Супраць каго скіраваны законапраект аб генацыдзе? Адказвае Валерый Карбалевіч
Беларускі палітолаг — аб новай заканадаўчай ініцыятыве ўладаў.
— На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале надрукаваны законапраект «Аб генацыдзе беларускага народу». Відавочна, што з'яўленьне такога дакументу — гэта ход у палітычнай барацьбе, — піша Валерый Карбалевіч у аўтарскай калонцы на «Свабодзе». —
Улады імкнуцца выкарыстаць гісторыю як спосаб сваёй
легітымізацыі і інструмент дыскрэдытацыі апанентаў. Яны хочуць прывязаць
прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга да калабарантаў, якія разам з фашыстамі
ажыццяўлялі генацыд. Схема не новая. Яна выкарыстоўваецца ў палітычнай
барацьбе ўжо шмат гадоў. Новае ў тым, што цяпер за «адмаўленне генацыду»
прадугледжваецца крымінальная адказнасць.
Садзіць у турму за «няправільную» інтэрпрэтацыю гісторыі —
гэта не самым лепшым чынам характарызуе палітычны рэжым у краіне. Наўрад ці
варта спрачацца наконт таго, якім тэрмінам характарызаваць фашысцкі тэрор на
тэрыторыі Беларусі. Аднак, калі гаварыць пра гістарычны аспект гэтага закону,
то тут існуе некалькі праблем.
Па-першае, калі гаварыць пра генацыд, то чаму не пашырыць часовыя
рамкі, не ўключыць даваенны перыяд, не ўзгадаць ахвяраў тэрору савецкага
таталітарызму? Хіба ў Курапатах ляжаць не прадстаўнікі беларускага народу?
Другая праблема, на якую звярнуў увагу нямецкі гісторык
Аляксандр Фрыдман. Справа ў тым, што на тэрыторыі Беларусі было знішчана шмат
габрэяў з Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі, якіх нацысты дэпартавалі сюды падчас
вайны. А ў законапраекце гаворка ідзе пра генацыд супраць беларускага народу.
Як аддзяліць прадстаўнікоў беларускага народу ад габрэяў з Еўропы?
Па-трэцяе, неяк дзіўнавата гучыць згадка пра генацыд
беларускага народу ў пасляваенны перыяд. Зразумела, навошта гэта робіцца.
Улады хочуць паставіць у адзін шэраг злачынствы фашыстаў падчас вайны і тэрор
супраць беларускага насельніцтва на Беласточчыне, учынены атрадамі Рамуальда
Райса («Буры») пасля 1945 году. Гэта ідэалягічны і палітычны выпад супраць
Польшчы. А заадно ўдар па Саюзу палякаў Беларусі, лідары якога (Анджэй Пачобут,
Анжаліка Борыс) сядзяць у турме якраз за ўшанаванне «праклятых жаўнераў».
Тэрор быў, гэта ніхто не адмаўляе. Але антыкамуністычнае
падполле Польшчы, структуры Арміі Краёвай, якія ўсю вайну ваявалі з фашыстамі,
назваць «памагатымі» нацысцкіх злачынцаў — гэта вялікае насілле над гісторыяй.
Аднак самае галоўнае ў тым, што спадзяванні ўладаў чарговай апеляцыяй да генацыду часоў мінулай вайны павярнуць на свой бок сімпатыі грамадзтва выглядаюць марнымі і ўтапічнымі.