«Пацалаваліся, трохі прайшлі ўздоўж пакоя». Муж палітзняволенай Яны Арабейкі распавёў пра вяселле ў калоніі
Палітвязняволеная па «справе студэнтаў» Яна Арабейка выйшла замуж у калоніі. Яе муж Валерый Тамілін распавёў блогу «Отражение», як усё адбывалася і чаму ён вырашыў узяць сабе прозвішча жонкі.
Яна Арабейка — палітзняволеная актывістка «Задзіночання
беларускіх студэнтаў», былая студэнтка БДПУ. Дзяўчыну затрымаў КДБ 12
лістапада 2020 года, а пасля яе абвінавацілі па арт. 342 («Арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх») КК РБ. У траўні 2021 года актывістку асудзілі на 2,5 гады
калоніі па «справе студэнтаў».
З Янай яе будучы муж Валерый Тамілін пазнаёміўся летам 2020
года. «Яна вельмі прыгожая, разумная, мілая. З ёй весела і лёгка, таму яна
мне адразу спадабалася, — - распавядаў малады чалавек. — На той момант у
мяне была дзяўчына, з якой мы два гады сустракаліся, адносіны ў нас ішлі да
растання, але завяршыць іх з-за раптам ўзніклай рамантычнай прыхільнасці я не
адважыўся. Да жніўня мы з Янай проста актыўна размаўлялі, а потым у маім жыцці
пачалася нейкая дзічына <...>».
Пасля затрымання Яны стрэс быў такім, што 10 дзён малады
чалавек не мог устаць з канапы, адчуваў сябе «нібы паралізаваным». 23
лістапада ён напісаў Яне першы ліст. Затым расстаўся з дзяўчынай (цяпер яны
добрыя прыяцелі) і пачаў прабіваць, чым і як дапамагчы затрыманай студэнтцы.
З блізкіх Яны Валерый больш за ўсіх размаўляе з яе старэйшай
сястрой Аняй. Калі сяброўку затрымалі, праз сяброў ён даведаўся Анін телеграм і
лаканічна напісаў: «Я — Валера, сябар Яны. Буду насіць перадачы». Яна
адказала: «Добра».
Падчас перапіскі маладыя людзі вырашылі, што калі Яну
адправяць на «хімію» або ў калонію, то яны пажэняцца.
— З моманту падачы дакументаў прайшло некалькі месяцаў.
Сумарна мы прачакалі з ліпеня. Спачатку Яна была ў СІЗА на Валадарскага ў
Мінску, потым яе перавялі ў Гомель, потым з Гомеля зноў у Гомель, толькі ўжо ў
калонію.
— Як усё прайшло?
— З бацькам на машыне прыехалі ў ЗАГС, забралі супрацоўніцу
і паехалі на месца. На паркоўцы выявілі, што машына не заводзіцца. Я схадзіў
пабраўся шлюбам і вярнуўся. Унутры было так: зайшлі ў невялікі пакой. Нас
распісалі, мы абняліся, пацалаваліся, трохі прайшлі ўздоўж пакоя, па калідоры і
ўсё. Па-свойму ўсё было нядрэнна. Я вярнуўся да машыны, каб вырашаць пытанне
нашага вяртання. Прыйдзецца ехаць на эвакуатары. Я быў вельмі рады бачыць Яну пасля
такога доўгага перапынку, было шмат розных эмоцый. Усё змяшалася: я мала спаў у
папярэднюю ноч, сітуацыя з машынай, сам роспіс.
— Чаму вы вырашылі ўзяць сабе прозвішча жонкі?
— Тут няма нейкага вялікага сэнсу, я так калісьці сабе прыдумаў і першапачаткова хацеў, што, калі буду жаніцца, то вазьму прозвішча жонкі. І вось я ажаніўся. Можна, вядома, доўга рэфлексаваць з дадзенай нагоды. Я чакаў, што можа быць перадумаю, але ў выніку рашэнне не памяняў.