Улады прыдумалі новаўвядзенні для тых, у каго ёсць нерухомасць: Што збіраюцца змяніць?
Чыноўнікі хочуць увесці змяненні што да нерухомасці. Адпаведны праект закона прынялі дэпутаты ў першым чытанні.
Да прыкладу, хочуць дазволіць рэгістраваць маёмасць без прывязкі да месцазнаходжання. А таксама абавязаць пакупнікоў нерухомасці цягам шасці месяцаў рэгістраваць яе на сябе. Гэта вынікае з праекта закона прынялі дэпутаты ў першым чытанні, піша «Люстэрка».
Пра які дакумент гаворка?
У парламенце 28 чэрвеня паведамілі пра прыняцце ў першым чытанні праекта закона «Пра змяненне законаў па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яго і ўгодаў з ёй». Чыноўнікі хочуць «ліквідаваць прабелы ў прававым рэгуляванні пытанняў дзяржаўнай рэгістрацыі ў дачыненні да нерухомай маёмасці».
Што можа змяніцца
Адно з магчымых новаўвядзенняў датычыць рэгістрацыі нерухомасці.
«У Беларусі дазволяць рэгістраваць нерухомасць без прывязкі да яе месцазнаходжання. У Дзяржкаммаёмасці даўно казалі пра гэта, — адзначыла экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская ў сваім тэлеграм-канале. — Калі яго (законапраект. — Заўв. рэд.) прымуць, можна будзе звяртацца па паслугу афармлення нерухомасці ў любое агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры незалежна ад месца знаходжання аб’екта нерухомасці».
Яшчэ адно магчымае новаўвядзенне — абавязаць пакупнікоў нерухомасці цягам шасці месяцаў рэгістраваць яе на сябе. Рэч у тым, што на практыцы ўзнікаюць сітуацыі, калі аб’ект нерухомасці доўгі час лічыцца за ранейшым яе гаспадаром, бо новы не спяшаецца рэгістраваць яго на сябе. Пры гэтым падатак на жыллё выстаўляюць ранейшаму ўладальніку.
Таксама чыноўнікі хочуць прапісаць змены па набыцці зямельных участкаў замежнікамі. Так, са студзеня 2023 года было ўведзенае змяненне, паводле якога ў шэрагу выпадкаў зямельныя ўчасткі ў Беларусі можна перадаваць у спадчыну замежным грамадзянам.
Цяпер чыноўнікі хочуць забараніць сітуацыі, калі замежнікі становяцца аднаасобнымі ўласнікамі зямельных участкаў. Да прыкладу, такое магчыма падчас рэарганізацыі юрыдычнай асобы.
Што будзе далей з законапраектам?
Наперадзе — разгляд законапраекта ў другім чытанні ў парламенце. Калі яго зацвердзяць, то ён пойдзе ў Савет Рэспублікі, а потым — на стол да Аляксандра Лукашэнкі.