«Здрада Радзіме». Сёння пачынаюць судзіць Паўла Белавуса, заснавальніка Symbal.by
У абвінавачванні гаворыцца, што Павел «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», вёў «антыдзяржаўную дзейнасць», «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы».
У Мінскім гарадскім судзе 20 лютага пачынаецца разгляд справы заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса. Працэс будзе весці суддзя Жана Брысіна.
Судовы працэс пройдзе ў закрытым рэжыме.
Па версіі абвінавачання, Белавус
«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы», — распавядалі ў СК.
«Людзі Лукашэнкі» ў пагонах не змаглі патлумачыць, чаму яны 10 гадоў давалі працаваць, як яны кажуць, «здрадніку Радзімы» і маўкліва назіралі за яго дзейнасцю. У тым ліку нябожчык Макей неаднаразова прымаў удзел у мерапрыемствах, што ладзіў Павел Белавус.
У СК заявілі, што Павел Белавус падпісаў не менш як 12 дамоў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі і «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы».
35-гадоваму Паўлу Белавусу прад'яўлена абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»);ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);ч. 1 арт. 361-1 («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем»).
Нагадаем, заснавальніка Symbal.by і культурнага менеджара Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Яго тройчы судзілі па «адміністратыўцы», а пазней перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Ён прызнаны палітвязнем.
Таксама Паўла абвінавачваюць у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем» — «Беларускай Радай культуры», якой быў нададзены гэты статус, калі палітвязень ужо сем месяцаў як утрымліваўся пад вартай.
За кратамі Павел Белавус знаходзіцца адзін год і тры месяцы, яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.