Святлана Ціханоўская — пра перанос чэмпіянату свету па хакеі з Мінска: гэта наша агульная перамога

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі аператыўна выказалася на гучную тэму.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

— Сёння савет IIHF аб'явіў аб пераносе чэмпіянату свету па хакеі, — цытуе Святлану Ціханоўскую яе прэс-служба. — Гэта перамога, таму што не будзе дадатковай хвалі рэпрэсій дзеля «зачысткі» горада перад ЧС. Гэта перамога, таму што ў Лукашэнкі не атрымалася зрабіць выгляд, быццам у яго ўсё пад кантролем. Гэта перамога, таму што беларусы дамагліся свайго — і зрабілі гэта разам.

Гэта перамога Аляксандры Герасімені і Фонду спартыўнай салідарнасці. Яны актыўна працавалі з федэрацыямі і партнёрамі, вялі перамовы і заклікалі не легітымізаваць рэжым, які прайграў выбары.

Гэта перамога беларускай дыяспары. Беларусы ў розных краінах выходзілі на пікеты ля штаб-кватэр IIHF і спонсараў чэмпіянату, дапамагалі замежным СМІ пісаць пра тое, што адбываецца. Яны дзякавалі Škoda, Nivea і Tissot за адмову спансіраваць чэмпіянат, які служыць шырмай для страшнага гвалту з боку рэжыму.

Гэта перамога міжнароднай каманды Кабінета прадстаўнікоў, якая на кожнай сустрэчы з замежнымі дыпламатамі казала, як нам важная іх падтрымка.

Гэта перамога кожнага беларуса, які ведае, што хакей — гэта гульня, і беларусы не збіраюцца гуляць са злачынцамі.

Гэта наша агульная перамога.

Вось што адбываецца, калі людзі аб'ядноўваюцца. Я веру, што разам мы здольныя вызваліць палітвязняў і не даць ператварыць нашу краіну ў «лагер». Дарагія беларусы, разам мы вернем закон і сумленныя выбары. І вось тады мы з радасцю правядзем чэмпіянат і запросім на яго ўсіх нашых міжнародных партнёраў і сяброў, якіх сёлета стала нашмат больш.