"Рыцарам году" ўпершыню стала жанчына

Напярэдадні Дня абаронцы Айчыны аргкамітэт па стварэнні арганізацыі ветэранаў баявых дзеянняў і былых супрацоўнікаў сілавых структур "Абаронцы Айчыны" імя Юрыя Захаранкі традыцыйна ўручыў прэмію "Рыцар году "З адкрытым забралам". Упершыню за гісторыю прэміі, якая налічвае ўжо 9 год, "Рыцарам году" стала жанчына — праваабаронца Раіса Міхайлоўская.  



03_rycar_premia.jpg

Падчас уручэння прэміі праваабаронца Алег Волчак зазначыў, што стваральнікі прэміі не разлічвалі на тое, што яна будзе ўручацца так доўга. "Калі мы яе стваралі, мы думалі, што перамены ў краіне адбудуцца дастаткова хутка. Мы не думалі, што ўсё гэта так зацягнецца", — адзначыў Волчак.

Зараз, па ягоных словах, арганізатары крыху "пераглядзелі" канцэпцыю прэміі. "Раней усе лаўрэаты яе былі мужчыны. Але ў праваабарончай дзейнасці ў нас шмат жанчын, які змагаюцца нароўні з мужчынамі. Гэта і Таццяна Равяка з "Вясны", і "Алена Красоўская-Каспяровіч з "Платформы", і Раіса Міхайлоўская, і Вольга Карач, і шмат іншых. Мы доўга абіралі лаўрэатку, і вызначыліся, што прэмію трэба ўручыць Раісе Міхайлоўскай",— сказаў Волчак.

Міхайлоўская сапраўды даўно заслужыла гэтую прэмію. Усе ведаюць яе як старшыню праваабарончай арганізацыі "Цэнтр па правах чалавека". Пасаду старшыні яна пакінула не так даўно, каб пачаць дзейнасць Беларускага дакументацыйнага цэнтру ў Літве. Але, акрамя "Цэнтра па правах чалавека", Міхайлоўская зрабіла яшчэ шмат чаго, што "выпадала" з увагі грамадскасці. Пэўна таму, адзначае Волчак, што Міхайлоўская "проста рабіла сваю справу, асабліва не "выпячваючы" сабе".

Яна была адной са стваральніц арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву". Працавала ў штабах кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах Алега Волчака і Вольгі Казулінай. Была ў камандах кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду Аляксандра Казуліна і Уладзіміра Някляева. Пасля падзей 2006 года, калі тыя выбары былі таксама сфальсіфікаваныя, а народныя пратэсты разагнаныя, яна стварыла фільм "На перадавой праўды" аб тых падзеях.

І, як мы даведаліся, Міхайлоўская ціха рабіла вельмі важную справу.

Яе калега, Юрый Ваўчок узгадвае падзеі пасля выбараў 2010 года. Пасля плошчы амаль усе кандыдаты і кіраўнікі іх штабоў былі арыштаваныя. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвяшчае вынікі выбараў, ведаючы, што іх няма каму аспрэчыць, бо на падачу скаргі даецца тры дні. Усе ў разгубленасці, але — не Міхайлоўская. Менавіта яна ў той час, як да ўсіх грукаецца міліцыя, збірае каманду юрыстаў і рыхтуе скаргу аб непрызнанні вынікаў выбараў. У апошні момант яна здолее перадаць гэтую скаргу кандыдату на прэзідэнты Рыгору Кастусёву, і ён, не пратэрмінаваўшы, падасць яе ў належныя органы.

"Канешне, гэтая скарга не была разгледжаная па сутнасці зараз. Але пасля, калі зменіцца ўлада. Шмат што будзе перагледжана і разгледжана наноў. І гэтая скарга будзе яскравым доказам, што выбары фальсіфікаваліся, і былі сфальсіфікаваныя не толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ", — падкрэсліў Юрый Ваўчок.

Калі пасля Ваўчок запытаўся ў Міхайлоўскай, ці не было ёй страшна і на Плошчы, і пасля яе, Міхайлоўская яму прызналася — страшна было. "Але яна сказала: страшна было за тое, што яна можа з-за гэтай сітуацыі не выканаць тое, што ўжо пачала рабіць, і не скончыць тое, што абавязкова павінна быць зроблена", — дадаў Ваўчок.

Але спадарыня Міхайлоўская была прынцыповай не толькі ў дачыненні да ўлады, але, як высветлілася, і да калег. Уладзімір Някляеў не стрымліваў свайго задавальнення, кажучы пра Раісу, што яна — "гэта прыклад таго, якім у будучым павінен быць работнік юстыцыі". "Бывае, сядзім мы ў штабе, абмяркоўваем нейкія захады, прыдумляем штось цікавае і радасна кажам: "Ну, як вам?". А тут Раіса і кажа: "Усё выдатна,канешне, але так нельга" — "Чаму нельга?" — "Таму, што не па законе", — узгадвае Някляеў.

Сама Міхайлоўская вельмі ўзрушліва ўзгадвае ўсе гэтыя падзеі. Як праваабаронцы падтрымлівалі сваякоў і блізкіх затрыманых каля СІЗА КДБ. Як яны шукалі сведкаў "Плошчы", каб у судзе былі прадстаўлены сведкамі не толькі супрацоўнікі міліцыі. Як яны здабывалі доказы, што ніякіх "масавых беспарадкаў" не было. Асаблівую падзяку яна выказала адвакатам, з якіх шмат хто пазбавіўся адвакацкай ліцэнзіі, але выканалі свой абавязак па абароне іх кліентаў.

“За гэтыя два гады, што прайшлі пасля гэтых падзей, я сустрэла столькі сапраўдных людзей, пэўна, больш, чым за ўсё сваё папярэдняе жыццё. Таму я дзякую не толькі за прэмію, я дзякую за тое, што ўсе былі побач. Не было б гэтай прэміі, калі б побач не было столькі цудоўных і сапраўдных людзей", — адзначыла Міхайлоўская.