«Полк Каліноўскага — гэта ідэя». Камандзір ПКК сустрэўся з беларусамі Вільні

23 лістапада ў Вільні выступіў камандзір палка Каліноўскага Павел Шурмей. Абмеркавалі арышт Верамейчыка, рэформы ў палку і рэкрутынг дзяўчат.

Злева направа: экс-каліновец Аляксандр Клачко, кіраўнік прэс-службы палка Каліноўскага Эрнэст, камандзір палка Павел Шурмей. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Злева направа: экс-каліновец Аляксандр Клачко, кіраўнік прэс-службы палка Каліноўскага Эрнэст, камандзір палка Павел Шурмей. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Для сустрэчы з Шурмеем знайшлося невялічкае памяшканне ў прасторы «Замак», пара дзясяткаў чалавек запоўніла яго цалкам, распавядае «Наша Ніва». Мужчыны ў цёмным, некалькі жанчын, маскіровачная сетка, сцягі палка, Літвы і Украіны — у такім асяроддзі і выступалі каліноўцы.

Акрамя Паўла Шурмея, з наведвальнікамі гутарылі кіраўнік прэс-службы ПКК Эрнэст і былы добраахвотнік Аляксандр Клачко. Пачалі з хвіліны маўчання, каб ушанаваць памяць загінулых абаронцаў Украіны. А потым расказалі пра мэту сустрэчы — давесці інфармацыю пра перамены і рэформы ў палку. Пасля віленскай сустрэчы ў каліноўцаў запланавана яшчэ некалькі сустрэч з беларусамі ў Польшчы.

Пытанне рэформаў, расказвае Эрнэст, наспявала даўно. Гэта тычылася і фінансавай, і інфармацыйнай палітыкі палка: «Полк ішоў да стагнацыі, да таго, што пэўныя людзі хацелі ператварыць яго ў сваю прыватную вайсковую кампанію. Большасць людзей з гэтым не пагадзілася, бо людзі прыязджалі да нас з мэтай вызвалення Беларусі».

Сутнасць рэформаў падсумаваў Шурмей: пазбавіцца ад людзей, для якіх вызваленне Беларусі — гэта бізнэс. Цяпер у палку, расказваюць каліноўцы, існуе адносна добра выпрацаваная іерархія і разуменне аўтарытэтаў, няма расколаў ні ў самім палку, ні ў яго прэс-службе.

Шурмей таксама выказаўся датычна былога расколу ў прэс-службе палка: «Так сталася, што ўсе ключы ад нашых тэлеграм-каналаў у грамадзянкі Украіны, жонкі [ваяра] Ваніша (Ваніш — каліновец, адзін з асноўных фігурантаў скандалу 2022 года ў Палку Каліноўскага). Яна валодае гэтымі ключамі, і мы разумеем, што законным шляхам іх не атрымаем назад. Самае галоўнае — на жаль, ютуб-каналам цяпер валодае жонка Ваніша, а там матэрыялы, знятыя нашымі хлопцамі на баявых заданнях».

Кіраўнік прэс-службы палка Эрнэст расказаў, чым цяпер займаецца экс-кіраўнік палка Дзяніс «Кіт» Прохараў.

Паводле слоў Эрнэста, «Кіт» цяпер кіруе фондам палка, то-бок яго фінансамі: «Дзяніс «Кіт» сам перадаў свае паўнамоцтвы Паўлу Шурмею і цяпер кіруе фондам Кастуся Каліноўскага».


Глядзіце таксама

Паводле словаў Эрнэста, Прохараў працуе над высвятленнем злоўжыванняў, якія раней адбываліся ў палку. Цяпер ідзе поўная праверка фонду і праца над тым, каб палепшыць фінансавую празрыстасць у ім.

Павел Шурмей расказаў падрабязней, як Дзяніс Прохараў узначаліў фонд: «Так сталася, што Дзяніс Прохараў — грамадзянін Украіны. Таму ў пачатку 2022-га яго і зрабілі заснавальнікам фонду, ён ім і заставаўся. Але ў фонду быў і дырэктар, які займаўся ўсімі справамі. Гэта быў Ваніш.

