Жонка палітвязня Аляксандра Велясніцкага: «Падтрымлівае вера ў тое, што муж вернецца дадому»
Пасля выбараў-2020 Аляксандр запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Жонка ведала пра намер мужа і падтрымала яго, хоць і вельмі перажывала за яго. Зараз Аксану падтрымлівае салідарнасць блізкіх і незнаёмых людзей, пішуць праваабаронцы.
Палітвязня Аляксандра Велясніцкага затрымалі 29 верасня за каментар па «справе Зэльцэра». З тых часоў мужчына ўтрымліваецца пад вартай у Жодзіне: яму, як і іншым затрыманым па гэтай справе, не перадаюць лісты і тэлеграмы, для яго не прымаюць перадачы.
Больш за месяц палітвязень знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі ад знешняга свету, яго адзінае злучальнае звяно — адвакат, які знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму можа выключна апісаць агульны стан палітвязня і перадаць сям'і спіс неабходных яму рэчаў — якія, хутчэй за ўсё, яму не перадаюць.
Жонка Аляксандра Аксана распавяла «Вясне» пра яго сумесныя заняткі з сынам, захапленне рыбалкай і тое, чаму яна ганарыцца сваім мужам.
Аксана пачынае размову пра мужа з апісання яго характару: «Ён вельмі добры, справядлівы і вясёлы. Мой муж сумленны і неканфліктны чалавек».
Сярод прыкметных якасцей Аляксандра — гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Яна выяўляецца ў падтрымцы сяброў і сям'і: напрыклад, ён заўсёды дапамагае жонцы па хаце — умее гатаваць, бавіць час з сынам за заняткамі над маўленнем, шпацырамі, гульнёй у машынкі. Ён досыць строгі бацька, але рэдка павышае голас на дзіця. Пакуль Аксана не расказала хлопчыку, дзе яго тата.
«Першае, што мне прыйшло ў галаву, — сказаць сыну, што тата ў рэйсе. Ён дальнабойнік, таму часта ад'язджаў на месяц-два, — распавядае Аксана. — Але я параілася з дзіцячым псіхолагам і цяпер паволі рыхтую яго да таго, каб ён пачуў праўду. Бо ён бачыў затрыманне, бачыў, як тату адводзіла міліцыя, і цяпер ён усё часцей пачынае пытацца, калі тата вернецца. Я разумею, што ён усё роўна даведаецца праўду, таму не хачу хаваць яе. Але ў першую чаргу характарызую для яго бацьку з добрага боку».
Аляксандр часта дапамагае жонцы не толькі па хатніх, але і па працоўных справах: кансультуе яе ў юрыдычных пытаннях. Акрамя гэтага, сям'я цяпер будуе дом, які пакуль гатовы менш чым напалову: некаторую працу — напрыклад, заліць падмурак, пакласці мур — палітвязень ўмее рабіць сам.
Некалькі гадоў таму Аляксандр сышоў з афіцэрскай службы: гэта стала для яго няпростым рашэннем. Ён доўга разважаў, раіўся з усімі, але ў той момант сям'я стала будаваць дом, жонка знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, таму востра стаяла грашовае пытанне. Тады Аляксандр і Аксана купілі ў крэдыт грузавую машыну і заняліся грузаперавозкамі. Аднак пандэмія ўнесла карэктывы, заробак упаў, кошты на эксплуатацыю машыны пачалі расці, і яе давялося прадаць. Аляксандр уладкаваўся на працу кіроўцам-міжнароднікам па месцы жыхарства.
«Яму падабаецца такая праца, — кажа Аксана. — Ён стаў спакайнейшы, бо на службе апошнім час зрабілі больш жорсткімі патрабаванні, адпавядаць ім станавілася ўсё складаней, яго часта выклікалі на працу. Я бачыла яго прыгнечаным і стомленым, але асабліва не лезла ў яго справы».
Пасля выбараў-2020 Аляксандр запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Жонка ведала пра намер мужа і падтрымала яго, хоць і вельмі перажывала за яго. Зараз Аксану падтрымлівае салідарнасць блізкіх і незнаёмых людзей. Яна распавядае, што за Аляксандра хвалююцца, пытаюцца, якія ў яго навіны, падтрымліваюць яе маральна.
«Першы час было вельмі цяжка, — кажа яна. — Я ўвесь час была на супакаяльных, таму што трэба было гэта прыняць. Але цяпер, акрамя салідарнасці людзей, мяне падтрымлівае разуменне таго, што ў мяне ёсць дзіця, якое трэба гадаваць. І вера ў тое, што муж вернецца дадому. Адцягваць увагу дапамагае і праца. Я стараюся менш думаць пра дрэннае, хоць страшыць нявызначанасць — але ў любым выпадку мы заўсёды будзем яго чакаць. Я веру ў яго, ён моцны мужчына, які павінен справіцца. Я ганаруся, што ў мяне ёсць такі муж. Хацелася б, каб такіх людзей было больш».
Аксана распавядае, што яны з мужам ніколі не абмяркоўвалі пытанне ад'езду з Беларусі — тут іх сям'я, дом. Яна просіць пісаць Аляксандру пра што-небудзь добрае і светлае, пра тое, што ўсё будзе добра і ён вернецца да сям'і, якая чакае, любіць, шануе і перажывае за яго.
На момант публікацыі ні перадачы, ні пасылкі для Аляксандра так і не
перадалі. Для падтрымкі здароўя страўніка яму неабходна прымаць таблеткі. Ці
даходзяць яму і іншым затрыманым па справе Зэльцэра лісты і тэлеграмы —
невядома.