Зайдэс супраць «Новага Часу»: пазоў задаволіць часткова
Раніцай 28 снежня ў Судзе Савецкага раёна Мінска распачаўся другі дзень судовага паседжання па іску бізнесоўца Леаніда Зайдэса да газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына.
Рэпартаж з першага дня суда:
Зайдэс супраць Новага Часу — анлайн
10.10 Прадстаўніца Зайдэса Яўгенія Патапава запытвае, хто ўсё ж аўтар выказвання №2. У першакрыніцах фраза не была знойдзена. Адвакат НЧ Марыя Колесава-Гудзіліна патлумачыла гэта тым, што магчыма ў першакрыніцах былі зроблены змены.
Яўгенія Патапава пацвердзіла, што яе давярыцель Леанід Зайдэс — удзельнік забудоўшчыка «Белрэстсервіс». І ён мае дачыненне да будаўніцтва аб'екта ў Курапатах.
Марыя Колесава-Гудзіліна прадставіла пераклад рашэння Дзісненскага суда (Украіна), у якім гаворыцца пра крымінальную справу ў адносінах да заснавальнікаў "МАГ 2000" і спіс заснавальнікаў "МАК 2000". Але суд адмовіў у далучэнні дакумента да справы, паколькі пераклад з украінскай натарыяльна не завераны.
10.20 Патапава пад час спрэчак наракае, што не была зроблена лінгвістычная экспертыза ўсяго тэкста, а ёсць толькі заключэнне спецыяліста па асобнай фразе («Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd»). Нагадаем, што па запыце суда ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі была праведзена экспертыза. Эксперт усталяваў, што спрэчны зварот адносіцца да слова «партнёры». У якасці эксперта выступіў першы намеснік дырэктара по навуковай рабоце Цэнтра, дырэктар філіяла «Iнстытут мовы і літаратуры», доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец.
10.30 Па меркаванні Патапавай, з артыкула не вынікае, што вядзецца пра будаўніцтва аб'екта да 2014 года, калі ён знаходзіўся ў межах ахоўнай зоны. Пасля таго, як ахоўныя межы перанеслі, будаўніцтва стала законным. Таму інфармацыя пра незаконнасць будаўніцтва ў артыкуле Івашына мае паклёпніцкі характар.
10.40 Яўгенія Патапава кажа, што інфармацыя з Украіны пра крымінальную справу супраць службовых асоб ТАА «Мак 2000» не азначае, што яна менавіта супраць Зайдэса (хаця ён і заснавальнік «Мак 2000»). Узгадванне Зайдэса ў гэтым кантэксце абражае яго гонар і годнасць.
Прадстаўніца Зайдэса пацвярджае, што публікацыі ў НЧ, на яе думку, нанеслі шкоду гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Пацвердзіла неабходнасць грашовай кампенсацыі маральнай шкоды. Заяўляе, што контрагенты, у тым ліку замежныя, прыпынілі супрацу з Зайдэсам, што нанесла шкоду бізнесу. Узгадвае вялікі розгалас у сацыяльных сетках і пра шэраг негатыўных каментароў у абмеркаваннях на форумах, які працягваецца да сёння.
10.50 Колесава-Гудзіліна нагадвае заключэнне мовазнаўцы, што фраза пра незаконнае будаўніцтва адносіцца да партнёраў Зайдэса. Кажа пра тое, што пастанова пракуратуры пра незаконнасць будаўніцтва не адменена.
11.00 Колесава-Гудзіліна звяртае ўвагу, што лісты партнёраў Зайдэса не могуць быць доказам урону, паколькі з іх незразумела, пра якія дыскрэдытуючыя матэрыялы вядзецца. Калі суд палічыць іск магчымым для задавальнення, то варта зрабіць суму адэкватнай.
11.15 Аксана Колб адзначае: тое, што будынак уведзены ў эксплуатацыю, яшчэ не значыць, што будаўніцтва было законным. Прадпісанняў генпракуратуры ніхто не адмяняў. Сам факт будаўніцтва побач з месцам расстрэлаў нясе забудоўшчыку рэпутацыйныя страты.
11.25 Дзяніс Івашын кажа, што факт незаконнай пабудовы пацверджаны пракуратурай. Што тычыцца фразы пра крымінальную справу ва Украіне, Дзяніс тлумачыць, што ён пісаў не пра Зайдэса асабіста, а пра фірму «Маг 2000», якая падазраецца ў тратах бюджэтных грошаў амаль 19 тысяч долараў. Незаконнае будаўніцтва нясе страты дзелавой рэпутацыі. Вінаваты сам Зайдэс, а не СМІ, якія пра гэта пішуць.
11.30 Прадстаўнік Дзяніса Івашына Алег Агееў кажа, што ацэнка таго, што будаўніцтва незаконнае, ёсць меркааннем яго давярыцеля. Але яно цалкам супала з ацэнкай пракуратуры. Агееў заявіў, што ў адпаведнасці з арт 52 Закона пра СМі, журналіст, які грунтуецца на звестках з дзяржорганаў, вызваляецца ад усялякай адказнасці, і просіць адмовіць у задавальненні іску.
Агучана рашэнне суда Савецкага раёна Мінска. Пазоў Леніда Зайдэса задаволены часткова: «Новы Час» абавязаны сплаціць Зайдэсу 700 рублёў маральнай кампенсацыі і судовыя выдаткі. Акрамя таго, «Новы Час» павінен апублікаваць абвяржэнне свайго матэрыялу.
Журналіст Дзяніс Івашын не мусіць плаціць кампенсацыю Зайдэсу.