Рух «За Свабоду» прапануе змяніць заканадаўства «Аб мясцовым самакіраванні»

Падрыхтоўку зменаў у заканадаўства «Аб мясцовым самакіраванні», якія дазволяць падтрымліваць ініцыятывы грамадзянаў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, распачаў Рух «За Свабоду».

unnamed_68.jpg


«Літаральна на пачатку года актывісты Руху „За Свабоду“ ўдзельнічалі ў мясцовых выбарах, камунікавалі з выбарцамі па пытаннях, як палепшыць якасць працы органаў мясцовага самакіравання, даць магчымасць людзям удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, скіраваных на рэалізацыю ініцыятываў на карысць тэрыторыяў, дзе яны пражываюць», — адзначыў ва ўступным слове на круглым стале старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Удзельнікі круглага стала сышліся ў меркаванні аб неабходнасці дарожнай карты рэфармавання мясцовага самакіравання і канкрэтных крокаў для яе рэалізацыі, якімі павінны быць заканадаўчыя акты, скіраваныя на пашырэнне грамадзянскага ўдзелу ў вырашэнні задач лакальнага характару.
Цягам дыскусіі аб непасрэдных зменах, на якіх можна сканцэнтравацца ужо сёння, была падтрымана ідэя юрыста, сябра грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Міраслава Кобасы па бюджэту грамадзянскага ўдзелу. Гэта сусветная практыка, якая актыўна выкарыстоўваецца краінамі Вышаградскай групы і можа быць ўведзена ў заканадаўства Беларусі.
«Разам з экспертамі мы прыступілі да распрацоўкі прапановаў па зменах у беларускае заканадаўства, якія дазволяць тым, хто жадае палепшыць жыццё раёна, горада, вёскі, атрымаць на гэта сродкі з мясцовых бюджэтаў», — патлумачыў Губарэвіч.
У якасці прыкладаў такіх ініцыятываў ён прывёў арганізацыю працы мясцовага клуба, упарадкванне дзіцячай пляцоўкі, тэрыторыі вакол вадаёма, з’яўленне парка. «Гэтым павінна займацца з большага беларуская ўлада, але яна дзейнічае вельмі не эфектыўна. Прыклад еўрапейскіх краінаў, дзе дзейнічае падобная практыка, паказвае, што з яе дапамогай можна значна ашчадзіць сродкі, бо конкурс дазваляе падтрымліваць самыя эфектыўныя праекты, павялічыць зацікаўленасць людзей, у іх рэалізацыі і падвышэнні якасці выніковага прадукту», — падкрэсліў старшыня Руху.
Юрый Губарэвіч удакладніў, што права ўдзельнічаць у конкурсе атрымаюць не толькі зарэгістраваныя арганізацыі, але і ініцыятыўныя групы і нават асобныя грамадзяне. У тым ліку арганізатары зменаў у заканаўства плануюць задзейнічаць старастаў, якіх у Беларусі 18 тысячаў, але пад іх працу не закладзеныя асобныя бюджэты.
«У рэалізацыі гэтых зменаў ёсць зацікаўленасць не толькі грамадзянаў, але і саміх уладаў, бо гэта знізіць загрузку на камунальшчыкаў, а таксама рэалізаваць свежыя цікавыя ідэі, якія сыходзяць ад самі жыхароў», — падкрэсліў лідар Руху.
Кобаса ўзначаліў працоўную групу, якая будзе распрацоўваць адпаведны законапраект. «Бліжэйшым часам плануецца правесці перамовы па ініцыятыве у Міністэрстве фінансаў. Ідэю падтрымала дэпутат Ганна Канапацкая. Таксама за падтрымкай ініцыятывы будзем звяртацца да іншых дэпутатаў і наладжваць камунікацыю з чыноўнікамі, адказнымі за развіццё мясцовага самакіравання», — адзначыў арганізатар круглага стала, сябра Рады Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч.
Працу над папраўкамі запланавана завяршыць да канца лета. Па выніку папраўкі будуць прадстаўленыя ў Палату прадстаўнікоў пры падтрымцы Канапацкай і любога іншага зацікаўленага дэпутата.
Вольга Быкоўская, pyx.by