«Адзін дома» пакажуць па-беларуску
З 11 па 13 студзеня ў кінатэатрах «Масква» і velcom cinema пройдуць святочныя паказы фільма «Адзін дома» на беларускай мове.
Пераклад і агучку стужкі выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom у рамках праекта «Беларускія ўікэнды». У агучцы фільма ўзялі ўдзел 14 чалавек, уключаючы прафесійных акцёраў тэатра і кіно, – гэта новы рэкорд «Беларускіх уікэндаў».
Зняты ў 1990 годзе «Адзін дома» – адзін з самых папулярных навагодніх фільмаў апошніх трыццаці гадоў. Стужка расказвае пра Кевіна МакКалістара, малодшага сына ў вялікай сям’і. Напярэдадні вандроўкі ў Еўропу яго выпадкова пакінулі дома аднаго, і яму прыйшлося спраўляцца з недзіцячымі праблемамі: у прыватнасці, з парай прафесійных рабаўнікоў. У 1991 годзе сямейная камедыя са шчаслівым фіналам атрымала дзве намінацыі на «Залаты глобус» і дзве – на «Оскар». Над фільмам працавала сапраўдная зорная каманда: рэжысёр Крыс Каламбус, сцэнарыст Джон Х’юз, кампазітар Джон Уільямс. Запамінальнымі сталі ролі Джо Пешы і Дэніэла Стэрна, якія гралі рабаўнікоў. Галоўную ролю ў фільме выканаў акцёр Макалей Калкін – падчас здымак яму было 10 гадоў.
У беларускай агучцы фільма «Адзін дома» ўзялi ўдзел 14 чалавек, сярод іх – Павел Харланчук, Яўген Перлін, Святлана Цімохіна, Юліяна Міхневіч, якія ўжо не аднойчы агучвалі фільмы праекта, і многія іншыя. «Адзін дома» завершыць «Калядны марафон», папярэднія фільмы якога – «Цвёрды арэшак» і «Гэта цудоўнае жыццё» – сабралі на паказах больш за 3500 чалавек. Гледачы змогуць не толькі атрымаць асалоду ад захапляльнага сцэнарыя і яскравай акцёрскай ігры Макалея Калкіна і яго калег па карціне, але і паўплываць на будучыню праекта «Беларускія ўікэнды»: усе госці змогуць паўдзельнічаць у апытанні на тэму іх пераваг у кіно. Які фільм быў лепшым у 2018 годзе, фільмы якіх жанраў хацелася б глядзець часцей – адказы гледачоў паўплываюць на рэпертуар будучага сезона «Беларускіх уікэндаў».
У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх – «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Кніга Ілая», «Таямніца Келз», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё», «Падымаецца вецер», «Мой сябар жырафа», легендарная стужка «Вогненныя калясніцы», якая атрымала чатыры статуэткі «Оскар», а таксама першая мультыплікацыя Уэса Андэрсана «Неверагодны містар Фокс». 50 культавых работ сусветнага кінематографа ў беларускай агучцы, у тым ліку агучаныя ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» фільмы «Рыбка Поньё», «Маленькі прынц», «Кніга Ілая», «Падынгтан», «Жонка аглядальніка заапарку», можна паглядзець на платформе VOKA – у спецыяльным раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску». Гэты раздзел даступны для прагляду падпісчыкам пакета «VOKA Відэа».
Сямейная камедыя «Адзін дома» – завяршальны фільм «Каляднага марафона» праекта «Беларускія ўікэнды». Сачыць за навінамі праекта і раскладам сеансаў фільма «Адзін дома» на беларускай мове можна на сайтах kinakong.by і velcom.by.
Паводле прэс-рэлізу