Астэрыя Грандэ Вясковая ідылія

«Паедзеш?» «Паеду, канешне…» — вось і ўсё запрашэнне. Так пачалося спантаннае падарожжа па Італіі, куды ўдалося трапіць дзякуючы прапанове айца Сяргея Гаека. Чатыры эсэ — чатыры мясціны. Астэрыя Грандэ, Падуя, Венецыя ды Рым.



dsc_0012_logo.jpg

Першы прыпынак, куды едзем з а.Сяргеем з аэрапорту ў Балоньі, — Астэрыя Грандэ. Нягледзячы на прыстаўку «грандэ» (вялікі), гэта ўсяго толькі мястэчка альбо сельсавет накшталт Сапоцкіна.

Прымае святар дон Арнальда. Цікава, што «дон», як і ў польскай «ксёнжа», гэта адначасова азнака як духоўнага сану, так і шляхецтва — такая традыцыя. Плябанія пабудаваная побач з неараманскім храмам святога Юрыя з чырвонай цэглы ды каляровымі мазаікамі на ўваходах.

dsc_0015_logo.jpg

dsc_0029_logo.jpg

У пакойчыку на другім паверсе, дзе давядзецца ночыць, адразу кідаецца ў вочы: уся мэбля — антыкварная. За гнутыя ножкі камодаў і літыя бронзавыя ручкі драўляных дзверцаў у Беларусі трэба было б выкласці цэлы капітал...

dsc_0011_logo.jpg

«Яны ж гэтага не купляюць у антыкварыяце, — тлумачыць а. Сяргей, які пражыў у Італіі 10 год, — яно наўпрост тут заўжды стаяла, ніхто нічога не выкідаў».

dsc_0024_logo.jpg

dsc_0049_logo.jpg

Сапраўды, стаўленне да спадчыны ў Італіі выключнае. Прыватныя дамы крытыя чырвонай дахоўкай таксама, як і за часамі імператара Траяна. Гістарычныя ландшафты з алеямі пірамідальных таполяў засталіся такімі ж, як і дзве тысячы год таму.

На вячэрнюю літургію прыходзіць ад сілы чалавек дзесяць, збольшага людзі сталага ўзросту. Гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя, да якой усе звыкліся. Разам з тым пры парафіі моладзь ладзіць курсы танцаў, трэніроўкі па дзюдо, ёсць баскетбольная пляцоўка — жыццё ў невялічкіх мястэчках не спыняецца, наўпрост змяняе формы.

Перад вячэрай заходзім у парафіяльную бібліятэку. Сярод кніжных шыхтоў партрэт папярэдняга параха — увесь свой кнігазбор ён перадаў царкве. Томікі на паліцах не заўжды закранаюць рэлігійныя пытанні: шмат працаў па гісторыі, паходжанні этрускаў, старажытнасцях правінцыі Эмілья-Романа, куды ўваходзіць парафія.

dsc_0053_logo.jpg

dsc_0063_logo.jpg

dsc_0059_logo.jpg

Асобна — палічка старадрукаў. Некаторыя тамы ў вокладках з пергаменту сягаюць XVII стагоддзя. Для Італіі гэта не ўзрост... Праз пару гадоў дону Арнальда споўніцца 75, і ён мецьме падаць у адстаўку. Ягоны кнігазбор, верагодна, таксама застанецца тут.

Наперадзе вячэра — сапраўдны рытуал у кожным італійскім доме. Нарэшце бачым усю сям’ю: 94-гадовую цяжка хворую маці дона Арнальда і ўсмешлівую служанку з Эрытрэі, якая яе даглядае. Традыцыйна, большасць працоўных эмігрантаў тут — гэта афрыканцы з розных краёў (найперш з Эфіопіі, былой італійскай калоніі), філіпінцы ды… украінцы.

Мясцовае меню можа падацца не зусім звыклым для ўсходнееўрапейскага страўніка. Зранку ты п’еш толькі каву з круасанам. Абед — гэта паста, лазанья альбо рыж. Суп з макаронаў і гародніны, прысыпаны драбнюткім пармезанам, падаюць менавіта ўвечары. Традыцыйны дадатак — хлеб «тыджэра» — гэта здобныя булачкі, якія падаюць падагрэтымі. Ну і, канешне ж, чырвонае віно, зусім не лішняе за святарскім сталом.

dsc_0066_logo.jpg

dsc_0067_logo.jpg

dsc_0069_logo.jpg

dsc_0072_logo.jpg

Аб адзінаццатай усе разыходзяцца па сваіх пакоях. За адчыненымі аканіцамі ў цемры яшчэ чутно музыку: у плябаніі акурат заканчваюцца ўрокі танцаў.