Пуцін хоча, каб Лукашэнка запэцкаўся па вушы ў крыві. Але які сцэнар абралі ў Мінску, пакуль не вядома
Рускі народ не паўстане, нідзе пры тыраніі народ не паўставаў, заявіў гісторык Андрэй Зубаў. І адзначыў, што гэта тычыцца РФ, а ў Беларусі войска можа развярнуць зброю супраць Лукашэнкі.
Пра расійскія ракетныя ўдары па Украіне, мэты Пуціна ў вайне і планы Лукашэнкі разважае гісторык, рэлігіязнаўца, палітолаг Андрэй Зубаў у студыі Delfi. Сярод іншага, навуковец адпрэчвае і спадзяванне, што расійскі народ паўстане. «Нідзе пры тыраніі народ не паўставаў. Ні ў нацысцкай Германіі, ні пры Сталіне-Леніне. І ва Украіне таксама, дарэчы кажучы, не паўставалі», — кажа Зубаў. Прапануем чытачам асобныя развагі расійскага гісторыка.
— Гэта вайна на знішчэнне народа. Як было і ў Сірыі. Пра Сірыю Пуцін таксама казаў, што ваюе з тэрарыстамі. А на самай справе спальваў краіну, і мільёны сірыйцаў былі вымушаны бегчы ў Турцыю, у Еўропу. І хісталі палітычную сістэму Еўропы, асабліва ва ўсходняй яе частцы, і так менш трывалую. І на выбарах прывялі да ўлады там-сям правыя партыі.
Пуцін хоча рабіць наступны акт. Без ядзернай зброі, гэта значыць, не пераходзячы нейкіх чырвоных ліній, якія для яго акрэсліў прэзідэнт Байдэн і NATO, паставіць Еўропу на калені, выкарыстоўваючы інструмент яе ўласнай дэмакратыі.
Пакінуць у холадзе, голадзе пасля спынення падачы газу, з вялізным патокам украінскіх, а цяпер ужо і рускіх бежанцаў, прымусіць Еўропу галасаваць за крайне правыя або крайне левыя партыі, якія падтрымліваюць самога Пуціна.
Тым самым ператварыць Еўропу з кансалідаванага прыхільніка Украіны ў хаўрусніка або, прынамсі, у нейтральны кантынент у дачыненні да пуцінскай агрэсіі. І так стаць першым у Еўропе. Такі яго план.
— Раніцай у панядзелак, 10 кастрычніка, Лукашэнка правёў сустрэчу з сілавым блокам, і з'явіліся загалоўкі ў навінах аб тым, што Беларусь уступае ў вайну. Але на самай справе не зусім зразумела, што хаваецца за выказваннямі Лукашэнкі. І ў той жа час Пуцін сабраў Раду Бяспекі. Які ваш прагноз, што задумалі?
— Я думаю, што гэта штосьці, звязанае з эскалацыяй вайны, аб чым мы з вамі толькі што казалі.
Што да Лукашэнкі, то Пуцін цяпер шукае ўсе магчымасці кінуць яшчэ нейкія сілы ва Украіну для ўдару з поўначы, які па магчымасці адсек бы Украіну ад яе заходняй мяжы і, адпаведна, ад паставак заходняй зброі. Гэта для Пуціна як манна нябесная.
Але, па-першае, у Расіі 140 мільёнаў насельніцтва, у Беларусі менш за 10 мільёнаў. Зразумела, што ўступленне Беларусі ў вайну не вырашыць прынцыпова задачу, не зменіць прапорцыю сіл.
З іншага боку, не трэба забываць, што, у адрозненне ад Расіі, у Беларусі ў 2020 годзе быў магутны антылукашэнкаўскі рух. І ён закрануў у тым ліку і войска, і сілавы блок.
І Лукашэнка страшна баіцца, што гэтыя людзі, маючы зброю ў руках, яе проста павернуць супраць самога Лукашэнкі. Так што калі ён адважыцца кінуць войска ва Украіну, то вельмі імаверна, што войска не будзе ваяваць з украінцамі, а будзе разам з украінцамі ваяваць супраць Лукашэнкі.
І гэта наогул зменіць тып вайны. І, магчыма, прывядзе да гібелі не толькі лукашэнкаўскі, але і пуцінскі рэжым.
Хітры Лукашэнка, менавіта баючыся вайны з Украінай, кажа, што ён будзе абараняць Расію ад NATO. Ну, зразумела, што NATO цяпер пакуль не нападае на Беларусь, і таму гэтыя войскі будуць дыслацыраваныя ўздоўж заходняй мяжы, на мяжы з Літвой, на мяжы з Польшчай, з Латвіяй. Але ў вайне ва Украіне прымаць удзел не будуць.
