Прадпрымальнікі збіраюцца на антыкрызісны форум

Індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) збіраюцца на антыкрызісны форум, які павінен пачацца сёння апоўдні ў мінскім гатэлі "Беларусь".



ip_forum_2451.jpg

Фота з сайта belapan.by
Арганізатарам форуму выступае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва". Чакаецца, што ў Мінск прыедуць ІП, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці ў розных рэгіёнах краіны. З 1 студзеня, пасля ўваходжання ў сілу ўказа прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі", праца ІП паралізаваная. Згодна з указам яны павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку індывідуальных прадпрымальнікаў штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар.
Неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ пачутыя не былі. У выніку ў першыя дні новага года ў Мінску і іншых гарадах Беларусі многія рынкі і гандлёвыя цэнтры былі практычна пустымі — пераважная большасць ІП прыпынілі працу з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа.
4 студзеня РГА "Перспектыва" выступіла з заявай, у якой заклікала ўрад Беларусі адэкватна адрэагаваць на сітуацыю. "Адбыўся калапс рознічнага спажывецкага рынку, — адзначалася ў заяве. — Гэтыя падзеі здарыліся з-за халатнасці чынавенства, якое не надало належнай увагі сітуацыі і праігнаравала шматлікія прапановы прадпрымальніцкай супольнасці".
"У сітуацыі, якая склалася, гэта шлях вар'яцтва, інакш нельга назваць, калі падчас крызісу ў эканоміцы без сродкаў да існавання засталося прыблізна 500 тыс. чалавек (сям'і прадпрымальнікаў і тыя, хто залежаць ад іх)", — падкрэсліваюць у "Перспектыве". Грамадскае аб'яднанне прадпрымальнікаў заклікала ўрад "вярнуцца на дарогу розуму і прыняць своечасовыя адэкватныя рашэнні, з улікам меркаванняў саміх прадпрымальнікаў".
На сённяшні антыкрызісны форум запрошаныя прадстаўнікі ўрада і Адміністрацыі прэзідэнта.
БелаПАН