Міністэрства культуры адказала пра закон аб бел-чырвона-белым сцягу

Адказ прыйшоў на імя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, паведамляе «Радыё Свабода».



Ілюстрацыйнае фота. Апазіцыйная акцыя «Парад сцягоў» у Мінску. 21 жніўня 2015 года

Ілюстрацыйнае фота. Апазіцыйная акцыя «Парад сцягоў» у Мінску. 21 жніўня 2015 года

«Калі казаць коратка, то адказ можна звесці да аднаго сказу: гэта пытанне не нашай кампетэнцыі» — сказала 8 кастрычніка «Свабодзе» Канапацкая.

Паводле яе, паколькі ў лісце з Міністэрства культуры, як, дарэчы, і ў адказах яшчэ з двух міністэрстваў — унутраных спраў і юстыцыі, няма стаўлення міністэрстваў да законапраекту і бел-чырвона-белага сцяга, то давядзецца звяртацца ў іншыя інстанцыі. «Куды канкрэтна, мы вырашым з маёй калегай Аленай Анісім, таму што законапраект аб бел-чырвона-белым сцягу мы рыхтавалі супольна», — удакладніла Канапацкая.

Абедзве дэпутаткі выказвалі думку, што трэба дазволіць вольнае выкарыстанне гістарычнага сцяга ў Беларусі, у тым ліку дзяржаўнымі ўстановамі, і абараніць яго ад неправамерных перашкод у выкарыстанні.

Пазіцыя МУС: «У пададзеным праекце закону няма нарматыўных праўных загадаў і даручэнняў», якія датычацца ведамства.

Пазіцыя Міністэрства юстыцыі: «Законапраект неабходна ўзгадніць з шэрагам дзяржаўных органаў, у прыватнасці з Міністэрствам культуры». 

Што важна ведаць аб законапраекце пра бел-чырвона-белы сцяг 

14 траўня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прэзентавала грамадскасці законапраект аб выкарыстанні і ахове бел-чырвона-белага сцяга.

  • Дакумент накіравалі ў міністэрствы культуры, унутраных спраў і юстыцыі.
  • Раней кампаніямі за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці займаліся «Арт Сядзіба», «Гавары праўду» і «Малады Фронт»​.
  • Дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь бел-чырвона-белы сцяг быў з 1991 па 1995 год.

www.svaboda.org