«Сустрэлі мяне нармальна». Як беларус тры дні па балотах уцякаў ва Украіну

Бываюць часы, калі краіна, у якой ідзе вайна, лепшая за краіну, у якой няма вайны.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

За перапост відэароліка блогера Шабуцкага жыхара Маларыты затрымалі ўвосень 2021 года. Праз год яму прысудзілі 2 гады хіміі. «М*дыязона» расказвае гісторыю ўцёкаў з краіны «победившей диктатуры».

Пераход

«Рашэнне бегчы прыйшло спантанна, сабраўся дзесьці за пяць гадзін. Узяў запасныя боты, апрануўся вельмі цёпла: у некалькі слаёў, чаргаваў сінтэтычную вопратку з натуральнай. Узяў вады з сабой трохі, ежы. Калі вада скончылася, растопліваў снег у бутэльцы».

Пераходзіць мяжу Андрэй вырашыў не ў родным Маларыцкім раёне, таму што там, паводле яго слоў, «пад кожным кустом сядзяць памежнікі». Выбраў больш балоцістую мясцовасць у раёне Драгічына і Іванава. Андрэй прызнаўся, што пераходзіць мяжу было вельмі страшна, але яшчэ больш не хацелася апынуцца ў турме. У выніку беларускую мяжу ён перасек 30 лістапада, а да людзей ва Украіне выйшаў толькі праз чатыры дні.

«Мала таго, што гэта балоты, там яшчэ і вельмі сур'ёзна ўсё абаронена: масты ўзарваныя, на дарогах міны — я ўсё гэта бачыў. На беларускім баку бачыў мядзведжую бярлогу, ва Украіне дзікі кабан побач прабягаў».

Украінскі бок

Спачатку беларус арыентаваўся па загружанай загадзя карце, але тэлефон сеў на другія суткі. Далей давялося ісці па памяці і арыентавацца па сцежках.

Першыя дзве ночы, паводле слоў Андрэя, у дарозе ён адпачываў, але не спаў. Бліжэй да трэцяй ночы ад стомы з'явіліся галюцынацыі: галінкі дрэў складваліся ў карцінкі то цягніка, то машыны. Начлег удалося зладзіць у альтанцы на ўкраінскім баку, на якую ён натрапіў. Каля альтанкі знайшліся дровы, мужчына развёў вогнішча і змог сагрэцца.

На чацвёрты дзень беларус выйшаў да возера, дзе сустрэў рыбакоў, папрасіў іх патэлефанаваць куды-небудзь і паведаміць пра яго.

«Яны нармальна мяне сустрэлі, я з імі па-ўкраінску размаўляў, я ж з такога рэгіёна, што мову ведаю», — растлумачыў ён.

Рыбакі патэлефанавалі памежнікам, абагрэлі яго, накармілі і напаілі гарбатай. Пазней мужчыну забралі байцы тэрабароны і перадалі памежнікам. Тыя адвезлі яго ў Луцк, дзе ён трапіў на праверку ў СБУ.

«Праверка працягвалася гадзіны чатыры, можа пяць, з паліграфам. Пыталіся пра ўсё: ці былі кантакты з беларускімі спецслужбамі, з расійскімі і гэтак далей. Ім жа галоўнае было высветліць, што я не шпіён».

Пасля праверкі Андрэю далі даведку, якая пацвярджае, што ён запытаў статус уцекача і знаходзіцца ва Украіне легальна. Беларуса адпусцілі, і ён паехаў у Львоў. Ужо ў Львове Андрэй змог адпачыць і нармальна паспаць. З начлегам і забеспячэннем яму дапамагаюць беларусы з дыяспары і фонд «Вільна Білорусь».

Андрэй спадзяецца атрымаць візу і паехаць у Гданьск. Там ёсць яго аднапартыйцы з Беларускай народнай грамады, якія могуць дапамагчы з працай і адаптацыяй у Польшчы. У Беларусі ў мужчыны засталіся двое дачок і каханая жанчына.