Віктар Сазонаў. Правы чалавека і прыгоннае права

Хто бы мог падумаць, што ў дваццаць першым стагоддзі, у цэнтры Еўропы, хтосьці ўсур’ёз можа разважаць пра ўвядзенне прыгоннага права. А вось і сталася. У Беларусі. Увядзенне яго цалкам мажлівае ў галіне сельскай гаспадаркі.



120.jpg

На стале галоўнага ўжо ляжыць адпаведны дэкрэт і з прыемным нецярпеннем чакае, калі яго завізуе славуты подпіс. Ляжыць-ляжыць. Сам кіраўнік краіны вымавіў гэтыя словы. А ўслед за ім і астатнія кіраўнікі рангам значна ніжэйшым пачалі тлумачыць, што нічога страшнага ў гэтым прыгонным праве няма.

Ну ясна што няма для сённяшняй дзяржаўнай прапаганды. Яны усё могуць перавярнуць з ног на галаву. Маўляў, хоць і прыгоннае, але ж права. Вось ушанаванне памяці палеглых у паўстанні 1863-64 гадоў гэта для іх страшная з’ява. За гэта ў сучаснай Беларусі пераследуюць, судзяць, караюць. І цяпер ясна чаму. Кастусь Каліноўскі з сваімі паўстанцамі былі акурат супраць прыгоннага права. Не ўсведамлялі яны, малаадукаваныя мужыкі, як гэта зараз усведамляюць моцна адукаваныя за народныя грошы беларускія чыноўнікі, што вяскоўца трэба ж неяк утрымліваць на зямлі. А то ж разбягуцца хто куды! Пазбірай паспрабуй іх пасля да кучы. Хто ж працаваць будзе?

 Ды што там паўстанцы з дзевятнаццатага стагоддзя, які толькі і хацелі, што мірна і годна на той зямельцы працаваць без чужацкага прымусу. Усе еўрапейскія кіраўнікі па сённяшні дзень не могуць зразумець, што мужыка ад зямлі адпускаць нельга. Там у іх у Еўропе, страшна падумаць, не толькі прыгоннага права няма, але нават прыватная ўласнасць на зямлю існуе. І што самае дзіўнае, ніхто на той зямлі нікога працаваць сілай не прымушае. Хочаш бульбу на ёй садзі, а хочаш у футбол гуляй. Можаш нават той бульбай замест мячыка. І ні прэзідэнты не ездзяць па калгасах з праверкамі, ні намеснікі. Ды і калгасаў тых няма зусім. Толькі вось дзіўная сітуацыя для беларускага чыноўніка – калгасаў няма, а мяса, малако, бульба, мёд ды іншыя прадукты ёсць. Хоць ты іх еш, хоць на морду мазай. Выбар цалкам належыць табе.

І пра прыгоннае права яны там зусім не думаюць. А думаюць усё больш пра іншыя правы. Пра правы чалавека. Клапоцяцца, каб хто іх не парушыў нават крыху. Таму пра прыгоннае права ўжо зусім забыліся нават як пра з’яву дзікай і бесчалавечнай мінуўшчыны. Вось яно і атрымліваецца, што існаваць у адной асобна ўзятай краіне можа толькі адзін від правоў. Ці правы чалавека, ці прыгоннае права. Выбірайце, спадарства беларусы, калі ласка. Што вам болей да спадобы. Двух варыянтаў быць не можа. Не ўжываецца прыгоннае права з правамі чалавека. Яно ў нас капрызнае, як нашае кіраўніцтва. Ужываецца толькі з падобнымі да сябе каханых.

 Вось нарэшце і нашы браты ўкраінцы, як і ўсе астатнія еўрапейцы, выбралі не прыгоннае права, а правы чалавека. І ў новага прэзідэнта Украіны ўжо тэрмін “прыгоннае права” можа звязвацца толькі з цёмнымі старонкамі гісторыі, калі акупанты не шанавалі ні жыцця, ні пачуццяў тых людзей, што жылі цяжкой працай. Новая ўкраінская ўлада разважае пра недапушчальнасць парушэння правоў чалавека, пра справядлівасць на ўсіх роўнях грамадскага і дзяржаўнага жыцця, пра Свабоду для Краіны і Чалавека, пра павагу да кожнага індывіда, пра вартасць кожнай Асобы. І можна з упэўненасцю сказаць, што сельская гаспадарка, як і іншыя гаспадаркі, там будуць толькі падымацца. Бо ідуць яны правераным шляхам. Шляхам свабоды. У тым ліку і свабоды асобы. Ну а свабодны не бывае галодны. Гэтым шляхам і еўрапейскія і паўночнаамерыканскія, і многія іншыя краіны дасягнулі свайго дабрабыту. Тут, як кажуць, ровар вынаходзіць не трэба.

Шлях прыгоннага права таксама не новы. Ён таксама даўно правераны. І вядзе да заняпаду, голаду, рабства, поўнага бяспраўя, адчаю і сацыяльнага выбуху. Гэта ведае кожны школьнік, які па гісторыі мае адзнаку хаця б крыху вышэйшую за двойку. І зараз адбываецца асноўная праверка для беларусаў. Што ж на гэты раз, свядома і ведаючы пра ўсе наступствы, абярэм мы. Прыгоннае права, ці ўсё ж правы чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя