Замест сну ў ІЧУ вязня тры ночы запар прымушалі стаяць і глядзець выступы Лукашэнкі
У ІЧУ Маладзечна хлопца, арыштантаванага за несанкцыянаванае пікетаванне, прымушалі глядзець выступы Лукашэнкі, стоячы ўсю ноч. І так тры дні запар.
Жыхара Вязынкі затрымалі ў лютым — у першыя дні рэферэндуму. Яго асудзілі на 13 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Арышт хлопец адбываў у маладзечанскім ІЧУ.
Праваабаронцам паведамілі, што першыя тры дні яго ўтрымлівалі ў «стакане», а тры ночы запар з 20:00 да 6:00 хлопца выводзілі ў «спецыяльны» кабінет. Там некалькі гадзін яму паказвалі відэа з выступамі Лукашэнкі, а ён павінен быў увесь час стаяць і глядзець. Пры гэтым прысутнічалі і міліцыянты, якія кантралявалі працэс. Але яны мяняліся, каб паспаць.
Перадачы яму перадалі ўжо амаль перад вызваленнем, калі ў камеру зайшоў начальнік ІЧУ і здзівіўся, чаму ў арыштантаў нічога няма. Тады ім прынеслі тры перадачы ад сваякоў. У палітычнай камеры было вельмі холадна.