Сілавікі працягваюць кашмарыць сваякоў «каліноўца», які загінуў ва Украіне

У тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася відэа з затрыманым братам Васіля Парфянкова. Гэты баец палка імя Кастуся Каліноўскага загінуў у канцы чэрвеня пад Лісічанскам, нагадвае «Н*ша Ніва».

_9wy0u.jpg

Сваяка Парфянкова затрымалі і прымусілі сказаць на відэа, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, рабіў рэпосты, што не ўхваляў тое, што яго брат ваяваў ва Украіне.

Раней ужо былі затрыманы стрыечны брат, сястра і мама Васіля Парфянкова.

У ліпені сталі вядомыя абставіны суда над сястрой і мамай Парфянкова. Пра іх распавяла жыхарка Мінска, якая правяла на Акрэсціна 27 сутак.

«Суд над імі праходзіў вельмі цяжка, мы чулі, як іх судзілі праз скайп. Па іх прыехалі шэсць ці восем чалавек у поўным абмундзіраванні, правялі вобшук. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і ў тым, што яны нібы напалі на тых, хто іх затрымліваў. Там жанчыны досыць малюсенькія, маці Васіля ў шаноўным узросце, ёй, здаецца, 67 гадоў, як яны маглі напасці? На судзе яны плакалі і гаварылі, каб яны не шылі ім тое, чаго не было насамрэч. Мама Васіля казала, што гатовая адсядзець, але за справу, а не за гэта…

Да іх стабільна прыходзілі з вобшукамі, як я зразумела, кожныя паўгода. У нас ва ўсіх ком у горле быў. Было складана слухаць гэты суд, вельмі складана», — распавяла жанчына.

Васіль Парфянкоў — былы беларускі палітвязень, удзельнічаў у Плошчы-2010. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках, асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі, але праз некаторы час памілаваны Лукашэнкам. З'ехаў ва Украіну. У 2014 годзе ваяваў на Данбасе на баку ўкраінцаў, атрымаў грамадзянства, служыў у арміі.

У канцы чэрвеня Парфянкоў загінуў. Яму было 38 гадоў. Дзе ягонае цела, невядома.