«Захоўваць валоданне сабой, вытрымку, думаць галавой». Як паводзіць сябе на допыце
Сем месяцаў таму адвакат Сяргей Зікрацкі апублікаваў допіс у фэйсбуку, дзе дае парады аб тым, што рабіць, калі да вас прыйшлі сілавікі, і як паводзіць сябе на допыце / апытанні. На жаль, гэтыя парады не страцілі актуальнасці, таму, у сувязі з падзеямі апошніх тыдняў, мы вырашылі нагадаць іх нашым чытачам.
Калі вы думалі, што вас гэта не тычыцца, можаце быць упэўненым, што тычыцца. Абсалютная большасць жыхароў нашай краіны патэнцыйна могуць быць апытаныя або дапытаныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Амаль у кожнага ёсць сваяк / сябар / знаёмы, які за апошнія 6 месяцаў затрымліваўся праваахоўнымі органамі. А значыць і ў вас могуць захацець удакладніць нейкую інфармацыю.
Калі ласка, прачытайце і запомніце гэтыя парады. Гэта важна.
Парада першая. Памятайце, вы маеце права на юрыдычную дапамогу адваката.
Вы маеце права атрымаць юрыдычную дапамогу адваката заўсёды і ўсюды. Так, зусім заўсёды і зусім усюды. Хто б і пры якіх абставінах вас не апытваў / дапытваў, вы маеце права патрабаваць юрыдычную кансультацыю адваката. Нават калі вы ў КДБ у 3 гадзіны ночы, нават калі вы на памежнай заставе ў 300 км ад Мінска.
Артыкул 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму (!) права карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката ў любы момант (!).
Вы можаце заявіць, што настойваеце на юрыдычнай дапамозе адваката і не будзеце ўдзельнічаць у апытанні і допыце да таго моманту, пакуль не будзе прадастаўлены адвакат.
Калі ў вас ужо ёсць заключаная дамова з адвакатам, можна патрабаваць, каб прыехаў менавіта ваш адвакат. Калі ў вас няма дамовы з адвакатам, настойвайце, каб вам далі магчымасць заключыць дамову з адвакатам, у тым ліку далі магчымасць патэлефанаваць сваякам і сябрам, каб яны заключылі дамову з адвакатам у вашых інтарэсах.
Парада другая. Памятайце, што вы маеце права не даваць паказанні супраць сябе і вашых блізкіх.
Права не даваць паказанні супраць сябе павінна трактавацца максімальна шырока. Гэта не толькі здзяйсненне вамі якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў. Гэта здзяйсненне вамі і вашымі блізкімі любых дзеянняў. Напрыклад, вы маеце права адмовіцца ад пытання пра абставіны знаёмства з канкрэтным чалавекам, паколькі такім чынам вы будзеце даваць паказанні ў тым ліку і пра сябе. Вы маеце права не адказваць на пытанне пра свае службовыя абавязкі, паколькі гэта тычыцца вас.
Вам могуць нагадаць пра крымінальную адказнасць сведкі за адмову ад паказанняў і дачу загадзя ілжывых паказанняў. Памятайце, што адказнасць за адмову ад дачы паказанняў не датычыць выпадкаў адмовы ад дачы паказанняў супраць сябе і сваіх блізкіх.
Парада трэцяя. Памятайце, вы мае права адмовіцца ад удзелу ў апытанні.
Зараз будзе крыху тэорыі, але яна важная, каб зразумець сутнасць вашых правоў.
Вас могуць выклікаць у якасці сведкі. Допыт у якасці сведкі рэгулюецца КПК. Перад допытам вам абавязаны растлумачыць вашыя правы мець адваката і не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (гл. парада першая і парада другая).
Але вельмі часта грамадзян апытваюць ня як сведак і не ў рамках КПК. Так часцей за ўсё робяць ГУБАЗіК, ДФР, РУУС. Такія апытанні праводзяцца ў рамках аператыўна-вышуковай дзейнасці. Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці дае права грамадзянам адмовіцца ад удзелу ў аператыўна-вышуковых мерапрыемствах (за выключэннем тайных).
Таму, як толькі вас выклікалі (забралі, павезлі) і вырашаюць з вамі пагаварыць, удакладніце, у якім статусе вы знаходзіцеся. Калі сведка і будзе допыт у рамках КПК, то вы маеце права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (гл. парада другая). Калі ж вы не сведка, а будзе праводзіцца апытанне, то вы маеце права наогул нічога не казаць. Больш за тое, можаце патрабаваць, каб вас адпусцілі, паколькі ўдзел у такіх дзеяннях павінен быць выключна добраахвотным. Нагадаю, што параду першую (пра юрыдычную дапамогу адваката) ніхто не адмяняў — пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў вы таксама маеце права патрабаваць прысутнасці адваката.
Парада чацвёртая. Памятайце, вы маеце права не паведамляць паролі ад тэлефонаў, кампутараў, электроннай пошты і акаўнтаў у сацсетках.
На самай справе гэта права прама выцякае з права не даваць паказанні ў дачыненні да сябе і сваіх блізкіх. Я проста яго вылучыў асобна ў сілу вялікай значнасці інфармацыі, якая закрыта паролем. Падумайце 10 разоў раней, чым распавесці пароль супрацоўнікам праваахоўных органаў.
