Справа па факце распаўсюджвання ў Брэсце тэксту рашэння камітэта ААН па справе Кавалёва спынена

Ленінскім РАУС Брэста спынена адміністрацыйная справа па факце распаўсюджвання ў Брэсце актывістамі руху "За Свабоду" Раманам Кісляком і Дзмітрыем Рабцэвічам тэксту рашэння Камітэта ААН па правах чалавека па справе Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных два гады таму па абвінавачанні ва ўчыненні тэракту ў мінскім метро. Аб гэтым паведаміў БелаПАН Кісляк.



maci_uladzislava_kavaliova.jpg

Маці Ўладзіслава Кавалёва. Фота www.nv-online.info

Ён нагадаў, што 14 сакавіка за адну гадзіну ў цэнтры горада, на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, яны раздалі прахожым 16 брашур з тэкстам рашэння камітэта ААН на рускай мове. Такім чынам актывісты хацелі прыцягнуць увагу да гэтага рашэння напярэдадні гадавіны расстрэлу Кавалёва.
 

Паводле слоў Кісляка, падчас распаўсюджвання матэрыялаў да іх падыходзіў супрацоўнік міліцыі і патрабаваў спыніць акцыю. 18 сакавіка па факце распаўсюджвання матэрыялаў Раман Кісляк быў дапытаны ўчастковым інспектарам міліцыі.
 

"31 сакавіка з Ленінскага РАУС Брэста нам прыйшоў ліст, у якім гаворыцца: міліцыя падчас праверкі не ўстанавіла ў нашых дзеяннях складу правапарушэння на падставе ч. 2 арт. 22.9 КоАП. І на гэтай падставе вынесена пастанова аб спыненні адміністрацыйнай справы, — дапоўніў Кісляк. — Гэта правільная выснова, таму што мы маем права распаўсюджваць друкаваныя матэрыялы, тым больш афіцыйнае рашэнне камітэта ААН ", — заявіў Кісляк.
 

Ён адзначыў, што скарга маці Уладзіслава Кавалёва і яго сястры Таццяны Казяр была зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 снежня 2011 года, а разгледжана 29 кастрычніка 2012 года.

Камітэт ААН устанавіў, што беларуская дзяржава парушыла права на жыццё Уладзіслава Кавалёва. Міжнародны орган прызнаў таксама, што ў гэтай справе быў дапушчаны шэраг парушэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: прымянне фізічнай сілы; прымус да дачы паказанняў супраць сябе; парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не з'яўляўся незалежным і бесстароннім, было парушана права на перагляд прысуду вышэйшай судовай інстанцыяй.
 

У заключнай частцы рашэння камітэт заявіў, што варта "апублікаваць гэтыя меркаванні і забяспечыць іх шырокае распаўсюджванне ў дзяржаве-ўдзельніцы на беларускай і рускай мовах".
 

17 сакавіка 2012 года сваякі Кавалёва атрымалі з Вярхоўнага суда ліст аб тым, што 15 сакавіка прыгавор быў прыведзены ў выкананне.

БелаПАН