На радзіме не бачаць перспектыў. Беларусы гадзінамі стаяць у чэргах, каб атрымаць апастыль на дыплом (фота)
У Мінску на Казлова, 28 ужо некалькі дзён раніцай выстройваюцца доўгія чэргі. У будынку знаходзіцца Дэпартамент кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі — адзінае месца ў Беларусі, дзе можна «легалізаваць» для замежных краін свой дыплом аб адукацыі. Сёлета тут назіраецца асаблівы ажыятаж, піша «Еўрарадыё».
11:30 — да закрыцця дэпартамента застаецца паўгадзіны, а
перад уваходам у будынак яшчэ каля ста чалавек. Усе яны спадзяюцца забраць свае
дакументы з апастылем, які дазваляе паехаць вучыцца за мяжу або ўладкавацца там
на працу па спецыяльнасці.
Перад Яўгеніяй у чарзе тры чалавекі, яна прастаяла ў чаканні
сваіх дакументаў ужо дзве з паловай гадзіны.
— Я планую паступаць у магістратуру ў Польшчу. У Беларусі не
бачу перспектыў ужо. Калі прыходзіла афармляць дакументы, то таксама прастаяла
ў велізарнай чарзе. Учора, кажуць, наогул каля 300 чалавек было. Праблема ў
тым, што попыт вялікі, а працуюць там усяго два чалавекі на выдачу дакументаў і
прыманне, — расказвае мінчанка.
— Так, сама працэдура хуткая, але людзей занадта шмат, —
дадае Юрый, які таксама нудзіцца ў чарзе. — Я афармляю дакументы для сябе і
жонкі, мы збіраемся паехаць у Швецыю. Магчыма, дыплом нам там спатрэбіцца. Стаю
ўжо больш за дзве гадзіны.
Чакаюць сваёй чаргі і кур'еры, якія не першы год забіраюць
дакументы для сваіх заказчыкаў. Па іх словах, такога ажыятажу, як сёлета, яны
не назіралі.
— У 2020-м тут было зусім мала людзей праз лакдаўн у многіх
краінах. Пазалетась таксама былі чэргі, але не такія, — кажа кур'ер.
Мінчукі скардзяцца, што доўгія чэргі цяпер выстройваюцца і ў
консульскае ўпраўленне МЗС, дзе таксама прастаўляюць апастылі на дакументы.
Статыстыка выдадзеных беларусам віз і відаў на жыхарства б'е
рэкорды. Калі ў 2019 годзе Польшча выдала беларусам каля 9 тысяч ВНЖ, то ў
2021-м, пры захаванні тэмпаў міграцыі (5000 ВНЖ за 4 месяцы 2021-га), беларусы
атрымаюць каля 15 тысяч відаў на жыхарства.
Большасць беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, —
высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку айцішнікі. Ужо больш за 10%
беларускіх IT-спецыялістаў пераехалі ў Польшчу па праграме Poland Business
Harbour.
У Літве ў перыяд з 1 жніўня 2020 года да 15 лютага 2021 года
па часовы від на жыхарства звярнуліся больш за 9 тысяч беларусаў. Амбасады і
консульствы Літвы за гэты перыяд выдалі нашым грамадзянам больш за 12 тысяч
нацыянальных віз.