Гэты варыянт для Лукашэнкі нашмат спакайнейшы. Але пакуль мы не ведаем, які ён сцэнар абраў.
Пуцін хоча, каб ён разам з ім запэцкаўся па вушы ў крывавай бойні ва Украіне, а сам Лукашэнка ўсімі сіламі, рукамі і нагамі ад гэтага пакуль адбіваецца і спрабуе толькі зрабіць выгляд, што ён хаўруснік Пуціна, але не забруджвацца ўдзелам у вайне.
— Што ў Расіі будзе адбывацца ў бліжэйшы час? Мы бачылі ўжо публікацыі аб тым, што найбліжэйшае асяроддзе Пуціна пачынае адкрыта яго крытыкаваць за вайну. Мы бачым нейкія нападкі на сілавы блок у асобе афіцэраў Мінабароны, кіраўнікоў Мінабароны, з боку Рамзана Кадырава і Яўгена Прыгожына. Гэта ўжо нейкія першыя званочкі аб тым, што сыплецца эліта?
— Безумоўна. Па-першае, трэба сказаць, што вельмі наіўным выглядае перакананне і Еўропы, і, у першую чаргу, украінцаў, што рускі народ паўстане.
Нідзе пры тыраніі народ не паўставаў. Ні ў нацысцкай Германіі не паўставаў, ні пры Сталіне-Леніне. Паўстанні былі задушаны яшчэ ў час рэвалюцыі. У 1922-1923 годзе ўжо больш ніхто масава не паўставаў супраць сталінскага і ленінскага рэжыму. І ва Украіне таксама, дарэчы, не паўставалі.
Супраць тыраніі, супраць такіх сучасных рэжымаў паўставаць вельмі цяжка. Гэта трэба ясна разумець.
І спадзявацца на тое, што паўстануць, як на Майдане ва Украіне, было з самага пачатку наіўна. Не паўстануць.
Так, былі пратэсты, былі дэманстрацыі, але паўстання не было.
Такі рэжым могуць зваліць толькі і, як правіла, адначасова, ваенная параза і раскол эліт. І, як правіла, раскол эліт надыходзіць пасля ваеннай паразы.
Мы не забудзем, што тая ж знакамітая змова Штаўфенберга супраць Гітлера летам 1944 года была ўжо тады, калі нямецкім вайскоўцам стала ясна, што вайна прайграная і ўсё астатняе — гэта агонія Германіі, і трэба яе хутчэй скончыць.
Я думаю, што цяпер вельмі шмат каму ў Расіі, менавіта ў эліце, ваеннай эліце, у КДБ (назавём вось так, таму што ўсё астатняе — гэта паліятывы) ясна, што вайна прайграная.
Вайна можа быць выйграна, калі раптам Захад стане адступаць, праявіць неверагодную слабасць, бяссілле, апусціць рукі. На гэта спадзяецца Пуцін, але надзей на гэта мала. Гітлер спадзяваўся на такое, дарэчы, да красавіка 1945 года. У гэтай сітуацыі мы бачым сапраўды канфлікт эліт.
Атачэнне Пуціна, яго як бы найбліжэйшыя прыхільнікі, Кадыраў, Прыгожын крытыкуюць войска. Арміі, безумоўна, непрыемна.
Армія сапраўды церпіць паразы, але армія як можа, так і змагаецца. Як і ўсё ў Расіі, яна раскрадзеная. Самімі ж генераламі ў значнай ступені, але цяпер гэта ясна стала ўсім. Свой невялікі сапраўды элітны кантынгент армія ўжо напалову загубіла ва Украіне. І цяпер наняты людзі, якія не ўмеюць ваяваць і якія не надта і хочуць ваяваць.
Армія незадаволеная гэтай крытыкай. І я думаю, што нейкую пазіцыю ў гэтым, і наўрад ці на баку Кадырава і Прыгожына, займае КДБ.
КДБ, вядома, супраць арміі, але ён і супраць вось такіх неафіцыйных фаварытаў Пуціна.
Руская эліта, вежы Крамля цяпер распадаюцца. Гэта цалкам відавочна. Ці атрымаецца нейкай з гэтых веж кансалідаваць сітуацыю — вакол Пуціна ці ўжо без Пуціна — гэта адкрытае пытанне. Пра гэта цяпер спрачаюцца, пра гэта кажуць цяпер усе палітолагі — рускія і нярускія, і ніхто не ведае.
Але тое, што няўдачы на фронце прывялі да страты кансалідаванасці расійскай эліты, — гэта абсалютны факт, гэта клінічнае заключэнне. І мы цяпер назіраем, як гэты працэс будзе працягвацца.
Паводле www.delfi.lt. Пераклад «НЧ»