Заўзятар: “На мяне спрабуюць павесіць разбітае ў тралейбусе шкло”
Да праваабаронцаў «Вясны» звярнуўся малады жыхар Мінска, які распавёў аб тым, якім чынам следчыя спрабуюць «распісаць» ягоную ролю ў фанацкай бойцы з пашкоджаннем тралейбуса, якая адбылася ў Мінску ў 2014 годзе.
29 чэрвеня 2014 года ў Мінску некалькі футбольных фанатаў клуба «Партызан» заблакавалі на маршруце тралейбус №3. Гэта здарылася каля гандлёвага цэнтра «Maximus». Пад час разборкі з «тарпедаўцамі», якія знаходзіліся ў салоне, былі знятыя токапрыёмнікі з транспартнага сродку, разбітае шкло, распылены слезацечны газ.
Затым прэс-служба МУС Беларусі паведаміла, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Мінска ўстанавілі асобы больш чым 10 футбольных фанатаў, супраць якіх была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК Беларусі «Хуліганства».
Усе падазраваныя былі на той час змешчаныя ў ІЧУ, з імі праводзіліся неабходныя следчыя дзеянні, ды відаць беспаспяхова, паколькі дагэтуль — а следства цягнецца паўтары гады — следчыя спрабуюць знайсці «вінаватага» ў гэтай справе.
У студзені фаната-юнака выклікалі следчыя Мінскага гарадскога упраўлення Следчага камітэта МУС:
«У сярэдзіне студзеня следчыя мне некалькі разоў тэлефанавалі дадому, нават прыязджалі, але я працую не ў Мінску. А вось калі вярнуўся дахаты, прыйшла позва, і я схадзіў да следчага ў якасці сведкі па гэтай справе. Там, пад ціскам, я вымушаны быў даць паказанні, што прысутнічаў у той дзень на месцы канфлікту балельшчыкаў, хаця нічога не мог разбіць, ці бачыць, хто гэта мог зрабіць, паколькі наогул у той дзень мяне ў тым месцы проста не было».
На допыце маладому чалавеку далі паслухаць аўдыёзапіс паказанняў незнаёмага чалавека, які называе прозвішча і сцвярджае, што шкло разбіў менавіта ён. Затым паказалі схему здарэння і падказалі: «Вось ты ж тут стаяў». Яшчэ следчы кажа: «Я ведаю, што ты ўцякаў прыкладна ў гэты бок, пакажы, куды ты бег, вось сюды?»
Пасля такой апрацоўкі юнаку прапанавалі «варыянты» далейшага развіцця падзей:
— Спачатку мяне хацелі «закрыць», маўляў, пасадзім зараз у камеру з людзьмі нізкага статусу, ці прапанавалі альтэрнатыву: «Бярэш на сябе разбітае шкло ў тралейбусе і атрымліваеш па-мінімуму». Калі ж адмаўляюся — мяне адразу садзяць на час следства і гадоў на пяць за краты. Альбо такі варыянт: я адмаўляюся прызнавацца, а зліваю тых, хто здымаў з тралейбуса рогі і тых, хто заліваў з балончыка салон і супрацоўнічаю з імі далей, збіраючы інфармацыю, дзе што ў Мінску адбываецца, дзе якія сутычкі моладзі, як фанаты сябе паводзяць». На роздум мне далі тры дні, я павінен быў патэлефанаваць і прызнацца, што разбіў шкло. Але ж мяне там не было.
Праз некалькі дзён пасля допыту юнак разам з адвакатам прыйшлі ў Мінскае гарадское ўпраўленне Следчага камітэта і заявілі аб пагрозах і ціску з боку следчага. У выніку малады чалавек адмовіўся ад сваіх ранейшых паказанняў цалкам. Следчы папярэдзіў, каб юнак з’яўляўся на допыты і следчыя дзеянні. У яго па-ранейшаму застаецца статус сведкі па гэтай справе.