Роўныя правы для ўсіх — навошта гэта Беларусі?

«Цэнтр новых ідэй» запусціў на днях «Чарнавік беларускіх рэформ» — рэсурс, на якім эксперткі і эксперты расказваюць пра праблемы ў розных сферах функцыянавання дзяржавы і прапануюць шляхі іх вырашэння. Напрыклад — праблема дыскрымінацыі, якая замінае грамадству развівацца.

Беларусі патрэбнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусі патрэбнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У нашым грамадстве шмат хто не заўважае праблемы дыскрымінацыі. Яна лічыцца ці то надуманай, ці чымсьці па-за плоскасцю прававых рашэнняў (ці наадварот – нечым выключна юрыдычным). У асноўным у публічных абмеркаваннях згадваецца гендарная дыскрымінацыя, дыскрымінацыя асоб з інваліднасцю і ЛГБТК+-супольнасці, а пасля 2020-га года таксама абмежаванне ў правах з палітычных прычын. Але насамрэч праблема нашмат шырэйшая, піша юрыстка, экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дзяйкала для «Чарнавіка беларускіх рэформ». Што трэба зрабіць, каб выправіць сітуацыю, і  што кожны і кожная з нас могуць зрабіць цяпер?

Крыху тэорыі правоў чалавека: што такое дыскрымінацыя

Дыскрымінацыя – гэта любое неабгрунтаванае адрозніванне, выключэнне, абмежаванне ў правах ці атрыманне якіх-небудзь пераваг на падставе пэўных прыкмет, мэта ці вынік якіх – сітуацыя, калі чалавек не можа карыстацца сваімі правамі і свабодамі нароўні з іншымі.

Прычым не любое няроўнае абыходжанне – гэта дыскрымінацыя. Міжнародныя стандарты правоў чалавека прадугледжваюць «дапушчальныя межы дыферэнцыяванага абыходжання». Гэта значыць, каб не лічыцца дыскрымінацыяй, няроўнае абыходжанне мусіць быць:

  • аб’ектыўна апраўданым;
  • для дасягнення законнай мэты (то-бок мэты не мусяць быць супрацьлеглымі правам чалавека);
  • сродкі дасягнення гэтай законнай мэты не павінны быць большымі за неабходны ўзровень (то-бок важна ўпэўніцца, што няма іншых варыянтаў).

Напрыклад, законнай мэтай могуць быць: прафесійныя кампетэнцыі для любых відаў прац; асаблівыя патрабаванні, вызначаныя спецыфікай працы; мэты нацыянальнай бяспекі (напрыклад, людзей з іншым грамадзянствам, як правіла, не бяруць на працу ў сілавыя ўстановы і наогул на дзяржслужбу); сацыяльныя льготы для пэўных груп і гэтак далей.

Існуе фармальная дыскрымінацыя (калі дыскрымінацыйныя нормы наўпрост прапісаныя ў заканадаўстве) і фактычная дыскрымінацыя (калі пры фармальнай, замацаванай у заканадаўстве роўнасці, з прычын гістарычных і/ці тых стэрэатыпаў ды забабонаў, якія захоўваюцца, прадстаўнікі пэўных груп аказваюцца ў больш уразлівым становішчы, чым іншыя). Абавязкам дзяржавы з’яўляецца не толькі знішчэнне фармальнай няроўнасці, але і барацьба з фактычнай (менавіта яна ў Беларусі — асноўная праблема). Хаця акурат нядобрасумленныя дзяржавы, гаворачы пра тое, што праблемы дыскрымінацыі няма, указваюць у справаздачах менавіта тое, што «паводле закону ўсе роўныя».


Глядзіце таксама

У чым праблема Беларусі

Не існуе такой дзяржавы, у якой бы праблема дыскрымінацыі была вырашаная цалкам. Разам з тым на жыццё канкрэтнага чалавека ўплывае не столькі сам па сабе факт наяўнасці ў дзяржаве няроўнасці, колькі тое, ці бачыць дзяржава гэтую праблему і якія крокі прадпрымае, каб яе вырашыць. Пытанне дыскрымінацыі ў беларускай дзяржаве стаіць настолькі ж востра, як і неразуменне гэтай праблемы грамадствам, як і нежаданне з боку дзяржавы яе вырашаць.

