Таццяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў: за «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»
Чарговы судовы працэс над актывісткай БХД Таццянай Севярынец прайшоў 22 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску.
Суддзя Дзяніс Аляксеенка прызнаў Севярынец вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў. Пра гэта паведамляецца на сайце "Віцебскай Вясны".
Як зафіксавана ў двух адміністрацыйных пратаколах, складзеных на Таццяну Севярынец маёрам міліцыі Склімянком, жанчына ўзяла актыўны ўдзел у не дазволеных уладамі масавых мерапрыемствах каля ГЦ «Марка-Сіці» 31 траўня і 7 чэрвеня. На пікетах «публічна выказвала свае асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы, скандавала лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»
На судзе Таццяна Севярынец спаслалася на арт. 61 Выбарчага кодэксу, згодна з якім падчас выбарчай кампаніі збор подпісаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетавання, дазвол на які браць не трэба. 31 траўня яна прыйшла паставіць свой подпіс за Святлану Ціханоўскую і не адмаўлялася ад таго, што выступіла на пікеце, тым больш што ў ім браў удзел ейны сын — цяпер палітвязень Павел Севярынец. Імпрэза было абсалютна законнай, сцвярджала Тацяна Севярынец.
Актывістка не пагадзілася з тым, што нібыта заклікала на пікеце да байкоту выбараў. Заклікала толькі «не баяцца выказваць сваё меркаванне, бо гэтае права гарантуецца і заканадаўствам, і Канстытуцыяй».
Што да пікетавання 7 чэрвеня, то спадарыня Таццяна не адмовілася ад сваёй прысутнасці на ім, але запэўніла, што ніякіх плакатаў, як гэта сцвярджалася ў пратаколе, не выкарыстоўвала і да байкоту не заклікала.
«Шкада, што нашая міліцыя столькі часу губляе на збор усёй гэтай інфармацыі, падсоўвае яе ў суды — у той час як у краіне столькі праблемаў! Маючы вялікі жыццёвы досвед, скажу: гэта настолькі непрыгожа, настолькі не адпавядае жыццю і ідэям свабоднай дэмакратычнай краіны, што проста горка!» — абурылася Тацяна Севярынец, выслухаўшы доўгі пералік прыкладзеных да справы дакументаў.
Адзначым, што суддзя Дзяніс Аляксеенка на самым пачатку працэсу задаволіў хадайніцтва Таццяны Севярынец аб магчымасці весці відэаздымкі. Але на гэтым праявы дэмакратычнага суду і скончыліся. Шчырая прамова Таццяны Севярынец ніяк не паўплывала на канчатковае рашэнне суду: штраф — 30 базавых велічынь (810 рублёў).