Падчас Еўрапейскіх гульняў у Мінску ахоўнікі гатэляў змогуць аглядаць гасцей
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ з дадатковымі мерамі бяспекі да II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Дакумент набывае моц з моманту апублікавання. То бок ужо. Што змяняецца ў жыцці сталіцы?
З 20 траўня і па 30 чэрвеня сілавікі атрымліваюць права без удзелу Міністэрства інфармацыі цягам сутак заблакаваць любы сайт, які заклікае да масавых беспарадкаў, экстрэмізму, удзелу ў масавых мерапрыемствах з парушэннем заканадаўства і іншых дзеянняў, здольных дэзарганізаваць правядзенне Еўрапейскіх гульняў. І пасля накіроўваюць рашэнне пра абмежаванне доступу ў Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі для ўключэння сайта ў спіс абмежаванага доступу.
Звычайна абмежаваннем доступу да сайтаў займаецца Міністэрства інфармацыі. Цягам трох дзён яно перадае рашэнне аб блакіроўцы ў Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі. БелДІЭ ўносіць ідэнтыфікатар інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу, пасля чаго ў правайдараў ёсць яшчэ адны суткі, каб абмежаваць доступ да сайта.
Астатнія новаўвядзенні будуць дзейнічаць з 17 чэрвеня па 2 ліпеня:
На гэты час у Мінску забараняецца выкарыстоўваць беспілотнікі і авіямадэлі на спартыўных аб'ектах і ў іншых месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў, побач з гасцініцамі і ў месцах, дзе будуць размешчаныя ўдзельнікі гульняў. У тых, хто парушыць забарону, тэхніку канфіскуюць да 2 ліпеня. Выключэнне — дзяржаўная тэхніка і тэхніка, звязаная з правядзеннем Еўрапейскіх гульняў.
Указ афіцыйна робіць Еўрапейскія гульні нагодай для абмежавання руху транспарту ў Мінску. Для спынення, стаянкі і руху транспартных сродкаў, задзейнічаных у правядзенні гульняў, будуць вылучаныя спецыяльныя палосы.
Супрацоўнікі МНС змогуць праводзіць пазапланавыя праверкі і маніторынгі па пажарнай бяспецы на спартыўных аб'ектах, у гасцініцах і іншых месцах размяшчэння ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў і фан-зонах.
Пры неабходнасці да аховы грамадскага парадку могуць прыцягнуць вайскоўцаў. У гэтым выпадку яны змогуць прымяняць фізічную сілу, спецсродкі і зброю гэтак жа, як ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС.
Курсантаў могуць прыцягваць для аказання інфармацыйнай і арганізацыйнай дапамогі заўзятарам і іншым асобам пры правядзенні спартыўных мерапрыемстваў, цырымоній адкрыцця і закрыцця гульняў.
Ахоўнікам гасцініц і аналагічных месцаў, дзе будуць размяшчацца ўдзельнікі гульняў, дазваляецца праводзіць асабісты агляд, агляд рэчаў, дакументаў і транспарту гасцей.
Паводле euroradio.fm