Youtube выдаліў амаль усе відэа каналу NEXTA з-за скаргаў БТ. Аўтар: «проста пачну выдаляць лагатыпы»

Канал Сцяпана Пуціла налічвае амаль 200 тысяч падпісантаў. Пасля дзвюх скаргаў Белтэлерадыёкампаніі на выкарыстанне аўтарскага кантэнту без дазволу, з канала NEXTA зніклі амаль усе відэа. хутка можа быць заблакаваны, піша Euroradio.

nch_001_6.png


“Цяпер я схаваў ўсе відэа, бо калі будзе трэцяе папярэджанне, канал заблакуюць, — распавёў Сцяпан Пуціла, стваральнік канала. — Яго можна будзе аднавіць, вядома, але увесь кантэнт знікне. І працэс досыць складаны”.
Як кажа сам аўтар сацыяльных відэа, у кожным з выпускаў яго навін доля кантэнту, які браўся з эфіраў телеканалаў НДТРК, была невялікая — каля 20%. Скаргі на відэа пачалі прыходзіць не толькі ад Белтэлерадыёкампаніі, але і ад партнёрскай сеткі MediaTube, да якой належаць тэлеканалы СТБ і АНТ.
“Адміністрацыя Youtube не хоча ўмешвацца і разбірацца”
“Праблема і з заканадаўствам. Адміністрацыя Youtube не хоча ўмешвацца і разбірацца: ці то ім людзей не хапае, ці то што. Таму яны пры канфліктных сітуацыях стараюцца дыстанцыявацца. Але калі ўжо скаргаў шмат, пачынаюць разглядаць сітуацыю падрабязна, тым больш, што канал досыць буйны і ідуць прыбыткі з рэкламы. Бо калі б задаволілі ўсе скаргі, якія прыйшлі на мае відэа, канал быў бы ўжо даўно заблакаваны”, — кажа блогер.
Па словах Сцяпана, на пляцоўцы ў асноўным карыстаюцца амерыканскім заканадаўствам у галіне медыясферы і аўтарскіх правоў. Ёсць і згадка, каб аўтары відэа памяталі пра лакальныя законы, таму блогер напісаў адміністратарам пляцоўкі, што, згодна з беларускім заканадаўствам, “можна выкарыстоўваць [кавалкі перадач] у інфармацыйных, крытычных і аналітычных мэтах”.
Каб пазбегнуць далейшых праблем і магчымага блакавання, блогер збіраецца змяніць фармат падачы матэрыялаў з дзяржаўных крыніц:
“Далей я проста не буду выкарыстоўваць іх лагатып у відэа, каб немагчыма было дакладна зразумець, з якой крыніцы ўзятае відэа. Асабліва з удзелам прэзідэнта так званага. І агулам, інфу можна браць і з афіцыйнага сайта кіраўніка, але там шмат чаго цікавага няма з таго, што трапляе ў навіны”.
Але выкарыстоўваць відэа з дзяржаўных каналаў блогеру ўсё адно давядзецца. Як кажа ён сам, іншых крыніц досыць часта проста няма: “Можна будзе ці то падрэзаць відэа, ці то нейкім чынам рабіць так, каб не трапляў лагатып”.
“Цяпер, вядома ж, гэтыя скаргі я буду абскарджваць, бо публічныя справы, нейкае грамадскае жыццё — гэта ўсё не можа быць аўтарскім правам канкрэтнай кампаніі. Да гэтай інфармацыі мусяць мець доступ усе грамадзяне, — мяркуе Сцяпан Пуціла. — Калі ж Youtube-канал усё ж заблакуюць, то Nexta “пераедзе” у Telegram. Магчыма, будзе створаны і іншы канал ці канал на іншай пляцоўцы. Але тут ужо будзе праблема — частку аўдыторыі сталага ўзросту будзе цяжка перавесці на новую пляцоўку і навучыць, як ёй карыстацца”.
Па словах блогера, нават выдаленне канала не спыніць яго працу.