Калі пачаліся рэформы ў палку, «Кіт» быў адзіным, хто юрыдычна адказваў за справы ў фондзе. Ваніш не жадаў добраахвотна аддаць пасаду дырэктара, [таму] гэта [звальненне] было зроблена па ўкраінскім заканадаўстве, па статуце. Мы вырашылі, што зараз разбярэмся ва ўсіх справах, якія былі ў фондзе за гэты час. На жаль, там цяжка разбірацца, бо былы дырэктар і іншыя супрацоўнікі не далі доступу ні да якіх дакументаў і не жадаюць гэта рабіць».

А потым прыйшоў час пытанняў з залы. Прадказальна, што самая гарачая сённяшняя тэма, датычная палка — лёс Васіля Верамейчыка, экс-каліноўца, якога арыштавалі ў В’етнаме і дэпартавалі ў Беларусь.

Вось як пра гісторыю Верамейчыка выказваецца цяперашні камандзір палка Павел Шурмей: «Ад самага пачатку робіцца ўсё магчымае. Каб усе зразумелі — некаторыя справы трэба рабіць ціха. Але каб нехта не сказаў, што можна замаўчаць праблему».

Паводле прадстаўнікоў ПКК, няма дакладнай інфармацыі, чаму Верамейчыку забаранілі ўезд ва Украіну, ёсць толькі версіі. Версія Васіля Верамейчыка — што ў яго быў канфлікт з былым штабам ПКК. Шурмей таксама дадаў, што часць, дзе служыў Верамейчык, дакладна не рабіла забароны на яго ўезд ва Украіну.

«Ва Украіне высвятляюць абставіны, чаму ў Васіля была забарона. Трэба ведаць, што і як было. Калі чалавек жадае трапіць ва Украіну, — нават былы ваяр, — бываюць выпадкі, калі чалавек нешта робіць, да чаго тыя ж памежнікі могуць паставіцца па-службоваму. Як і літоўская дзяржава, якая паглядзела кейс Васіля і паставіла птушачку [адносна забароны]. Калі б ён пайшоў іншым шляхам, было б па-іншаму», — падзяліўся Павел Шурмей.


Глядзіце таксама

Паводле даных Шурмея, Верамейчык спрабаваў прыехаць ва Украіну яшчэ ў 2022-м. На думку Паўла, яшчэ крыху часу — і, калі б Васіль пажадаў, ён здолеў бы трапіць ва Украіну.

Перайшлі да іншых тэм. Жанчына з зала, валанцёрка, папрасіла паставіць на кантроль дапамогу ветэранам — актуальнае на сёння пытанне. Абмеркавалі карысць парамілітарных клубаў, дзе былыя ваяры могуць дзяліцца досведам.

Таксама ў каліноўцаў запыталі пра Максіма Ралько — іншага зняволенага каліноўца, якога паказалі нядаўна ў прапагандысцкім фільме. Грамадскасці невядома, як і калі Ралько трапіў у Беларусь. Не ведаюць гэтага і ў палку, прызнаўся Шурмей: «На жаль, яшчэ падчас знаходжання ў палку Ралько паводзіў сябе так, што на яго звярталі ўвагу. Ён звольніўся недзе ў студзені 2024 года. І нам таксама ўсім цікава, як ён трапіў у Беларусь. Мы не валодаем інфармацыяй, але мы ўсе вельмі здзіўленыя. Вельмі дзіўна, што людзі трымаюць у сябе ў галаве — ваяваць супраць рэжыму і потым паехаць назад у Беларусь. Дый увогуле [дзіўна] выбіраць небяспечныя краіны ўсім тым, хто супраць рэжыму».

Далей было больш эмацыйнае пытанне. Полк прайшоў праз вялікі скандал, які ў нечым папсаваў яго рэпутацыю. Чаму ж каліноўцы, якія прыехалі ў Вільню, застаюцца ў ім?

Эрнэст адзначыў, што ў яго ўспрыманні полк Каліноўскага — гэта перадусім ідэя: «Мы паехалі [ў полк] дзеля ідэі, не дзеля Міколы ці Ваніша (каліноўцы, фігуранты скандалу ў палку 2022 года). Нас аб’ядноўвае ідэя, мы ў яе верым. У пэўным моманце мы давяралі пэўным людзям, гэтае разуменне потым змянілася. Але мы не маглі страціць полк, бо гэта ідэя, і яна будзе заставацца, пакуль не рэалізуецца ў час вызвалення Беларусі».