Дыскрымінацыя як негатыўная з’ява мае сваю спецыфіку. З аднаго боку, сама па сабе яна — юрыдычная праблема, таму што гэта парушэнне права на роўнае абыходжанне, а ў выпадку Беларусі — таксама немагчымасць абараніць гэтае права. З іншага боку, вытокі з’яўлення і ўкаранення ў грамадстве дыскрымінацыйных практык — гэта стэрэатыпы, страхі, забабоны, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца праз недахоп/скажэнне/непаўнату інфармацыі, палітыкі, практыкі ці культурных традыцый, што ствараюць нязручнасці для адных і прывілеі для іншых.

Прамым юрыдычным абавязкам дзяржавы з’яўляецца не толькі стварэнне эфектыўнага заканадаўства і механізмаў абароны, але і барацьба з любымі з’явамі, якія ўплываюць на негатыўныя практыкі абыходжання з чалавекам.

Існуюць стэрэатыпы і адносна самой дыскрымінацыі: тыя, хто з гэтым не сутыкаўся, як правіла, лічаць, што такой праблемы няма. Тыя, хто праходзіў праз гэта, часта не разумеюць, што іх дыскрымінавалі. Як і тыя, хто дыскрымінуе, часта не ўсведамляюць, што парушаюць правы чалавека. У тым ліку і праз гэта ацэньваць маштабы гэтай праблемы ў беларускім грамадстве вельмі цяжка. Пасля 2020-га года, калі агромністая колькасць людзей сутыкнулася з дыскрымінацыяй паводле палітычных перакананняў, сітуацыя з грамадскім успрыманнем дыскрымінацыі павінна была крыху змяніцца ў лепшы бок.


Але можна заўважыць, як некаторыя людзі, якія самі зведалі відавочную дыскрымінацыю, адмаўляюцца прызнаць: сітуацыя, калі табе не даюць матрац у ізалятары на Акрэсціна, бо ты «палітычны»; сітуацыя, калі жанчыну не бяруць на працу, бо «яна хутка народзіць і будзе хадзіць на бальнічны»; сітуацыя, калі бацькі не могуць знайсці беларускамоўны садок/клас у крокавай дасяжнасці, бо «ўсе ў асноўным хочуць на рускай мове» (і шмат якія іншыя прыклады згодна з той жа логікай) — гэта ўсё адна і тая ж сітуацыя. Усё гэта выпадкі неабгрунтаванага няроўнага абыходжання.

У Беларусі на дзяржаўным узроўні няма сістэмы маніторынгу мер па барацьбе з дыскрымінацыяй, таксама не праводзіліся комплексныя сацыяльныя даследаванні ў гэтай галіне.


Глядзіце таксама

Вось у якіх сферах у Беларусі дыскрымінуюць людзей

- рынак працы: гендарная дыскрымінацыя, дыскрымінацыя паводле прыкметы прыналежнасці да ЛГБТК+-супольнасці, інваліднасці, узросту і інш.;

- медыцынскія паслугі:праблема з дыскрымінацыяй сталых людзей, дыскрымінацыя на падставе ВІЧ-статусу, па прыкмеце прыналежнасці да ЛГБТК+-супольнасці, людзей з інваліднасцю, людзей (асабліва дзяцей) з аўтызмам;

- адукацыйныя паслугі: дыскрымінацыя паводле прыкметы мовы (як ні парадаксальна, але ў Беларусі паводле гэтай прыкметы найбольш дыскрымінуюцца прадстаўнікі тытульнай нацыі), паводле прыкметы інваліднасці (асабліва ў дачыненні да дзяцей), пасля 2020 года паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасці дыскрымінуюцца польская, літоўская нацыянальныя меншасці;

- сацыяльнае забеспячэнне: напрыклад, пастка страхавога стажу, у якую трапляюць пераважна жанчыны праз размеркаванне гендарных роляў у грамадстве;

