У Курапатах прыгадалі сучасных палітвязняў і ахвяр таталітарных рэжымаў
29 ліпеня ва ўрочышчы Курапаты адбылася традыцыйная акцыя па ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
15 чалавек прысутных запалілі знічы, усклалі кветкі, прачыталі малітву «Магутны Божа».
У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел грамадскія актывісты, сярод якіх беларускі рэжысёр Вольга Мікалайчык, маці двух палітвязняў Галіна Сіўчык, актывісты Мікола Бамбіза, Ніна Багінская, Яўген
Батура і іншыя.
Акцыя адбылася без яе арганізатара — намесніка старшыні Руху
Салідарнасці «Разам» Аляксандра Макаева, які пазаўчора
судом Маскоўскага раёну быў пакараны на 15 сутак зняволення. Ён падняў бел-чырвона-белы сцяг падчас малітвы за вызваленне палітвязняў, якая адбывалася ля касцёла святых Сымона і Алены на плошчы
Незалежнасці. Сваю акцыю Макаеў прымеркаваў да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Гэтым разам Курапаты наведала сям’я з Клімавічаў. Аляксандр Галкоўскі, які прывёў сюды і сваіх суродзічаў, распавёў, што тут пахаваныя яго продкі. Пад раскулачванне трапіла 24
сям’і яго роду. Шмат расстраляных тут, у Курапатах. Яны прыйшлі сюды каб ускласці кветкі, памаліцца, бо дзяржава не клапоціцца належным чынам аб нявінна забітых. Удзельнік акцыі выказаў
спадзеў, што сюды будзе прыходзіць больш беларусаў, бо практычна няма такіх сем’яў, якія не закрануў сталінскі молах.
Тэма рэпрэсій таталітарных рэжымаў гучала як ніколі актуальна.
Галіна Сіўчык распавяла прысутным, што сёння стала вядома пра арышт яшчэ аднаго актывіста Руха Салідарнасці «Разам» і «Альтэрнатыва», абаронцы Курапатаў — Іллі Дабратвора.
Ён паспеў паведаміць, што яго затрымалі ў судзе Кастрычніцкага раёну, дзе ён знаходзіўся на працэсе над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Ілля быў у чорнай майцы з Пагоняй і надпісам
«Свабоду палітвязьням». Яго хутка асудзілі на 14 сутак зняволення за «лаянку ў грамадскім месцы» і павезлі на Акрэсціна.
Удзельніца акцыі адзначыла, што магчыма гэта звязана з актыўнымі дзеяннямі Руха Салідарнасці «Разам» за мяжой:
20 ліпеня актывісты гэтай арганізацыі пікетавалі пасольства Беларусі ў Кіеве каб перадаць свой зварот з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і вызвалення беларускіх палітвязняў. Акцыя была
прымеркавана да 20-годдзя кіравання Лукашэнкі, — кажа спадарыня
Сіўчык. — 27-га ліпеня на Дзень незалежнасці Беларусі прадстаўнікі Руха разам з іншымі
арганізацыямі Майдана ў Кіеве абыходзілі амбасады Германіі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Польшы, Нідэрландаў, Літвы, Ізраілю, ЗША, у тым ліку і Беларусі, каб перадаць зварот з подпісамі ўдзельнікаў
нядзельнага Народнага Веча да кіраўніцтва іх краінаў. Яны прасілі кіраўніцтва краін на ўроўні міжнародных еўрапейскіх арганізацый АБСЕ і Рады Еўропы правесці аб’ектыўнае расследаванне
абстрэлу ўкраінскіх тэрыторый зенітна-ракетнымі ўстаноўкаім «Град» з
тэрыторыі Расіі. Таксама, — кажа спадарыня, — у Варшаве ўдзельнікі вялікага антыпуцінскага маршу супраць тэрарызму віталі беларускі Дзень Незалежнасці
і жадалі беларусам хутка пазбавіцца ад дыктатуры.
Галіна Сіўчык распавяла, што 28 ліпеня на стагоддзе Першай імперыялістычнай вайны актывісты Руха ўшанавалі памяць герояў каля сімвалічнай магілы Станіслава Булак-Балаховіча ў Варшаве.
Яна паведаміла, што 4 жніўня, у Міжнародны Дзень Салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, у Кіеве адбудзецца буйная акцыя у падтрымку А. Макаева і І. Дабратвора.
Наступная акцыя арганізатараў ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій — нацыянальная выправа ў Катынь, якая адбудзецца 23 жніўня, у агульнаеўрапейскі Дзень ушанавання памяці
ахвяр сталінскага і нацыстскага рэжымаў.