Віцебскія актывісты БХД распачалі кампанію супраць будаўніцтва новага Палацу шлюбу
У Віцебску ў 2019 годзе ў ахоўнай гістарычнай зоне Ніжняга Замка плануецца пабудаваць новы Палац шлюбу.
Будынак быў унесены ў інвестыцыйны план горад за нумарам № 1 яшчэ ў 2017 годзе, але тады актывісты БХД здолелі не дапусціць яго будаўніцтва, апелюючы да наяўнасці вялікай колькасці доўгабудаў сацыяльнага прызначэння і да будаўніцтва ў ахоўнай зоне.
Пры гэтым, як адзначыла каардынатар БХД Таццяна Севярынец, адказны за гэты пункт плана намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі аргументаваў тым, што «трэба ж што-небудзь планаваць».
Зараз гэты будынак зноў унесены ў план горада. Пры гэтым у Віцебску ёсць закінуты Палац культуры Віцебскага раёна, некалькі цэнтраў культуры, дамоў культуры, Лядовы палац, філармонія, дзе можна было б рэгістраваць і шлюбы. Больш за тое, у горадзе няма паліклінікі ў мікрараёне Білева (толькі медыцынскі офіс), катастрафічна не хапае дзіцячых садкоў, школы ў Білева, развальваецца будынак абласной кардыялогіі, шэсць гадоў іржавее тэхніка каля корпуса гінекалогіі.
«Мы, сябры аргкамітэта БХД, якія ўжо даўно заявілі “Віцебск — горад наш”, канешне, не пакінем гэта без увагі: свае прэтэнзіі і меркаванні мы ўжо выказалі ў сшытку заўваг і прапаноў, напісалі заяву на абавязковы сход грамадзян, пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам супраць гэтага сумнеўнага аб’екта», — падкрэсліла Таццяна Севярынец.
Паводле bchd.info