Незалежная прэса жыве…
3 мая прэса планеты Зямля адзначае сваё прафесійнае свята — Сусветны дзень свабоды друку. Прэса — гэта проста люстэрка дзяржавы і грамадскасці. І што ўжо скардзіцца на люстэрка, калі морда такая.
Гэты дзень зацверджаны ААН як штогадовы напамін міжнароднай супольнасці пра тое, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Але што да Беларусі, то можна сказаць: наша краіна — не «міжнародная супольнасць». У нас свой Дзень друку — 5 мая, у дзень выхаду газеты «Праўда», праз якую дзядуля Ленін сцвярджаў, што «газета — гэта не толькі калектыўны прапагандыст і агітатар, але і калектыўны арганізатар». Заўважым, што пра «інфармаванне калектыву» тут няма ані слова: выключна прапаганда і агітацыя.
Спачатку некаторыя несуцяшальныя для недзяржаўных журналістаў лічбы. Згодна з сакавіцкім апытаннем Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва), незалежнай прэсе давяраюць 28,8% апытаных. Падаецца, лічба неблагая — каля траціны насельніцтва. Але гэты ўзровень знізіўся з 48,1% у снежні 2012 года. Не давяраюць незалежным СМІ 50,2%.
Здавалася б, дзяржава павінна пляскаць у ладкі і ўвогуле забыцца на недзяржаўную прэсу пры такой дынаміцы. Але падзеі з пачатку гэтага года сведчаць, што 2013-ты будзе чарговым выпрабавальным годам для беларускай незалежнай журналістыкі: ціск улады на недзяржаўныя СМІ значна ўзмацніўся.
З пачатку года фактычна зачынены культурніцкі часопіс «ARCHE-пачатак». У трэці раз адмовілі ў адкрыцці карпункта тэлеканала «Белсат». Толькі на апошнім «Чарнобыльскімшляху» былі затрыманыя чатыры журналісты, і яшчэ двое ў гэты ж дзень — у Астраўцы. Двое з затрыманых у Мінску — Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч з «Радыё Рацыя» — атрымалі па трое сутак арышту. За гэты месяц «невядомыя хакеры ў цывільным» паспрабавалі «пакласці» чатыры незалежныя сайты. Улада па-ранейшаму не дапускае недзяржаўныя выданні ў манапалізаваную сетку распаўсюду.
Можа быць, таму што «незалежныя» — не прапагандысты і не агітатары. Яны ж проста акыны — што бачаць, тое і пяюць. І не іх віна ў тым, што бачаць яны іншую Беларусь — вельмі адрозную ад той, што паказваюць па тэлебачанні. Бо адна справа — гэта адлюстраваць візіт прэзідэнта на ферму, калі там усё вычышчаюць і мыюць, а іншая — штодзённую працу даяркі. А жыццё ж складаецца не з візітаў прэзідэнта, а з той самай штодзённай працы! І ўмовы гэтай працы павінны быць забяспечаныя незалежна ад таго, ці ёсць побач прэзідэнт, ці яго няма.
Абсалютна абсурднае рашэнне па альбоме «Прэс-фота Беларусі–2011», калі суд і КДБ прызналі фотаздымкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паказвае, наколькі небяспечны для ўлады «незамылены» погляд на беларускае грамадства.
Ён страшэнна небяспечны, такі погляд. Па-першае, улада памятае, чым скончылася «галоснасць» у СССР, а па-другое, «прапагандысты і арганізатары», нягледзячы на шматмільённыя датацыі, не выконваюць сваёй прапагандысцкай функцыі. Паводле таго ж даследавання НІСЭПД, рэйтынг даверу да дзяржаўных СМІ яшчэ горшы, чым у недзяржаўных, — 28,1%, а не давяраюць «прапагандзе» 53,6%.
Пра прэсу існуе маса больш прыемных ідыём. Маўляў, гэта і «чацвёртая ўлада», і «старажавы сабака дэмакратыі». Лухта гэта ўсё, асабліва наконт сабакі. Адзінае, на што здольная прэса, — гэта давесці факты да грамадства. А грамадства ўжо само вырашае, як на гэтыя факты рэагаваць, і ці рэагаваць увогуле. Прэса — гэта проста люстэрка дзяржавы і грамадскасці. І што ўжо скардзіцца на люстэрка, калі морда такая…
Адзінае, што не можа зразумець любая таталітарная дзяржава: барацьба ў сучасных умовах са свабодай прэсы — справа марная. Калі нават у СССР існаваў самвыдат, то што казаць пра сённяшні дзень з поўным доступам да аргтэхнікі? Калі нават у Кітаі з іх «вялікім фаерволам» на інтэрнэт знаходзяцца дысідэнты?
Уладзе варта зразумець толькі адно: незалежная прэса зусім не з’яўляецца яе ворагам, а наадварот — памагатым. У самым прымітыўным варыянце: адкуль бы ўлада даведалася пра карупцыю, калі б не свабода слова?
Так што недзяржаўная прэса жыве і плануе жыць надалей. А ўжо што думае на гэты конт сама дзяржава — справа другасная.