Звольнілі дырэктара віцебскай школы, якога прымусілі перапісаць выбарчы пратакол
Звольнілі дырэктара віцебскай школы №44 Сяргея Піталенку. На мінулых выбарах ён быў старшынёй выбарчай камісіі, якую адміністрацыя раёна схіляла перарабіць пратакол. «Наша Ніва» звязалася з былым дырэктарам.
«Мяне звольнілі паўтара месяца таму, — кажа ён. — Афіцыйная
прычына — за канцэртную дзейнасць у працоўны час. Трэба сказаць, што я даўно
вяду розныя мерапрыемствы ў раёне, гэта ўсім вядома і раней нікога не
турбавала. Цяпер палічылі, што гэта парушэнне працоўнага заканадаўства і
абавязкаў дзяржаўнай асобы. Я хоць і не быў чыноўнікам, але прыраўнаваны да
яго».
Пакуль Сяргей Піталенка адпачывае.
«У школу ўладкавацца наўрад ці атрымаецца. Буду разглядаць
іншыя варыянты. Дзякуй богу, канцоўку лета правёў з дачкой, чаго ніколі не было
раней», — усміхаецца ён.
«Я 11 гадоў узначальваў школу. А наогул 29 гадоў у адукацыі.
Гэта павінна было быць трыццатае 1 верасня для мяне», — заўважае Сяргей.
Сяргей Піталенка быў старшынёй выбарчай камісіі № 25. У
сеціва трапіла аўдыё, як старшыня Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей
Сташэўскі ўгаворваў іх памяняць месцамі колькасць галасоў за Ціханоўскую і
Лукашэнку. Прадстаўнікі камісіі абураліся, як яны будуць глядзець у вочы
выбаршчыкам, а чыноўнік расказваў, што сёння — іншыя задачы. У выніку пратакол
перапісалі.