- транспартныя паслугі, жыллё, гарадское асяроддзе: невыкананне стандартаў безбар’ернага асяроддзя ў дачыненні да людзей з інваліднасцю;

- дзяржаўнае рэгуляванне грамадскага сектара: напрыклад, адмова ў рэгістрацыі пэўным НДА, незалежным прафсаюзам паводле прыкметы палітычных перакананняў;

- сістэма праваахоўных органаў: напрыклад, этнічнае прафіляванне (рома), дыскрымінацыя паводле палітычных перакананняў;

- сістэма выканання пакаранняў: напрыклад, невыкананне ўмоў утрымання паводле палітычных перакананняў, няроўныя магчымасці для людзей з інваліднасцю;

- сфера медыя: «мова варожасці» ў дачыненні пэўных груп (напрыклад, тут), няроўныя магчымасці для людзей з інваліднасцю;

- рэклама: сексізм і аб’ектывацыя ў рэкламе.

Гэтыя прыклады — невычарпальныя, як і сам пералік сфер і прыкмет. Пералічанае – толькі вяршыня айсбергу. Пра кожную з гэтых сфер можна і патрэбна рабіць асобнае комплекснае даследаванне.


Глядзіце таксама

Як праблема (не)вырашаная ў цяперашнім заканадаўстве

Калі коратка: у Беларусі адсутнічаюць неабходныя заканадаўчыя нормы. Гэта значыць:

  1. У заканадаўстве адсутнічае агульнае разуменне дыскрымінацыі для любой сферы, што рэгулюецца правам. Асобна пра яе гаворыцца ў Працоўным кодэксе, Законе «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Агульныя нормы аб роўным стаўленні ёсць, напрыклад, у Законе «Аб правах дзіцяці» і некаторым працэсуальным заканадаўстве. У выпадках, якія не акрэсліваюцца гэтымі дакументамі, апеляваць застаецца хіба што да агульнай нормы пра роўнасць у арт.22 Канстытуцыі;
  2. Як вынік, беларускае заканадаўства не вызначае эфектыўных механізмаў прававой абароны ад няроўнасці: не прадугледжаная антыдыскрымінацыйная экспертыза заканадаўства; не забяспечаныя працэсуальныя ўмовы для эфектыўнага разгляду судамі спраў пра дыскрымінацыю.

У справах пра дыскрымінацыю, адпаведна з найлепшымі заканадаўчымі практыкамі, цяжар доваду мусіць быць перанесены на адказчыка (а не паводле агульнага правілу размяркоўвацца раўназначна паміж бакамі). Гэта значыць, што той, чые дзеянні заяўляюцца як дыскрымінацыйныя, мусіць даказаць, што гэта не так, а не ахвяра няроўнасці мусіць даказваць, што яе дыскрымінавалі.

Гэта звязана з тым, што ў такіх справах бакі знаходзяцца ў няроўным стане: дыскрымінаваны бок больш уразлівы, бо менавіта ад таго, хто дыскрымінуе, залежыць магчымасць рэалізаваць права.

Шмат у чым праз вышэйзгаданае ў Беларусі практычна адсутнічае судовая практыка па справах аб дыскрымінацыі. Звароты ў суды неэфектыўныя, бо тыя часта ўхіляюцца ад разгляду па сутнасці спраў аб дыскрымінацыі.


Глядзіце таксама

Як мусіць быць

Юрыдычны і сацыякультурны элементы ў барацьбе з дыскрымінацыяй вельмі ўзаемазвязаныя. Адно без другога проста не будзе працаваць. Таму рэформа ў гэтай сферы мусіць насіць комплексны характар:

— палітыка і стратэгіі барацьбы з дыскрымінацыяй. У такіх планах, апроч іншага, мусяць быць прадугледжаныя захады дзеля асветы і адукацыі. Асаблівы націск трэба зрабіць на тры групы: чыноўнікі, прадстаўнікі бізнес-супольнасцей і юрысты. Ад першых двух залежыць магчымасць рэалізацыі права, а трэція мусяць умець аказваць кваліфікаваную дапамогу ў выпадку дыскрымінацыі;

— комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Яно складаецца з Канстытуцыі, міжнародна-прававых абавязкаў, спецыяльнага закона пра роўнасць, які мусіць быць прыняты, і існых заканадаўчых актаў (у якія важна ўнесці змены пасля прыняцця закона);

— эфектыўная сістэма сродкаў прававой абароны. Сюды ж уключаецца і стварэнне спецыяльнага органа для зваротаў па справах аб дыскрымінацыі. Гэтую функцыю можа выконваць як агульны амбудсмен, так і спецыялізаваны. У якасці добрай практыкі з блізкага нам кантэксту можна прывесці Раду па роўнасці Малдовы;

— сістэма маніторынгу.

