Падрабязнасці ператрусаў у Горадні. У чым вінавацяць журналістаў?

Алеся Дзянісава і Алеся Кайрыса могуць абвінаваціць у абразе асобы. Пра гэта журналіст і музыка Алесь Дзянісаў паведаміў у Facebook.

Алесь Дзянісаў і Аляксей Кайрыс

Алесь Дзянісаў і Аляксей Кайрыс

«Нічога пакуль што не ведаю, акрамя таго, што праводзіцца праверка ў межах крымінальнага кодэкса. То бок, нам будуць «шыць» крыміналку: паклёп і абразу, наколькі я зразумеў», — піша Алесь Дзянісаў.
Верагодна, гаворка ідзе пра абразу кіраўніцы ўчастку абслугоўвання УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні Святланы Жылінскай, якая згадвалася ў сюжэце «Белсату» ад 20.04.2018 году ў праграме «Аб’ектыў» – «Жыхары інтэрнату: «Заходзіш з дзіцём у душ – там ляжыць здохлы пацук!».
Людзі ў цывільным затрымалі гарадзенскіх журналістаў 23 ліпеня. Іх трымалі ў пастарунку 2,5 гадзіны, пасля чаго павезлі дахаты, каб правесці ператрусы. Спачатку праваахоўнікі абшукалі дом маці Алеся Дзянісава, пасля чаго ў яе здарыўся сардэчны прыступ.
«У маці нічога, зразумела, не знайшлі. Потым перайшлі ў маю кватэру. Міліцыянты паводзілі сабе, сапраўды, вельмі ветліва і карэктна. Але гэта не дапамагло. У маці ўчора быў сардэчны прыступ. Яна ніяк не можа зразумець, што ейны сын не краў, не забіваў, не рабаваў, але лічыцца злачынцам…», — напісаў Алесь Дзянісаў.
Кантакт з журналістамі абмежаваны праз канфіскаваную тэхніку, у тым ліку тэлефоны.
Паводле belsat.eu