«Сцягі знішчыць». Гродзенца аштрафавалі за бел-чырвона-белыя сцягі на машыне
Гродзенскага праграміста Ўладзіміра Родчанку аштрафавалі на 675 рублёў. Рашэнне вынес суд Ленінскага раёну Горадні 29 ліпеня, паведамляе Радыё Свабода.
Суд вырашыў, што Ўладзімір Родчанка парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП Беларусі). Пастаноўлена аўтамабіль не канфіскоўваць, а бел-чырвона-белыя сцягі знішчыць. Аднак да таго, як рашэнне ня ўступіць у законную сілу, аўтамабіль гарадзенцу ня вернуць.
Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын. Сведкамі выступілі супрацоўнікі АМАП Сяргей Сарока і Ўладзімір Сакалоўскі.
Родчанка сваёй віны не прызнаў. Ён – адзіны гарадзенец, пра каго вядома, што ён быў затрыманы 14 ліпеня. Увечары гэтага дня людзі ў розных гарадах Беларусі выходзілі на цэнтральныя вуліцы і плошчы, каб выказаць незадаволенасць тым, што не зарэгістравалі альтэрнатыўных кандыдатаў на пост прэзідэнта Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
Уладзімер Родчанка ехаў каля 21 гадзіны вечары 14 ліпеня на сваім аўтамабілі па цэнтры гораду з двума бел-чырвона-белымі сцягамі, высунутымі праз вокны аўтамабіля, і слухаў музыку. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, завезлі ў райаддзел Ленінскага раёну Горадні, пратрымалі тры гадзіны і адпусцілі. Ягоны аўтамабіль Volkswagen Tiguan забралі як рэчавы доказ.
Паводле адміністрацыйнага пратаколу, ён аб’ехаў Савецкую плошчу шэсць разоў з бел-чырвона-белымі сцягамі, да таго ж сігналіў, і такім чынам удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Уладзімер не аспрэчваў, што ездзіў вакол Савецкай плошчы, аднак, паводле ягоных словаў, ён не парушаў правілы дарожнага руху і не ўключаў гукавога сігнала.
Родчанка плануе абскарджваць рашэнне суду.