач убачыць творы аўстрыйскіх літаратараў, лепшых прадстаўнікоў сучаснай прозы і паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Усяго ж у праграме Аўстрыйскага культурнага сезону 2016–2017 у Рэспубліцы Беларусь запланавана каля 30 культурных мерапрыемстваў.


Праект працягнецца па красавік наступнага года ўключна. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў раней адзначыў, што Аўстрыйскі культурны сезон стане добрым завяршэннем Года культуры ў Беларусі, працягнецца ў наступным годзе, а далей, магчыма, застанецца на сталай аснове.

11_9_logo.jpg

Пакуль жа ў мінчан і гасцей сталіцы ёсць выдатная магчымасць азнаёміцца зтворчасцю сучасных аўстрыйскіх мастакоў на выставе «Пункт гледжання». Арганізатар выставы — Пасольства Аўстрыйскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і групы кампаній Kapsch.

12_10_logo.jpg


Выставу можна наведаць з 9 па 24 снежня ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Некрасава, 3).
Часы працы:
аўторак, чацвер, пятнiца, субота: 11:00 – 19:00
серада: 13:00 – 21:00
нядзеля, панядзелак — выходны.