Яго словы дапоўніў Павел Шурмей. На думку «Дзядзькі» (пазыўны Шурмея), ніхто не зробіць нас шчаслівым за нас, не верне нас у Беларусь. Людзі павінны разумець — усё ў нашых руках. Да каліноўцаў можа быць шмат пытанняў па баявой працы, але гэта таму, што каліноўцаў павінна быць у дзясяткі разоў больш: «Трэба разумець, які выбар стаіць перад намі. Або мы застанемся ў Польшчы, Літве, нехта далей, пражывем усё жыццё ў эміграцыі, звыкнемся з гэтым. Але, калі мы жадаем вярнуцца ў Беларусь, ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі, не верне нас. Можа скласціся, што іншыя краіны за нас вырашаць наш лёс і навяжуць нам іхнія ўмовы, тады не трэба будзе гэтым умовам здзіўляцца. Вось праз гэта ўсё мы ў палку, нягледзячы ні на што.


Глядзіце таксама

Нехта мог бы сказаць: «Дзядзька», ты ж стасаваўся і з Міколам, і з Ванішам. Але ў мяне ёсць мэта — вызваленне Беларусі. Полк Каліноўскага — самае вялікае падраздзяленне, і такое, у якім наладжаны рэкрутынг. Чуў, як іншыя падраздзяленні хацелі пайсці сваім шляхам. Але рэкрутынг, адміністратыўка, тылавая праца — хто будзе гэтым займацца?»

Згадалі каліноўцаў Сяргея Дзёгцева і Яна Дзюрбейку, якія ў чэрвені 2023-га трапілі ў расійскі палон. Паводле каліноўцаў, за ўвесь гэты час пра іх не было ніякіх звестак. Дзёгцеў і Дзюрбейка ўключаныя ў абменныя спісы.

Далей перайшлі да лёсу ветэранаў ПКК. Шурмей паразважаў, што калі ваяр з’язджае з фронту, ён ужо мусіць ведаць, чым будзе займацца. У гэтым выпадку дапамога для ветэранаў — прапанаваць ім месца, дзе яны маглі б працаваць. Таксама патрэбная падтрымка параненым, тым, хто не можа працаваць, для гэтага трэба задзейнічаць фонды і рэабілітацыйныя цэнтры. Асобная ўвага патрэбная сем’ям загінулых ваяроў.

Праблемы ветэранаў — асобны боль для Аляксандра Клачко, былога каліноўца: «На сёння дэмакратычныя сілы вельмі асцярожна падымаюць пытанне ветэранаў і іх сем’яў — не кажу пра ваяроў — на міжнародным узроўні. Лічу, што тут трэба рабіць большы акцэнт. Любая нацыя не заслугоўвае існавання, калі яна не абараняе ваяроў — дзейных і былых.

Перастаньце баяцца называць рэчы сваімі імёнамі і пачніце падтрымліваць гуманітарныя кейсы ветэранаў і іх сем’яў. Гэта нашы беларусы, якія свядома зрабілі выбар бараніць свае каштоўнасці, нашу свабоду».

Яшчэ адно прыкладное пытанне — рэкрутынг. Каліноўцы асобна адзначылі, што гатовыя бачыць у сваіх шэрагах і мужчын, і жанчын. Датычна апошняй катэгорыі Шурмей расказаў пра адзін выпадак: «У шэрагах палка ёсць і ўкраінцы, і ўкраінкі. Нядаўна камандзір аднаго з баявых падраздзяленняў спытаў, ці бярэм мы дзяўчат, і скінуў кейс 19-гадовай украінкі, якая жадае да нас далучыцца. Каб усе разумелі, гэта баявое падраздзяленне. Маю надзею, што ўсё атрымаецца. Ён сказаў: не тое каб мужыкі скончыліся, але да мяне цяпер толькі жанчыны жадаюць трапіць».

На заканчэнне каліноўцы па просьбе залы паабяцалі вярнуцца з фронту жывымі і здаровымі.