Парада пятая. Не спяшайцеся з адказамі на пытанні, адказвайце дакладна.
Калі вы вырашылі даваць паказанні — не спяшайцеся адказваць на пытанне. Паўтарыце пытанне ў розуме, сфармулюйце ў розуме адказ на пытанне, і толькі пасля гэтага агучце яго. Адказ на пытанне павінен утрымліваць толькі тую інфармацыю, якую ў вас прасілі. Не варта распавядаць нешта падрабязна (калі толькі вы свядома не сведчыце супраць свайго змоўшчыка). Бывалі выпадкі, калі падрабязныя адказы на пытанні і развагі на агульныя тэмы давалі праваахоўным органам тую інфармацыю, якую яны наогул не планавалі атрымаць у рамках апытання / допыту.
Парада шостая. Уважліва чытайце дакументы, выпраўляйце недакладнасці і рабіце заўвагі.
Усе вашыя паказанні павінны быць дакладна, карэктна і правільна зафіксаваныя. Па магчымасці даслоўна. Калі нешта зафіксавана не дакладна — выпраўляйце. Калі нейкія вашы словы не адлюстраваны ў пратаколе — патрабуйце дапаўнення пратаколу. Вам могуць сказаць, што гэта ўсё роўна, вам могуць сказаць, што тут запісана правільнай мовай і г.д. Але гэта на самай справе важна і павінна быць зафіксавана менавіта тымі словамі, якія вы казалі. Настойвайце! Калі гэтыя вашыя фразы не з'явіліся ў пратаколе або адлюстраваныя не дакладна — выпраўляйце і дапісвайце іх самі і зацвярджайце сваім подпісам.
Калі вы падпісваеце які-небудзь дакумент — можаце зрабіць любыя заўвагі, якія ў вас былі ўвесь гэты час. Вы прасілі адваката, а вам яго не далі — укажыце на гэта. Вы прасілі шклянку вады, але вам не далі — зафіксуйце. Вам трэба было патэлефанаваць родным, але вам сказалі, што вы не маеце права на званок — пішыце. У вас балела галава, жывот, вы перажывалі за свайго сабаку — рабіце пазнаку ў пратаколе. Вы нават не разумееце, як гэта можа быць важна. Проста паверце і не бойцеся рабіць заўвагі, выпраўленні і пазнакі ў дакументах перш чым іх падпісаць.
Парада сёмая. Запамінайце від працэсуальнага дзеяння, пасады і прозвішчы, імёны супрацоўнікаў.
Я ведаю, што гэта складана. Але гэта сапраўды таксама і вельмі важна. Запомніце як мінімум назву дакумента, які вы падпісваеце і назву органа, які праводзіў дзеянне. Папрасіце аркуш паперы і асадку, каб гэта запісаць. Вы маеце на гэта права. Гэтак жа сама як маеце права рабіць любыя пазнакі падчас працэсуальных дзеянняў. Калі вам не далі паперу і асадку, калі вам забараняюць рабіць пазнакі — указвайце на гэта ў пратаколе перш, чым паставіць свой подпіс.
Парада восьмая. Адключыце эмоцыі, уключыце галаву.
Гэта, мабыць, складаней за ўсё.
Вы апынецеся ў асяроддзі, у якім не бывалі раней. Вам будзе страшна з-за нявызначанасці. Людзі, якія вас будуць атачаць у гэты момант, будуць рабіць усё, каб гэты стан захоўваўся ў вас максімальна доўга.
Яны будуць прыходзіць і сыходзіць. Яны будуць казаць шмат незразумелых слоў. Яны будуць называць нумары артыкулаў і тэрміны. Некаторыя могуць ціснуць, некаторыя могуць пагражаць, іншыя будуць усміхацца. Яны будуць казаць, што хочуць дапамагчы вам.
Памятайце, гэтыя людзі не могуць быць вашымі сябрамі. У вас з імі дакладна розныя мэты. Я ведаю кучу прыкладаў, калі ў абмен на патрэбныя паказанні супрацоўнікі праваахоўных органаў абяцалі адразу адпусціць і не праводзіць ператрус у доме ў састарэлых бацькоў, а па выніку пасля атрымання гэтых паказанняў адразу везлі на ператрус і «закрывалі» на 72 гадзіны.
Таму паспрабуйце адключыць эмоцыі. Паспрабуйце думаць галавой. Папрасіце шклянку вады. Супакойцеся. Калі побач ёсць адвакат — пагаварыце з ім яшчэ раз. Ён адзіны, хто сапраўды гуляе ў вашай камандзе. Калі адваката няма — патрабуйце прысутнасці адваката (гл. парада першая).
Памятайце, што б вам не казалі — за сценамі і варотамі гэтай установы абавязкова ёсць вашы блізкія, знаёмыя і сябры. Яны любяць вас і перажываюць за вас. Яны гатовыя зрабіць усё, каб вам дапамагчы. І яны абавязкова вам дапамогуць. Ваша задача захоўваць валоданне сабой, вытрымку, думаць галавой, і не кіравацца эмоцыямі.