Цэнтральным элементам рэформы ёсць прыняцце асобнага спецыяльнага закона пра роўнасць. Менавіта ён можа забяспечыць неабходную сістэмнасць у барацьбе з дыскрымінацыяй для ўсіх, каго гэта можа датычыцца.


Глядзіце таксама

Што канкрэтна мусіць з’явіцца ў новым законе?

  • выразна прапісаная тэрміналогія (вызначэнне паняцця самой дыскрымінацыі, яе відаў і форм, іншых рэлевантных тэрмінаў). Яна будзе датычыць дыскрымінацыі па любой з прыкмет, якія абараняюцца, у любой сферы, якая рэгулюецца правам;
  • указанне на тое, што гэты закон вызначае прававыя асновы антыдыскрымінацыйнай палітыкі дзяржавы, вызначае агульныя стандарты роўнасці і недыскрымінацыі;
  • палажэнні, якія вызначаюць асноўныя правілы, што датычаць абскарджвання актаў дыскрымінацыі ў судах;
  • паўнамоцтвы адпаведных дзяржаўных органаў і меры адказнасці за парушэнне заканадаўства пра роўнасць;
  • палажэнне пра абавязковую антыдыскрымінацыйную экспертызу ў працэсе нормавытворчасці;
  • палажэнні пра стварэнне спецыяльнага органа для разгляду скаргаў пра дыскрымінацыю.


Глядзіце таксама

Што кожны і кожная з нас могуць рабіць цяпер

Калі коратка, то ўсе мы можам ужо цяпер змагацца са сваімі забабонамі і стэрэатыпамі і развіваць у сабе эмпатыю:

- важна спрабаваць зразумець, што патэнцыйна кожны і кожная з нас могуць стаць ахвярай дыскрымінацыі. Добра сказаў спачылы старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак у адным са сваіх інтэрв’ю: пад дыскрымінацыю заўсёды падпадае меншасць, большасці заўсёды спакойна, але ў кожнага з нас ёсць індывідуальныя рысы, асаблівасці, якія ў той ці іншай сітуацыі адносяць нас да меншасці. Мы ўсе — меншасць паводле нейкай прыкметы;

- не трэба лічыць, што прыняцце «іншых», прыняцце нечай «іншасці» патрабуе ад нас палюбіць і прыняць чужыя нам перакананні ці практыкі. Зусім не! Прыняцце «адрознасці» іншага чалавека абазначае прызнанне за ім/ёй такой жа чалавечай годнасці, якая ёсць у нас;

- спрабуйце часцей ставіць сябе на месца іншага чалавека. Часцей задумвайцеся над тым, што, як і ў якой форме вы гаворыце і робіце ў дачыненні ўразлівых груп;


Глядзіце таксама

- калі вы бачыце, што вас дыскрымінуюць, але не можаце ў гэты момант абараніцца з дапамогай прававых сродкаў, то як мінімум не нармалізуйце сітуацыю сваім маўчаннем. Называйце рэчы сваімі імёнамі: я не магу цяпер абараніць сябе, але я хачу, каб вы ведалі, што цяпер мяне дыскрымінуеце тым і тым (натуральна, таксама важна пазбягаць маніпуляцый дыскрымінацыяй і абвінавачваць у гэтым у кожным выпадку, калі не атрымліваецца атрымаць жаданае);

- калі вы бачыце, што кагосьці побач з вамі дыскрымінуюць, у меру сіл спрабуйце абараніць чалавека і гэтаксама называйце рэчы сваімі імёнамі.