З 1 кастрычніка ў суды могуць трапіць толькі ўдзельнікі працэсу
Афіцыйная прычына — каронавірус, паведамляе Радыё Свабода.
![Абвестка на дзвярах гродзенскага суда Абвестка на дзвярах гродзенскага суда](/img/v1/images/d8249611_f1e3_46c5_9139_e0ad7db70688_cx0_cy11_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абвестка на дзвярах гродзенскага суда
Такія абвесткі пабачылі на судах Гродна і Гомеля 1 кастрычніка. Забарона дзейнічае з прычыны «плану захадаў для прафілактыкі і мінімізацыі рызыкі пашырэння каронавіруснай інфекцыі (COVID-19) у асенне-зімні перыяд 2020–2021 гадоў у сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі». Адпаведны загад выдаў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі 28 верасня.
Загад паказалі ў Кастрычніцкім судзе Гродна актывісту Ежы Грыгенчы, але сфатаграфаваць не дазволілі, бо ён, маўляў, для ўнутранага карыстання.
![Абвестка на дзвярах гомельскага суда Абвестка на дзвярах гомельскага суда](/img/v1/images/f5657774_aa56_4b98_8dc0_49b12842531c_w1597_n_r0_st.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абвестка на дзвярах гомельскага суда
Адметна, што вясной Вярхоўны суд адзначаў, што меры прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі не закранаюць прынцыпу галоснасці судовага разбору.
«Неабгрунтаванае абмежаванне доступу грамадзян у суды не дапускаецца. У справах, якія разглядаюцца ў адкрытых судовых паседжаннях, забяспечваецца магчымасць прысутнасці асобаў, якія не ёсць удзельнікамі працэсу, у тым ліку журналістаў сродкаў масавай інфармацыі», — гаварылася ў паведамленні Вярхоўнага суда ў красавіку.