Петыцыя за знос Асмалоўкі набрала 16 подпісаў
На сайце Petitions.by з'явілася спачатку петыцыя супраць зносу Асмалоўкі, а праз дзень — петыцыя за знос раёна. "Адказачка" тым, хто хоча захаваць пасляваенныя двухпавярхоўкі, набрала... 16 подпісаў! Супраць амаль 4 тысяч у першай петыцыі.
Барацьба за Асмалоўку працягваецца некалькі гадоў.
14 чэрвеня стала вядома, што Мінскія ўлады гатовыя знесці гэты гістарычны квартал у цэнтры Мінска. На месцы двухпавярховых домікаў, пабудаваных у 1940-я — 1950-я, з'явяцца жылыя дамы, дзіцячыя садкі, офісы, гандлёва-забаўляльны цэнтр і студыя гуказапісу.
Кіраўніцтва Цэнтральнага раёна сталіцы прапануе неабыякавым мінчанам узяць удзел у грамадскіх абмеркаваннях, якія пройдуць з 26 чэрвеня па 17 ліпеня.
У першы дзень абмеркаванняў у 18:30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна (Мельнікайтэ, 6) адбудзецца прэзентацыя праекта забудовы.
euroradio.fm